Сёлета споўнілася 75 гадоў з дня ўз’яднання Беларусі.

На сайтах і ў газетах з’явіліся артыкулы з крытыкай і хваласпевамі гэтай даце. Адны наракаюць на развал міжваеннай Польшчы, іншыя згадваюць пра гістарычную справядлівасць. Тым часам ні першыя, ні другія, магчыма, не помняць пра тых, хто набліжаў гэты дзень як мог, – пра актывістаў КПЗБ.

Камуністычная партыя Заходняй Беларусі – для большасці гэта малавядомая і незразумелая абрэвіятура са школьнай праграмы. Хто вывучаў усе гэтыя партыі, дэкрэты, загады і пастановы? Тым больш калі ў краіне можа быць толькі адна партыя, на фоне якой нават яе «даччыная» структура не павінная быць бачнай. Акрамя чатырох літар з абрэвіятуры большасць нічога і не ведае. Ну, хіба яшчэ тое, што яны былі камуністамі. Як людзі кажуць, чуў звон, ды не зразумеў, адкуль ён. А тут гісторыя няпростая і цікавая, з трагічным фіналам. Па кім звоніць звон, адным словам.

Партыя ўзнікла дзякуючы таму, што ў выніку Рыжскай дамовы 1921 года Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Далёка не ўсе новыя жыхары адноўленай польскай дзяржавы былі задаволеныя існым ладам. У вёсцы назіралася дэпрэсіўная сітуацыя, многія адчувалі сябе людзьмі другога гатунку. Лозунгі пра сацыяльную і нацыянальную справядлівасць былі як ніколі актуальнымі. Гэтым і скарысталіся беларускія камуністы.

Афіцыйна партыя ўзнікла ў 1923 годзе на сходзе актывістаў у Вільні. Сярод яе ўдзельнікаў былі і былыя слуцкія паўстанцы, якія яшчэ колькі гадоў таму вялі збройную барацьбу з бальшавікамі. Сярод асноўных патрабаванняў – права на самавызначэнне Заходняй Беларусі, аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у адну дзяржаву, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і перадача зямлі сялянам без выкупу.

З першых дзён свайго існавання партыя гучна заявіла пра сябе. Акрамя легальнай дзейнасці сябры КПЗБ праводзілі і акцыі «прамога дзеяння», за што стала падвяргаліся рэпрэсіям з боку польскіх уладаў. Арганізацыя была пад забаронай. Большасць сябраў была выхадцамі з небагатых беларускіх сялянскіх сем’яў, якія на ўласныя вочы бачылі несправядлівасць у даыненні да сябе. Не маючы легальных рычагоў уплыву на сітуацыю, яны звярнуліся да радыкалізму. Яны былі перакананыя, што сваімі акцыямі змогуць нешта змяніць. Не змаглі, але ж спрабавалі.

Многія небеспадстаўна лічаць, што КПЗБ цалкам кіравалася з Масквы, адмаўляючы тэзу пра тое, што Камуністычная партыя Заходняй Беларусі была ці не авангардам нацыянальна-вызвольнага руху. Факты ж сведчаць пра іншае. Узяць хаця б спробу стварыць у 1936-м супольны Народны Фронт з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Супраца з іншымі беларускімі арганізацыямі – яскравае сведчанне таго, што КПЗБоўцы ўяўлялі сябе часткай нацыянальных беларускіх сілаў.

Сябраў КПЗБ справядліва лічаць тэрарыстамі. Самы вядомы з іх – беларускі палітычны і дзяржаўны дзеяч Сяргей Прытыцкі, які ў 23-гадовым узросце ўчыніў страляліну ў Віленскім судзе ў студзені 1936 года. Гісторыя вядомая, нібыта са старонак крымінальнага рамана: на лаве падсудных аказалася сямнаццаць маладых і палымяных камуністаў, якіх «здаў» за грошы правакатар Якуб Стральчук. Цяпер ад яго сведчанняў залежыць іх лёс. Дапусціць, каб ён адкрыў рот на працэсе, было нельга. Малады Прытыцкі вырашае забіць правакатара і рыхтуе замах. Калі б гэта не было праўдай, яе варта было б прыдумаць якому-небудзь паспяховаму пісьменніку. У сваіх успамінах Прытыцкі згадваў:

«Цэлы дзень блукаў па вуліцах Вільні з пісталетамі ў кішэнях, адчуваў асалоду ад жыцця і ўсяго, што мяне атачала.

