Ва ўзросце 65 год пайшоў з жыцця выбітны грамадскі актывіст, каардынатар аргкамітэту БХД у Валожыне Георгій Мікалаевіч Каржанеўскі.

Георгій Мікалаевіч нарадзіўся 2 студзеня 1949 г. у вёсцы Аўдзеевічы Навагрудскага раёна. У 1967 г. скончыў Пінскі гідратэхнікум, а ў 1977 г.– Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер-гідратэхнік. У 1977 годзе быў уганараваны дыпломам «За лепшую навуковую студэнцкую працу ў СССР». Георгій Мікалаевіч працаваў на будаўніцтве ленінградскай АЭС, Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, на прадпрыемстве «Мінскводстрой», пазаштатным карэспандэнтам выданняў «Полесская правда», «Знамя Юности», «Советская Беларусь», «Сельская газета», «Слава працы» і інш..

Георгій Мікалаевіч паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Каржанеўскіх, першая ўзгадка пра які датуецца яшчэ часамі ВКЛ. Продкі Георгія Мікалаевіча былі ўдзельнікамі паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі, паўстання 1830-1831 гадоў, паўстання К. Каліноўскага 1863 года. Георгій Каржанеўскі ўвесь час адчуваў непарыўную сувязь з мінуўшчынай. Апошнім часам Георгій Мікалаевіч рыхтаваў да выдання сваю кнігу «Мікола Гусоўскі і яго час», але апублікаваць не паспеў. У рукапісах кнігі аўтар звяртаецца да Маці Божай, расказвае аб св. Яцэку Адравонжу і Міколе Гусоўскім, радзіма якога, магчыма, была акурат у Валожынскім краі

У 1951 годзе бацьку Георгія Каржанеўскага, Мікалая Навумавіча, які адмовіўся ўступаць у калгас, абвінавацілі па трох артыкулах, у тым ліку ў шпіянажы і падрыхтоўцы ўзброенага паўстання супраць савецкай улады. Бацьку выслалі ў рэспубліку Комі, дзе той знаходзіўся спачатку ў турме, а потым на пасяленні. Хаця рэабілітаваны Мікалай Навумавіч быў у 1990-м, дамоў патрапіць змог толькі ў 1993 годзе. Георгій Мікалаевіч шмат разоў наведваў Комі, змагаючыся за вызваленне бацькі, сабраў і апублікаваў звесткі аб загінуўшых ахвярах ГУЛАГу, усталяваў на месцы лагерных пахаванняў Беларускія Крыжы памяці. Ушанаванне продкаў заўсёды было для Георгія Мікалаевіча адным з галоўных правіл у жыцці.

Апошнія некалькі год Георгій Мікалаевіч самаахвярна змагаўся супраць бязмежжа валожынскіх чыноўнікаў, зрабіў шмат, каб спыніць будаўніцтва жылых дамоў на месцы масавых пахаванняў ахвяраў Халакосту на Валожынскім стадыёне і ўшанаваць памяць загінуўшых: ладзіў сустрэчы з неабыякавымі людзьмі, арганізоўваў пікеты, зборы подпісаў у Беларусі і за мяжой, звяртаўся да чыноўнікаў усіх узроўняў…

Шмат сіл аддаў Георгій Мікалаевіч змагаючыся супраць незаконнага, у абыход экалагічных нормаў, будаўніцтва свінакомплексу паблізу Налібоцкай пушчы. На думку Г.М.Каржанеўскага, тое, з якім грэбаваннем экалагічных нормаў пабудаваны свінакомплекс, можа прывесці да экалагічнай катастрофы ў Валожынскім раёне.

Георгій Мікалаевіч ніколі не ставіў сваёй задачай крытыку ўладаў ці бізнэсоўцаў. Ён звяртаўся да ўсіх, да каго толькі мог, са сваімі распрацаванымі прапановамі каб «…уратаваць прыроду роднага Краю, сваю зямлю, сваю ваду, свае лясы — каб людзі выжыць змаглі».

Праз сваю дзейнасць, як у савецкія часы, так і ў навейшай гісторыі, Георгій Мікалаевіч неаднаразова падвяргаўся ціску.

Памёр Георгій Каржанеўскі 20 верасня ў выніку інсульта. Імша на пахаванне прайшла ў Валожынскім касцёле святога Юзафа, пахаванне адбылося 21 верасня ў вёсцы Нягневічы Навагрудскага раёна.

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя шчыра смуткуе з прычыны смерці Георгія Мікалаевіча і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім. Георгій Мікалаевіч быў вельмі смелым і мужным чалавекам, чалавекам шляхецкага гонару, актыўным і мэтанакіраваным актывістам, патрыётам сваёй зямлі, змагаром за светлую будучыню Беларусі.

Вечны адпачынак дай яму, Госпадзе, а Святло вечнае няхай яму свеціць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?