Падлеткі не матываваныя лячыцца ад нарказалежнасці. Такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі 23 верасня ў Мінску загадчыца падлеткавага аддзялення ўстановы аховы здароўя «Гарадскі клінічны наркалагічны дыспансер» Людміла Шпакоўская. 

«Медыцынская дапамога падлеткам аказваецца ў поўным аб'ёме, але праблема заключаецца ў тым, што, па-першае, дзіця можа трапіць да нас, калі ўсе меры апазніліся, а па-другое, пацыенты, якія ўжываюць наркотыкі, часта не гатовыя адмовіцца ад іх», — падкрэсліла яна. 

«У падлеткаў няма матывацыі на лячэнне, таму толькі заканадаўча і толькі прымусова на нейкім этапе мы іх можам прыцягнуць», — адзначае Шпакоўская. 

Паводле яе слоў, паставіць на ўлік можна падлетка, калі ёсць дакумент аб тым, што ён ужывае наркотыкі. «Ёсць выпадкі, калі дзіця затрымліваецца за падазрэнне, на яго заводзіцца крымінальная справа, але не даказваецца, што яно ўжывала. Мы яго назіраем у кантрольнай групе і з ім праводзім прафілактычную працу», — адзначыла Шпакоўская. 

Яна таксама падкрэсліла, што калі дарослы чалавек звярнуўся да ўрача-нарколага, то з ім няма праблем па прызначэнні лекаў. «З падлеткам іншая сітуацыя. Без бацькоў мы не маем права выпісваць ім прэпараты, а бацькі не ведаюць аб гэтым. Таму і праводзіцца прафілактычная праца. Калі хтосьці заўважыць, з'явіцца афіцыйная папера, тады мы маем права выклікаць бацькоў. Без апошніх праца з дзецьмі вельмі праблематычная», — адзначае загадчыца аддзялення. 

«Статыстыка сведчыць, што ў Мінску стабілізавалася сітуацыя са спажываннем наркотыкаў падлеткамі. Вельмі актыўна ў апошні час праводзіцца праца па раннім выяўленні дзяцей, якія ўжываюць наркотыкі. Установы адукацыі паведамляюць пра факты ўжывання, складаюцца пратаколы, і такія дзеці накіроўваюцца да ўрачоў-нарколагаў, праходзяць неабходнае лячэнне і атрымліваюць псіхалагічную дапамогу», — адзначыла Шпакоўская. 

Паводле яе слоў, летась прайшлі навучанне 450 школьных псіхолагаў па выяўленні ўжывання наркотыкаў навучэнцамі і правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў. У школах і іншых установах адукацыі перад дзецьмі і бацькамі выступаюць урачы-нарколагі, прадстаўнікі МУС, праводзяцца круглыя сталы, прэс-канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы па прафілактыцы наркатычнай залежнасці ў падлеткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?