Пры канцы мінулага і ў студзені гэтага году ўсіх, хто меў хоць якія ашчаджэньні, тым больш рахунак у банку, насьцярожыла адна чутка: будзе дэнамінацыя беларускага рубля! Што такое тая дэнамінацыя, памяталі, відаць, ня ўсе, ды слова надта страшнае.

А яшчэ вельмі падобнае да другога страшнага слова — дэвальвацыя. Разьбірацца, якая розьніца паміж гэнымі пачварамі, не ставала часу. Не супакойвалі нават «запэўніваньні» Нацыянальнага банку, які абяцаў «прыкласьці ўсе намаганьні, каб пазьбегнуць дэвальвацыі». У выніку замест таго, каб несьці грошы ў банкі, шмат хто пайшоў зь імі ў валютныя шапікі ды набыў даляры ці эўра. А пасьля, як усё сьцішылася, такі панёс тыя даляры ў банкі. З таго часу мінуў амаль год, ды падышоў час чарговага падвышэньня цэнаў на расейскі газ. А разам зь ім і пытаньне: што рабіць з ашчаджэньнямі?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, можна паглядзець на тое, што адбывалася на валютным рынку краіны цягам дзевяці месяцаў 2007 году. Пра праблемы канца мінулага — пачатку гэтага году мы ўжо ўзгадвалі — тады насельніцтва за два месяцы прадало валюты амаль на 350 мільёнаў даляраў меней, чым набыло. За гэтыя ж два месяцы беларускія ды замежныя прадпрыемствы таксама набылі больш валюты, чым прадалі. Агульны дэфіцыт валютнага рынку склаў больш за паўмільярда даляраў. Але ж тады Нацбанк знайшоў у сваіх рэзэрвах грошы, каб утрымаць рубель. Літаральна ў лютым хваляваньні сьцішыліся, а з сакавіка валютныя рэзэрвы краіны пачалі патроху павялічвацца. На пачатак кастрычніка яны дасягнулі нечуванай для Беларусі велічыні — 3,1 мільярда даляраў (паводле мэтадалёгіі Нацбанку).

Але ці шмат гэта для Беларусі, ці хопіць, каб утрымаць курс рубля? Ёсьць некалькі падыходаў да ацэнкі ўстойлівасьці нацыянальнай валюты. Міжнародны валютны фонд разглядае валюту як стабільную, калі валютныя рэзэрвы краіны роўныя кошту трох месяцаў імпарту тавараў і паслугаў. За апошнія дванаццаць месяцаў мы імпартавалі тавараў і паслугаў амаль на 28 мільярдаў даляраў, ці 2,3 мільярды ў сярэднім на месяц. То бок рэзэрваў Нацбанку хопіць, каб набыць імпарт амаль што за паўтара месяца, ці ў два разы меней за крытэр МВФ.

І ўсё ж, перш чым бегчы ў банк ды забіраць адтуль свае ашчаджэньні, давайце прыгадаем, ці рабілі вы гэта на год‑два раней. Валютныя рэзэрвы Нацыянальнага банку ўпершыню ў гісторыі дасягнулі кошту месяца імпарту толькі ўлетку. І ў 2003, і ў 2004, і ў 2005 гадох курс беларускага рубля адносна даляра не мяняўся, прычым рэзэрвы рэдка калі былі большымі за кошт імпарту паловы месяца. Такім чынам, крытэр МВФ — цікавы паказьнік доўгатэрміновай стабільнасьці нацыянальнай валюты, але, убачыўшы яго невыкананьне, ня варта бегчы ў банк ды губляць налічаныя адсоткі.

