Артыкул Карэна Акопава з часопісу «ARCHE», за які часопісу было вынесена папярэджаньне Мінстэрства інфармацыі. Рэцэнзія на кнігу: Lallemand, Jean-Charles; Symaniec, Virginie. Biélorussie. Mécanique d’une dictature Paris: Les Petits Matins, 2007. 254 pages.

Падзеі сакавіка 2006 г. падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі падштурхнулі пэўнае кола міжнародных палітычных аглядальнікаў зноў зьвярнуць сваю ўвагу на краіну, кіраўнікі якой лічыць яе цэнтрам Эўропы.

На сёньняшні дзень добрае веданьне гэтага эўрапейскага «цэнтру» ўсё яшчэ застаецца выклікам для аналітыкаў і навукоўцаў, асабліва замежных. Таму выдадзеную ў Францыі кнігу аўтараў Жан-Шарля Ляльмана і Віржыні Шыманец «Беларусь: мэханіка дыктатуры» можна лічыць адметнай зьявай сярод замежнай палітычнай літаратуры пра Беларусь.

Самім назовам сваёй кнігі аўтары не пакідаюць сумневаў наконт вызначэньня характару сучаснай беларускай дзяржавы. Яны пастараліся паказаць храналягічны шлях паўставаньня беларускае дыктатуры — аўтарытарнай улады аднаго чалавека — і мэханізмаў яе трываласьці ў Беларусі. На падставе аналізу гісторыі дыктатураў аўтары прыходзяць да высновы, што беларуская дыктатура своеасаблівая. Лукашэнкаўская Беларусь не падобная да гітлераўскай Нямеччыны ці да сталінскага Савецкага Саюзу, ані да Піначэтавага Чылі ці Мілошавічавай Сэрбіі.

Беларуская дыктатура не адносіцца да ваеннай дыктатуры, а яе палітычная стратэгія не палягае на масавым вынішчэньні незадаволеных. Гэта адмыслова ўпарадкаваная сыстэма ажыцьцяўленьня ўлады, якая эфэктыўна падаўляе дэмакратычныя сілы грамадзтва. Зь невялікімі палітычнымі выдаткамі кіраўнік беларускай дзяржавы выкарыстоўвае ўвесь рыштунак інструмэнтаў пасьпяховага дыктатара, які дамогся і трымаецца ўлады, толькі павярхоўна пільнуючыся канстытуцыйных дэмакратычных мэханізмаў і вынішчаючы палітычную канкурэнцыю. Гэты арсэнал уключае рэпрэсіі супраць апазыцыі, чысткі кадраў рэжыму, цэнзуру СМІ, мадэляваныя выбары і рэфэрэндумы, карупцыю, папулісцкі дыскурс, дзяржаўны нацыяналізм, рэакцыйную ідэалёгію пад прыкрыцьцём мадэрнізацыі альбо прагматызму.

Лукашэнка здолеў набыць папулярнасьць за кошт сацыяльных падачак. Але што стаіць за канкрэтнымі лічбамі, калі іх параўноўваць зь лічбамі ў суседніх краінах? Міт пра ўнікальнасьць сацыяльнай палітыкі ў Беларусі адразу рассыпаецца ў друз.

