Заходнія санкцыі ў дачыненні да Расіі могуць паўплываць як на кошт крэдытаў беларускіх банкаў, так і на працу беларускіх прадпрыемстваў з расійскім капіталам.

Такое меркаванне выказаў фінансавы аналітык Даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.»На фоне санкцый беларускія банкі з расійскім капіталам могуць сутыкнуцца з пэўным адтокам сродкаў расійскіх акцыянераў разам з падаражэннем рэсурсаў, што выдзяляюцца расійскімі мацярынскімі банкамі», — мяркуе Муха.

Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі, адзначыў аналітык, ужо паведаміла, што расійскія банкі пасля ўвядзення заходніх санкцый павысілі кошт крэдытаў для прадпрыемстваў.

Цяпер расійскім банкам, якія трапілі пад санкцыі Еўрасаюза і ЗША, належыць некалькі даччыных банкаў у Беларусі («БПС-Ашчадбанк», «Банк БелЗЭБ», «Белгазпрамбанк», «Банк ВТБ (Беларусь)»).

«На долю расійскіх інвестараў прыпадае 44,2% знешніх даўгавых абавязацельстваў даччыных беларускіх банкаў. Таму адток сродкаў расійскіх рэзідэнтаў з пасіваў банкаўскага сектара можа прывесці да запавольвання тэмпаў крэдытавання і эканамічнага росту ў Беларусі», — мяркуе Муха.

Акрамя таго, аналітык звярнуў увагу на той факт, што рызыка адтоку сродкаў расійскіх інвестараў тычыцца не толькі банкаў, але і беларускіх прадпрыемстваў з расійскім капіталам. «Па стане на 1 студзеня 2014 года ў Беларусі дзейнічала 2.746 прадпрыемстваў з расійскімі інвестыцыямі, што складае 35,7% ад агульнай колькасці беларускіх арганізацый з замежнымі інвестыцыямі», — адзначыў эксперт.

У верасні Еўрасаюз і ЗША ў сувязі з расійска-ўкраінскім узброеным канфліктам увялі новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі. Пад санкцыі трапілі расійскія энергетычныя кампаніі («Раснефць», «Газпром нефць» і «Транснефць»). Санкцыі дзейнічаюць і ў дачыненні да шэрагу буйных расійскіх банкаў («Ашчадбанк», «Газпрамбанк», «Рассельгасбанк», а таксама «ЗЭБ» і «ВТБ»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?