Новым героем папулярнай расійскай дзіцячай перадачы «Спокойной ночи, малыши!» стане тыгр, абвясціў старшыня савета дырэктараў тэлекампаніі «КЛАС!» Аляксандр Мітрашэнкаў.

Тыграня з'явіцца ў эфіры канала «Россия 1» у канцы кастрычніка, да 50-гадовага юбілею праграмы. У адрозненне ад астатніх персанажаў будзе выкананы ў тэхніцы 3D-анімацыі.

Па словах Мітрашэнкава, ідэю з'яўлення новага героя перадачы падказаў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

«Было шмат розных ідэй, сярод якіх ваўчаня, малпачка і жыраф, можа быць, конь», — апісаў ён працэс, у выніку якога спыніліся на тыгры.

У маі расійскія СМІ паведамлялі, што кіраўнік расійскай дзяржавы выпусціў на волю траіх асірацелых амурскіх тыгранятаў, якіх у заказніку падрыхтавалі да самастойнага жыцця ва ўмовах дзікай прыроды.

Мітрашэнка заявіў, што, калі гледачы ўбачаць персанажа, «шмат каму стане зразумела, якое дачыненне прэзідэнт мае да гэтай гісторыі».

У верасні 2012 года Пуцін здзейсніў навучальны палёт на мотадэльтаплане з чарадой жураўлёў-стэрхаў. Мэтай праекта «Палёт надзеі» было аднаўленне папуляцыі стэрхаў, унесеных у Чырвоную кнігу.

Праграма «Спокойной ночи, малыши!» ў эфіры з верасня 1964 года. Лялечныя персанажы мяняліся год ад года. На працягу многіх гадоў галоўнымі героямі застаюцца Хруша, Сцяпашка, Філя, Каркуша і Мішутка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?