Сёлета 7 верасня ў Заслаўі было абвешчана, што наступны Дзень нашага пісьменства адбудзецца ў Шчучыне. Іваноўскі, Стацкевіч, Цётка — гэтых ураджэнцаў Шчучыншчыны трэба абавязкова ўшанаваць на Дні пісьменства — 2015.

Шчучын — удалы выбар. З гэтага свята, як і з ганцавіцкага ды глыбоцкага, можа атрымацца памятная падзея.

Калі вядзеш гаворку пра Шчучынскі раён, першае імя, якое прыходзіць на памяць, — Цётка. Паэтка, рэдактарка часопіса для падлеткаў «Лучынка», заснавальніца першых беларускіх школ…

Алаіза Пашкевіч, вядомая пад сваім паэтычным псеўданімам Цётка.

Алаіза Пашкевіч, вядомая пад сваім паэтычным псеўданімам Цётка.

Яна ў літаральным сэнсе слова жыццё сваё паклала за свой люд. Памерла, ратуючы параненых і хворых у час Першай сусветнай.

Мы павінны памятаць, што панна Алёйзія Пашкевічанка, дачка багатага, але, як сведчыў Антон Луцкевіч, малакультурнага шляхціца, прыйшла, а дакладней вярнулася, да свайго народа, звярнулася да яго мовы пад уплывам сына іншага багатага шляхціца — Вацлава Іваноўскага.

Ніхто ніколі не скажа, як так сталася, што падлетак Вацюк Іваноўскі, сын цывільнага генерала, адчуў сябе беларусам. І сваю беларускасць гэты хлапчук не саромеўся дэманстраваць у V варшаўскай гімназіі, якая дала не аднаго вядомага дзеяча польскай дзяржавы.

Не зафіксавана, дзе паніч Іваноўскі і панна Пашкевічанка сустрэліся першы раз. Ва ўмовах паліцэйскага рэжыму шляхта і шляхецкая моладзь выкарыстоўвала для сустрэч і абмеркавання мясцовых і нацыянальных праблем такія нагоды, як хрэсьбіны, імяніны, вяселлі.

Вацлаў Іваноўскі.

Вацлаў Іваноўскі.

Не выключана, што Вацлаў Іваноўскі і Алёйзія Пашкевічанка сталі сябрамі пасля аднае з такіх сустрэч. І калі панна Алёйзія пасля вучобы ў Вільні паехала вучыцца ў Пецярбург, там ужо была калонія моладзі з Віленскай губерні, якая пад кіраўніцтвам Вацлава Іваноўскага пачала ствараць першую беларускую палітычную партыю.

Там, у Пецярбургу, у 1902 годзе быў заснаваны і Круг беларускай прасветы і культуры.

Панна Алёйзія, стаўшы беларускай, наварочвала ў сваю новую веру іншых маладых людзей. Так было з Феліксам Стацкевічам. Гэты малады бунтар, атрымаўшы дазвол зноў жыць у сталіцы імперыі, увосень 1902 года ад знаёмага студэнта-паляка з карэннай Польшчы даведаўся, што сярод студэнтаў ёсць група беларусаў. Гэты ж паляк і пазнаёміў яго з беларусамі. «Са здзіўленнем, — успамінаў Стацкевіч, — я ўбачыў сярод іх сына аднаго ўласніка недалёкага ад Шчучына маёнтка — паляка Іваноўскага. Яны тлумачылі, што польская шляхта на Беларусі — гэта спольшчаныя беларусы. Я лёгка згадзіўся з імі і з таго часу стаў беларусам».

Калі аўтар першага беларускага лемантара ХХ ст. Вацлаў Іваноўскі быў першым беларускім кнігавыдаўцом, заснавальнікам славутай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», дык будучы дырэктар Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны, старшыня Таварыства беларускай школы і адзін з заснавальнікаў часопіса «Беларускі летапіс» Фелікс Стацкевіч у бурныя дні рэвалюцыі 1905—1907 гг. трымаў нелегальную друкарню Беларускай Сацыялістычнай Грамады на Гандлёвай вуліцы ў Менску.

Фелікс Стацкевіч трымаў беларускую падпольную друкарню.

Фелікс Стацкевіч трымаў беларускую падпольную друкарню.

Аганёк (такая была партыйная мянушка Стацкевіча) надрукаваў тысячы ўлётак.

…Праз год на радзіме Вацлава Іваноўскага і Фелікса Стацкевіча будзем святкаваць Дзень беларускага пісьменства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0