Нягледзячы на раньнія заявы пра гатовасьць «паўзьці на каленцах» у Расею, аўтары заўважаюць выразны адыход пазьнейшага Аляксандра Лукашэнкі ад рыторыкі інтэграцыі з Расеяй і значна большую артыкуляцыю своеасаблівага нацыяналізму ва ўнутранай палітыцы. Да такой высновы аўтары прыходзяць, аналізуючы ў тым ліку і зьмест новай афіцыйнай ідэалёгіі. Але даволі неадназначнай падаецца іхняя думка, што «новая ідэалёгія беларускай дзяржавы прэзэнтуе невядомае ў савецкую эпоху прачытаньне нацыянальнай гісторыі, праект эканамічнага самазабесьпячэньня, а таксама ўзьнясеньне беларускага этнасу і спорту для праслаўленьня беларусаў у Беларусі». Думаецца, прафэсійным экспэртам будзе ня проста знайсьці новыя, невядомыя ў савецкія часы факты з нацыянальнай гісторыі ў лукашэнкаўскім праекце ідэалёгіі беларускай дзяржавы. Для існай улады абвяшчэньне БНР, першы беларускі ўрад 1918 г., праўда пра сталінскія рэпрэсіі дагэтуль не прызнаюцца каштоўнасным падмуркам стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы. Зь іншага боку, на думку аўтараў, ідэалягічная стратэгія Лукашэнкі скіраваная на прасоўваньне тэзы, што дыктатура «мясцовае закваскі» — гэта вынік беларускай асаблівасьці, ідэі ў гегелеўскім сэнсе, якая адпавядае ўласьцівасьцям беларускага народу.

Францускія палітолягі зьвяртаюць увагу на наяўнасьць цыркулюючых у асяродку шматлікіх аглядальнікаў стэрэатыпаў пра «характар», «мэнтальнасьць» і «глыбінную сутнасьць» беларускага народу. Менавіта гэтыя стэрэатыпы замінаюць бачыць прымусовы характар рэжыму тым, хто зьвязвае будучыню беларусаў з інтэграванай Эўропай, а таксама імкнецца выпрацоўваць канкрэтныя альтэрнатывы палітычнага курсу дыктатара. Жан-Шарль Ляльман і Віржыні Шыманец сьцьвярджаюць, што гэтыя стэрэатыпы паспрыялі скажэньню ўспрыняцьця канфліктаў на інстытуцыйным узроўні і ўнутраных падзелаў у дзяржаўным апараце. Урэшце, гэтыя стэрэатыпы служаць толькі пацьвярджэньнем таго, што ад 1994 г. Беларусь знаходзіцца ў руках яе нібы натуральнага кіраўніка.

Цікавымі падаюцца заўвагі наконт выключнасьці выпадку Беларусі ў Эўропе. Грунтуючыся на падыходзе эўрапейскіх левых, аўтары адзначаюць, што ў калідорах канцылярыяў і міністэрстваў Захаду, як і ў агульным заходнім дыскурсе, моцныя ўдары ўлады па свабодах асобы, зьнікненьні палітыкаў і журналістаў, фізычныя расправы над апазыцыяй, абмежаваньне свабоды выказваньня альбо няўвага да ахвяраў чарнобыльскай катастрофы могуць паўшэптам прызнавацца як нязначныя інцыдэнты. Зрэшты, гэта лічыцца прымальным, бо зьвязана з мэтадамі быццам мяккага і эфэктыўнага кіраваньня «моцнай» дзяржавай. На міжнароднай дыпляматычнай сцэне можна сустрэць такіх заходніх палітыкаў, якім захацелася ўбачыць у асобе прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна сябра, з чаго выходзіць, што А. Лукашэнка як сябра Расеі становіцца «сябрам іх сябра».

