Генеральная пракуратура Літвы пацвердзіла факт затрымання на літоўска-беларускай мяжы высокапастаўленага супрацоўніка беларускіх праваахоўных органаў і яго жонкі. У паведамленні Генпракуратуры імёны затрыманых не называюцца, яны абазначаны ініцыяламі Д.К. (чыноўнік) і А.К. (яго жонка).

Пры гэтым партал навінаў Дэлфі са спасылкай на Генпракуратуру Літвы паведамляе, што затрыманы начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Дзмітрый Канаплянік і яго жонка.

У паведамленні Генпракуратуры гаворыцца, што ўстаноўлены асобы двух грамадзян Беларусі, якія былі затрыманы 21 верасня на літоўска-беларускай мяжы ў сувязі з тым, што ў іх аўтамабілі Honda CR-V былі знойдзены некалькі дзясяткаў патронаў калібру 9 мм Luger. «Аб затрыманні двух грамадзян ва ўстаноўленым парадку было інфармавана пасольства Беларусі ў Вільні і неадкладна задаволена просьба пасольства аб сустрэчы з затрыманым Д.К.», — зазначае Генпракуратура.

Як растлумачыла БелаПАН начальнік аддзела камунікацый Генпракуратуры Літвы Алена Марціноніне, у паведамленні ўказаны толькі ініцыялы затрыманых, таму што ў ведамстве прытрымліваюцца правіла аб неабвяшчэнні асабістых звестак. «Я не ведаю, чаму ў сваёй інфармацыі журналісты, называючы прозвішча затрыманага, спасылаюцца на Генпракуратуру, са мной яны не звязваліся. Я толькі магу пацвердзіць, што ініцыялы Д.К. і А.К. указаны правільна. Мужчына, паводле нашых звестак, з'яўляецца высокапастаўленым начальнікам праваахоўных органаў вашай краіны», — зазначыла яна.

Паводле слоў Марціноніне, пасля заканчэння 48 гадзін і ўстанаўлення асобаў затрыманыя былі адпушчаны з-пад варты.

«Як толькі адпала патрэба ўтрымліваць іх пад вартай, было прынята рашэнне аб іншай меры стрымання, якая не дазваляе ім пакінуць Літву. Асабістыя дакументы ў іх канфіскаваныя», — паведаміла прадстаўнік літоўскай Генпракуратуры. 

Паводле яе слоў, беларусы падазраюцца ў кантрабандзе боепрыпасаў для агнястрэльнай зброі. Дасудовае расследаванне праводзіць крымінальная мытная служба, кантралюе гэты працэс пракуратура Вільнюса. Па літоўскім заканадаўстве за такое злачынства прадугледжана пакаранне ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Раней МЗС Беларусі пацвердзіла факт затрымання беларусаў.

«Мы пацвярджаем, што двое беларускіх грамадзян былі затрыманы пры перасячэнні літоўска-беларускай мяжы. Зараз пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве займаецца высвятленнем усіх акалічнасцяў затрымання», — гаворыцца ў паведамленні МЗС ад 23 верасня.

Начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарату Следчага камітэта Беларусі Сяргей Кабаковіч не пацвердзіў і не абверг інфармацыю аб затрыманні Дзмітрыя Канапляніка. «Усё, што магу сказаць, што зараз ён знаходзіцца ў адпачынку», — сказаў Кабаковіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?