У мяне шмат недахопаў, як і ў большасці людзей, але на адзін усё ж больш, чым у іншых. Я — радыёаматар. Вось ужо каля паўстагоддзя.

Радыёаматары — увасабленне сапраўднага інтэрнацыяналізму. Людзі ўсіх краін, усіх рас, усіх веравызнанняў камунікуюць паміж сабой, незалежна ад палітычнай кан’юнктуры. Яны могуць пагаварыць з інжынерам з Аўстраліі, каралеўскай асобай з Блізкага Усходу ці амерыканскімі сенатарамі. У эфіры няма рангаў, пасад, званнняў, няма нічога, што падзяляе людзей у жыцці. І таму фінансавыя і, тым больш, палітычныя праблемы заўсёды заставаліся за мяжой размоваў. І гэта не толькі абумоўлена ўмовамі міжнароднага статута радыёаматарства, але і нармальнымі чалавечымі адносінамі паміж рознымі людзьмі, якіх аб’ядноўвае ў жыцці толькі адно — аматарскае радыё.

Радыёаматары калісьці былі самымі ветлівымі людзьмі ў свеце. Словы «дзякуй», «калі ласка», «будзьце ласкавыя» — заўсёды ў лексіцы нармальнага аматара. І яшчэ — 73. У радыёаматарскім кодзе гэтыя лічбы азначаюць глыбокую павагу і найлепшыя пажаданні. Гэтыя словы дагэтуль застаюцца галоўнымі ў радыёаматараў усяго свету. Дакладней сказаць, у пераважнай большасці. Акрамя часткі ўкраінскіх і расійскіх радыёаматараў. Не сакрэт, што апошнія падзеі ва Украіне раскалолі грамадства ў постсавецкіх рэспубліках. І гэты раскол нечакана для ўсіх «насельнікаў эфіру» здарыўся і тут. Частата на саракаметровым дыяпазоне 7.050 МГц стала ў апошнія паўгода пагалоскай. Тут сыходзяцца штодня, круглыя суткі напралёт найбольш заўзятыя прыхільнікі абодвух бакоў — Расіі і Украіны. Пераважаюць, вядома, расейцы. Што тут робіцца, цяжка растлумачыць чалавеку, які ніколі не слухаў аматарскага эфіру. Скажу проста: вэрхал у параўнанні з гэтай агіднасцю — проста дзіцячы сад. Ніхто нікога не слухае, усе радыёстанцыі працуюць толькі на перадачу, больш магутныя станцыі перакрываюць слабыя, хтосьці проста ставіць перашкоды, хтосьці ўключае музыку, і ўсе гавораць, гавораць, гавораць… І над усім гэтым пануе вялікі і магутны рускі мат, замяняючы ўдзельнікам усе астатнія довады і аргументы. Прызнаюся, што хоць я і вырас у краі і ва ўмовах, дзе лаянка часам замяняла самыя звычайныя паняцці, але такога мату я ў жыцці не чуў ніколі. У самае сумнае ў гэтым — гэтыя людзі называюць і лічаць сябе радыёаматарамі!

У апошні час з’явіўся і новы сродак для доказу сваёй слушнасці.

У эфіры пачынаюць гучаць фрагменты тэлевізійных і радыёперадач, трансляцыі рэпартажаў з інтэрнэту, балазе сучасная тэхніка дазваляе. Калі мат толькі кветачкі, якія гавораць толькі пра нізкую культуру і адсутнасць самапавагі ў людзей, то такія трансляцыі парушаюць асновы радыёаматарства, у кодэксе якога выразна прапісана, што ў аматарскім эфіры не могуць транслявацца любыя камерцыйныя і дзяржаўныя праграмы. На тое яно і аматарскае. І гэта праўда, для чаго тады існуе велізарная сетка тэлестанцый і праграм. Яны ж займаюцца той жа самай палемікай і прапагандай розных пунктаў гледжання, але са значна большым размахам.

Карацей кажучы, як у камп’ютар, у аматарскі эфір пракраўся небяспечны вірус, з якім неабходна змагацца. Да гонару беларускіх радыёаматараў, яны, у асноўным, застаюцца ў баку ад усеагульнага вэрхалу хамства і грубасці ў эфіры, часам нават спыняюць спробы расійскіх станцый уцягнуць іх у палеміку, сам не раз быў сведкам гэтага. Сумна і балюча назіраць за такой дэградацыяй аматарскага эфіру. Бо кожны раз кожны радыёаматар, выходзячы ў эфір, прэзентуе не толькі сябе, але і ўсю краіну, пра якую ў свеце мяркуюць не толькі па палітыках, але і па радыёаматарах. 73!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?