Так, Беларусь уяўляе зь сябе выключны выпадак на эўрапейскім кантынэнце з прычыны адсутнасьці плюралізму на інстытуцыйным узроўні і свабоды прэсы, хоць апошнім часам у Расеі У. Пуціна сытуацыя не нашмат лепшая. Аўтары таксама прыводзяць шэраг параўнаньняў паводзінаў афіцыйнай Беларусі і іншых краінаў Эўропы. Падабенства Беларусі да Італіі пэрыяду ўрадаў Сыльвіо Бэрлусконі праглядаецца ў тым, што валоданьне і кантроль над усімі тэлевізійнымі каналамі краіны знаходзіліся ў руках ураду. У той самы час «мадэль» беларускага кланавага кіраваньня эканомікай ня шмат у чым адрозьніваецца ад вузкіх сетак кааптаваньня элітаў у заходніх грамадзтвах, дзе пануе буйны капітал. Папулізм і антыэўрапейскі кансэрватызм менскае кіроўнае клясы параўноўваюцца з ідэямі прадстаўнікоў урадавай кааліцыі Польшчы (2005 г.), якія часткова абгрунтоўвалі далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу ідэяй пра тое, што каталіцкі падмурак польскага грамадзтва набліжае яго да каштоўнасьцяў эўрапейскай цывілізацыі. Аўтары таксама прапануюць зьвярнуць увагу на сувязь паміж стратэгіяй лукашэнкаўскага ўраду па стварэньні ўнутраных і зьнешніх ворагаў Беларусі (каб легітымізаваць існаваньне абсалютнай улады і дыскрэдытаваць яе любы крытычны аналіз) і выкарыстаньнем, пасьля 11 верасьня 2001 г., антытэрарыстычнай тэрміналёгіі ў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Расеі. Пры ўсім разыходжаньні ў паходжаньні гаворка ў абодвух выпадках ідзе пра легітымізацыю абмежаваньня свабодаў асобы ў імя абароны дэмакратычных каштоўнасьцяў супраць «нашэсьця барбараў». Нарэшце, ня толькі беларускімі асаблівасьцямі зьяўляюцца шматлікія ўдары па правах прафсаюзаў, сацыяльных здабытках, навакольным асяродзьдзі і ахове здароўя, якія апраўдваюцца прыматам эканомікі, павышэньня прадукцыйнасьці і ўсясьветнай канкурэнцыяй, альбо сыстэматычнае задушэньне палітычных і сацыяльных канфліктаў у імя «сутыкненьня цывілізацыяў».

былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі (быў трэцім сакратаром Пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусі пры ААН, займаўся арганізацыяй выбараў у Косаве), сябра Беларускага Шуманаўскага таварыства, адзін з выдаўцоў альманаху «ЭўраБеларусь». Аўтарская назва тэксту — «Ці трывалая дыктатура ў Беларусі?».

Але ж ці ня варта разглядаць гэтую «трывалую дыктатуру»¹ хутчэй як прыклад таго, што можа адбыцца зь любой краінай, грамадзтва якой гібее пад цяжарам глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу і якое пад прыкрыцьцём «прагматызму», «мадэрнізацыі» ці «неабходнасьці» не абараняе сваіх дэмакратычных здабыткаў? Палітычны агляд сучаснага стану Беларусі францускія дасьледнікі пачынаюць ад часоў прыняцьця дэклярацыі аб сувэрэнітэце 27 ліпеня 1990 г. і паўставаньня Беларусі як незалежнай парлямэнцкай рэспублікі. Рэтраспэктыўны аналіз падзеяў у Беларусі з 1991 па 1994 гг. дапамагае чытачу зразумець хісткасьць прадстаўнічага інстытуту ўлады і ўбачыць прычыны спаўзаньня ў бок аўтарытарызму з прыходам да ўлады Лукашэнкі. Няўпэўненасьць парлямэнцкага разьвіцьця выразна малюецца праз становішча Станіслава Шушкевіча, Старшыні Вярхоўнага Савету, якому выпала быць кампраміснай фігурай паміж энэргічнай апазыцыяй БНФ і кансэрватыўнай пракамуністычнай большасьцю. Ва ўмовах эканамічнага і энэргетычнага крызісу С. Шушкевіч намагаўся праводзіць палітыку адкрытасьці да Захаду. Але ён ня здолеў атрымаць поўнага даверу з боку лідэраў БНФ — найбольш ідэалягічна блізкай яму партыі. Адной з прычынаў адсутнасьці поўнага даверу зь сіламі нацыянальнага адраджэньня стаў факт бязьдзейнасьці старшыні Вярхоўнага Савету падчас разгляду пытаньня пра правядзеньне рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Ініцыятыва партыі БНФ, падтрыманая сотнямі тысяч беларусаў, не была зацьверджаная ў парлямэнце. Аўтары кнігі прыводзяць лічбу ў 380 000 подпісаў, сабраных БНФ². Але калі недакладнасьць у лічбе можна аднесьці да арытмэтычнай хібы, дык спасылка аўтараў на Асноўны закон БССР 1978 г. як юрыдычную базу для збору подпісаў аб правядзеньні рэфэрэндуму пра датэрміновыя выбары — гэта відавочная памылка. Насамрэч, подпісы ў 1992 г. зьбіраліся ўжо на падставе закону аб рэфэрэндуме, які быў прыняты Вярхоўным Саветам ХХІІ скліканьня 13 чэрвеня 1991 г.