Хто ведае, ці буду я жыць заўтра. Дзень быў пахмурны і халодны, але ён падаваўся мне цудоўным. Ніколі я так прагна не ўдыхаў паветра, ніколі для мяне не былі такімі цудоўнымі неба і вада ў Вяллі, як у той дзень. І ўсе людзі здаваліся мне незвычайна добрымі…

Раніцай 27 студзеня я накіраваўся ў акруговы суд… …Нарэшце старшыня суда абвясціў: «Запрасіць сведку Якуба Стральчука».

Раскрыліся дзверы, і з кабінета пракурора выйшаў ён, правакатар.

Імгненна выняўшы з кішэняў абодва пісталеты, накіраваўся да стала суддзі. Накіраваўшы адзін пісталет пад правае вуха, другі ў спіну, націснуў на абодва куркі адначасова. Прагучала два стрэлы. Суддзя і пракурор палезлі пад стол, публіка кінулася да выхаду. Для большай пэўнасці я паслаў яшчэ дзве кулі…

Шпікі выхапілі пісталеты і адкрылі па мне агонь… Перасталі страляць, калі палічылі, што я ўжо мёртвы…»

«Гэта Вам не ІРА, тут сур’ёзней», – пажартаваў неяк адзін мой знаёмы гісторык, прыгадваючы гэты выпадак.

Прытыцкі выжыў, адседзеў у польскай турме, а пасля зрабіў галавакружную кар’еру ў кіраўнічым апараце БССР. Ён быў бадай што адзіным з сябраў КПЗБ, хто дайшоў да ўладных вяршыняў.

Большасць трапіла ў жорны савецкай рэпрэсіўнай машыны ў другой палове 30-х. У 1938 годзе партыю ліквідавалі. Сталіну не была патрэбная на сваёй тэрыторыі арганізацыя прафесійных падпольшчыкаў, якія пры патрэбе маглі арганізаваць супраціў ці перадаць свае веды каму не трэба. Тым больш што ў яе складзе былі былыя слуцкія паўстанцы ды іншыя «антысавецкія» элементы.

У аднаго майго сябра дзед быў функцыянерам КПЗБ. Да канца жыцця гэты не асабліва гаварлівы сціплы і сухенькі дзядок, які размаўляў на беларускай мове, трымаўся некалькіх правілаў, якія, на яго думку, маглі зберагчы жыццё ў «патрэбны» момант. Правілы тыя былі простымі: пры наведванні масавага мерапрыемства ніколі не сядаць каля акна; трэба выбіраць такое месца, з якога будзе бачна ўсё, што адбываецца вакол, але цябе не будзе бачна; за спінай заўжды павінная быць сцяна. «Калі такое месца занятае, – дзядок звычайна ўсміхаўся на гэтым месцы, – значыць на ім сядзяць альбо нашы, альбо дэфензіва».

Можа быць, і Максім Танк, яшчэ адзін вядомы сябар КПЗБ, трымаючыся падобных засцярог, наведваў таемна літаратурныя мерапрыемствы, пакуль не ў якасці мэтра, а проста гледача.

КПЗБоўцы не былі анёламі, але і дэманамі іх назваць нельга. Яны проста рабілі тое, што павінныя былі рабіць: змагаліся за Беларусь так, як разумелі гэта і як казала ім сэрца. У гісторыі любога народа прысутнічаюць такія постаці – тыя, каго адны, называючы тэрарыстамі і бунтаўшчыкамі, вешалі на цэнтральных плошчах гарадоў, а другія лічылі нацыянальнымі героямі. Ім ставяць помнікі, іх імёнамі называюць вуліцы і школы, пра іх пішуць навуковыя працы і здымаюць кіно. КПЗБоўцам столькі гонару не адвялі – назвалі вуліцы, і тое добра. Як сапраўдныя рамантыкі яны дамагліся сваёй мэты – Беларусь стала адзінай, але ім самім ад гэтага лепш не стала.

Галоўнае – гэта памятаць, што ў гісторыі не бывае толькі белага ці толькі чорнага. Нельга выкрасліць цэлы пласт толькі з той прычыны, што ён «ідэалагічна» няправільны. Трэба высвятляць усе акалічнасці, тым больш калі яны цікавыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?