Але ж попыт на замежную валюту залежыць ня толькі ад велічыні імпарту. Няцяжка здагадацца, што калі Нацбанк надрукуе шмат рублёў для выплаты заробкаў ды падтрымкі айчынных вытворцаў, то даволі хутка гэтыя рублі трапяць на валютны рынак. У гэтым выпадку рэзэрвы могуць скончыцца вельмі хутка. Праўда, і на гэты раз чакальнікі крызісу расчаруюцца. У беларускім Нацбанку працуюць людзі, якія добра ведаюць, што такое «пакрыцьцё грашовай базы валютнымі рэзэрвамі». Гэтае самае пакрыцьцё цяпер перавышае 100%, то бок Нацбанк можа набыць усе рублі, якія знаходзяцца ў абарачэньні, за замежную валюту. Ізноў жа, нядаўняя беларуская гісторыя ведала часы, калі рублёў было надрукавана болей, чым мелася рэзэрваў, ды гэта ня шкодзіла валютнаму курсу.

Калі вы ўсё яшчэ вагаецеся, то аргумэнты ў бок нацыянальнай валюты яшчэ ня скончыліся. І галоўны зь іх — гэта стымулы беларускіх уладаў. Паспрабуйце паставіць сябе на іх месца. Ці былі б вы зацікаўленыя ў дэвальвацыі? Якія наступствы яна мела б для эканомікі? І, галоўнае, якія наступствы для вашае ўлады?

Самае відавочнае — дэвальвацыя пацягнула б вашых выбаршчыкаў у банкі па свае дэпазыты ў рублях. А ўжо з рублямі — на валютны рынак, дзе й бязь іх ня ўсё добра. Адсюль — яшчэ большая дэвальвацыя ды, як вынік, канчатковая страта даверу да нацыянальнай валюты. Больш за тое, калі вы абяцалі ім, што іхны заробак складзе пэўную колькасьць даляраў, то вы маеце шанец парушыць свае абяцанкі. Апошняя «прыемнасьць», якая вас чакае, гэта адказ банкаў, у якіх вы папросіце крэдытаў на падтрымку прадпрыемстваў: «Няма грошай». Бо грошы забярэ насельніцтва. Калі такое прысьніцца, то за ноч можна пасівець. Якія ўжо тут стымулы…

Аднак ёсьць жаданае, а ёсьць магчымае, якія далёка не заўжды супадаюць. Да вашага начнога жаху далучаюцца цэны на газ, нафту ды прагнае жаданьне вашага электарату купляць не беларускае, а чамусьці выключна замежнае. Вядома, Нацбанк, гэты нястомны барацьбіт з інфляцыяй, дэвальвацыяй ды іншымі наваламі, на варце. Але дзе ён бярэ валюту для папаўненьня сваіх рэзэрваў?

У параўнаньні зь лютым рэзэрвы павялічыліся на 1,3 мільярды даляраў. Палова гэтай сумы прыйшла ад продажу 12,5 % акцыяў Белтрансгазу. Яшчэ частка, відаць, трапіла ў рэзэрвы пасьля продажу «Вэлкому». Астатняе — гэта грошы, пазычаныя беларускімі прадпрыемствамі і банкамі на кароткі тэрмін. Прычым пазычана было шмат больш. І гэтыя грошы мы мусім аддаць ужо на пачатку 2008 году. Вядома ж, можна пазычыць яшчэ, і без асаблівых цяжкасьцяў — нават Расея, здаецца, паабяцала паўтара мільярда крэдыту. Але чаму тады Лукашэнка ды іншыя вышэйшыя чыноўнікі так хвалююцца з прычыны падвышэньня дэфіцыту замежнага гандлю? Відаць, таму што да наступных выбараў трэба працягнуць ня год, а тры. На гэты тэрмін ва ўладаў павінная быць канцэпцыя прыцягненьня замежнай валюты. А, акрамя пазыкаў, існуе толькі адна яе крыніца — гэта замежныя інвэстыцыі. Лепей за іншых гэта разумее Нацбанк, дзякуючы намаганьням якога можна без асаблівае асьцярогі захоўваць свае рублі, даляры ці эўра ў беларускіх банках. Пакуль што можна…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?