¹ Гульня словаў у францускай мове, дзе прыметнік «durable» і доўгачасовы, і трывалы.

Заняпад няўстойлівай беларускай дэмакратыі пачаўся зь нечаканым узьлётам на прэзыдэнцкую пасаду маладога дэпутата А. Лукашэнкі. Той момант, калі палітычныя эліты вырашылі пайсьці шляхам суседзяў і ператварыць Беларусь у прэзыдэнцкую рэспубліку, вызначаецца як надзвычай спрыяльны для росквіту папулізму: шалёная інфляцыя беларускага рубля, рост цэнаў на расейскі газ, чалавечы і фінансавы цяжар наступстваў Чарнобылю. Лукашэнка апынуўся амаль адзіным кандыдатам, які гаварыў пра эканамічныя і сацыяльныя праблемы на фоне зададзенага БНФ і яго лідэрам Зянонам Пазьняком дыскурсу пра адраджэньне беларускай мовы і культуры.

Як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, адразу пачаўся наступ на хісткія дэмакратычныя інстытуты краіны: замест абраньня кіраўнікоў на мясцовым узроўні зьявілася прэзыдэнцкая вэртыкаль, была згорнутая праграма прыватызацыі, вярнуліся мэтады адміністрацыйнага кіраваньня шляхам прэзыдэнцкіх указаў, пачаліся нападкі на незалежны друк. Гэтыя і іншыя дзеяньні першага прэзыдэнта Беларусі былі скіраваныя на цэнтралізацыю ўлады ў сваіх руках. Але свой галоўны ўдар Лукашэнка нанёс па галоўнай прадстаўнічай інстытуцыі — парлямэнце. Аўтары падрабязна спыняюцца на тых абставінах запужваньня дэпутатаў, што папярэднічалі ўхваленьню Вярхоўным Саветам пытаньняў і даты правядзеньня рэфэрэндуму 1995 г. Лукашэнка адкрыта прадэманстраваў сілу спэцслужбаў, каб зьняважыць дэпутатаў і падарваць давер да палітычнай інстытуцыі грамадзтва ў вачох большай часткі насельніцтва. Надышла эра кіраваньня краінай з дапамогай дэкрэтаў. Ніводнае рашэньне Канстытуцыйнага суду аб прызнаньні васямнаццаці ўказаў прэзыдэнта незаконнымі не ўступіла ў сілу. Перад Лукашэнкавай уладай суд апынуўся гэткім самым бездапаможным, як і парлямэнт. Гэта выразна было прадэманстравана восеньню 1996 г. падчас спробы імпічмэнту Лукашэнкі напярэдадні чарговага рэфэрэндуму. Аўтары кваліфікуюць рэфэрэндум 1996 г. як дзяржаўны пераварот, за якім наступіла поўнае пагружэньне краіны ў банапартызм: інстытут парлямэнтарызму выявіўся падаўленым, а прэзыдэнцкі мандат падоўжаны. Неабмежаваная ўлада ў руках аднаго прывяла да таго, што ўсе наступныя выбары і рэфэрэндумы сталі праходзіць з прадвызначаным вынікам за кошт ужываньня сілы і маніпуляцыяў з боку Адміністрацыі прэзыдэнта і ЦВК.

Цікавай уяўляецца прапанаваная дасьледнікамі карціна барацьбы кланаў унутры атачэньня Лукашэнкі. У кнізе вызначаюцца магілёўскі клан Івана Ціцянкова, берасьцейскі клан Віктара Шэймана і клан Мясніковіча. Як падаецца, аўтары нават ня ставілі за мэту прасачыць нейкую лёгіку высоўваньня той ці іншай групоўкі з прычыны аб’ектыўна недастатковай факталягічнай базы. Яны, аднак, кажуць, што пасьля выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. назіраецца выцісканьне зь дзяржаўнага апарату прарасейскай групоўкі і звужэньне кола людзей, якім давярае дыктатар.

