Грошы былі выдаткаваныя ў межах кантрольнай закупкі кантрафактнага алкаголю.

Як стала вядома прадстаўнікам Камітэта дзяржкантролю, не маючы належнай дзяржаўнай рэгістрацыі, удзельнікі групы, якую ўзначальваў жыхар Пінскага раёна, са студзеня па верасень 2014 года набывалі ў Расіі алкагольную прадукцыю, увозілі яе ў Беларусь і прадавалі на тэрыторыі Пінскага і Лунінецкага раёнаў. Паводле наяўных звестак, алкаголь меў прыкметы кантрафактнай прадукцыі. Яна распаўсюджвалася па ўсёй Брэсцкай вобласці, што стварала пагрозу бяспецы здароўя спажыўцоў.

Па выяўленых фактах Пінскім міжрайаддзелам фінансавых расследаванняў распачата крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.233 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць».

Гэтаму папярэднічала праведзеная з удзелам супрацоўнікаў АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама «праверачная закупка» на суму больш за 14 тысяч даляраў ва ўдзельнікаў арганізаванай злачыннай групы.

У выніку ў злачынцаў былі канфіскаваныя элітныя алкагольныя напоі імпартных марак (гарэлка, віскі, каньяк і ром). Агульны аб'ём канфіскаванага спіртнога коштам звыш 1,7 мільярдаў рублёў склаў 7 137,8 літра.

Фігуранты па справе затрыманыя. Накладзены арышт на легкавы і грузавы аўтатранспарт падазраваных коштам 610 мільёнаў рублёў. У цяперашні час праводзяцца далейшыя следчыя і працэсуальныя дзеянні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?