У разьдзелах пра парушэньні правоў чалавека і кантроль над мэдыямі і грамадзянскай супольнасьцю на канкрэтным матэрыяле паказваюцца этапы наступленьня на фундамэнтальныя палітычныя і грамадзянскія свабоды: дыскрэдытацыя выступаў незадаволеных праз параўнаньне дзейнасьці апазыцыі з тэрарыстамі (пасьля 11 верасьня 2001 г. рост абвінавачваньняў апазыцыі ў тэрарызьме даходзіць амаль да інсынуацыяў пра яе сувязі з Аль-Каідай); стварэньне атмасфэры страху як сярод апанэнтаў рэжыму (зьнікненьні апазыцыянэраў), так і сярод Лукашэнкавага атачэньня — у выглядзе гучных судовых працэсаў; кантроль над буйнымі сродкамі масавай інфармацыі і іх выкарыстаньне для дыскрэдытацыі апазыцыі; забарона разьвіцьця недзяржаўных арганізацыяў, калі яны непадлеглыя палітычнаму кантролю з боку ўлады; адміністрацыйны і крымінальны перасьлед журналістаў недзяржаўных выданьняў. Выкарыстаньне падобных інструмэнтаў ціску на людзей стварае адчуваньне трываласьці дыктатуры ў грамадзтве.

У кнізе таксама яскрава паказваюцца прыклады істотнага ўмяшаньня прэзыдэнцкай улады ў эканамічны сэктар. Лукашэнка, скарыстоўваючы са сваёй неабмежаванай улады, злоўжывае ўласным становішчам дзеля адвольнай інтэрвэнцыі ў справы гаспадарчых суб’ектаў краіны. Найбольш частай зачэпкай для ўмяшаньня служыць барацьба з карупцыяй таго ці іншага дырэктара прадпрыемства. А з улікам таго, што 80 % нацыянальнай эканомікі належыць да дзяржаўнай формы ўласнасьці, то становяцца зразумелымі маштабы аўтарытарных формаў кіраваньня ў краіне. Зрэшты, перад абсалютызмам прэзыдэнцкай улады прыватная форма ўласнасьці становіцца амаль гэткай самай безабароннай, як і дзяржаўная, што і падкрэсьліваюць аўтары ў сваіх высновах.

Значнае месца ў кнізе надаецца разгляду палітыкі «сацыяльнай дзяржавы» як асноўнага прэзыдэнцкага дыскурсу. Дыктатар у палітыцы і патэрналіст у сацыяльнай сфэры, Лукашэнка здолеў набыць папулярнасьць за кошт сацыяльных падачак. Насельніцтва маўкліва пагадзілася абмяняць дэмакратычныя здабыткі на сацыяльную бясьпеку. Але што стаіць на самой справе за канкрэтнымі лічбамі, асабліва калі іх параўноўваць зь лічбамі ў суседніх краінах? Міт пра ўнікальнасьць сацыяльнай палітыкі ў Беларусі адразу рассыпаецца ў друз.

Так, дапамога па беспрацоўі ў Беларусі найменшая ў параўнаньні з астатнімі суседзямі: у 6 разоў меншая, чым у Латвіі, у 8 разоў — чым у Літве і ў 10 разоў менш за польскія паказьнікі. Ва Ўкраіне (23 даляры мінімум) і Расеі (ад 26 да 102 даляраў) гэтая дапамога таксама невялікая, але ўсё роўна большая, чым у Беларусі (ад 14 да 18 даляраў). Адсюль аўтары робяць выснову, што і лічба афіцыйных беспрацоўных у 1,5 % па стане на 2005 г. далёка не дакладная, бо ўлічвае толькі тых, хто афіцыйна зарэгістраваўся, а такіх, зразумела, ня можа быць шмат, бо дапамога па беспрацоўі — мізэрная.

У кнізе асабліва адзначаецца перасьлед беларускамоўных дзеячоў культуры, зь якіх зрабілі ўнутраных ворагаў, амаль фашыстаў.

Усе асноўныя падвышэньні заробкаў і пэнсіяў у Беларусі адбываліся напярэдадні выбараў, але гэта далёка не заўсёды перакрывала параўнальныя паказьнікі ў суседніх краінах. Так толькі за кошт падвышэньня ў сьнежні 2005 г. перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2006 г. сярэдні ўзровень пэнсіяў у Беларусі дасягнуў 98 даляраў, што нязначна, але перавышала ўзровень пэнсіяў у Расеі (89 даляраў) і Ўкраіне (76 даляраў), але значна саступала ўзроўню Літвы (132 даляры), Латвіі (149 даляраў) і Польшчы (403 даляры).

Ня вельмі прывабна Беларусь выглядае ў заахвочваньні жанчынаў нараджаць дзяцей. Тут Беларусь з паказьнікам у 220 даляраў у значнай ступені саступае ўсім суседзям: Расея выплачвае 284 даляры, Польшча — 322 даляры, Літва — 348 даляраў, Латвія — 672 даляры, а Ўкраіна — 673 даляры адразу і з павелічэньнем сумы да 1000 даляраў ЗША ў наступныя колькі месяцаў. Трошкі лепей у параўнаньні з Расеяй выглядае штомесячная дапамога маткам па догляду за дзіцем, дзе Беларусь плаціць 47,8 даляра, а Расея — 24,8 даляра. У той самы час Украіна дае на дагляд за дзіцем 84 даляры, Польшча, Літва і Латвія выплачваюць ад 70 % да 100 % месячнага заробку жанчыны.

Адмысловае стварэньне сацыяльнай няўпэўненасьці дазваляе дыктатару трымацца ля ўлады. Усё меншыя гарантыі стабільнае працы і няўпэўненасьць у сваёй будучыні вядуць да палітычнага падпарадкаваньня насельніцтва. У выніку ў Беларусі адсутнічаюць як палітычная, так і сацыяльная дэмакратыя.

Што датычыць аховы здароўя і праблемаў наступстваў Чарнобылю, акрамя чарговай дэманстрацыі недаверу да афіцыйных лічбаў адносна сыстэмы аховы здароўя, францускія аўтары паказваюць, што аўтарытарны патэрналізм зрабіў працу мэдычных установаў вельмі цьмянай і недэмакратычнай. Публічнае абмеркаваньне месца хворага ў сыстэме аховы здароўя, якая апошнім часам усё больш заўважнае ў заходніх грамадзтвах, цалкам адсутнічае ў Беларусі. Пацыент застаецца аб’ектам у руках мэдычнага пэрсаналу, які падпарадкоўвае пацыента сваімі дыягназам і мэдычнаму абслугоўваньню. Існуе сувязь паміж пашырэньнем СНІДу і адсутнасьцю дэмакратызацыі ў сацыяльных стасунках. Накладзенае табу на існаваньне сацыяльных групаў падвышанай рызыкі — прастытутак, гомасэксуалістаў, наркаманаў — замінае прыняцьцю апэратыўных прэвэнтыўных захадаў, адрасаваных гэтым групам у Беларусі.

Аўтары не засяроджваюцца на выключна ўнутраных праблемах наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а закранаюць праблему Чарнобылю ў міжнародным аспэкце, аналізуючы праграмы і дзеяньні міжнародных арганізацыяў. Гуманітарны складнік праблемы падаецца імі праз спасылкі на навуковыя дадзеныя прафэсара Юр’я Бандажэўскага і рэфлексіі пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. Сьмелым выглядае як крытыка францускага атамнага лобі, так і вялікія сумневы што да мэтазгоднасьці будаўніцтва беларускай АЭС з мэтай зьмяншэньня энэргетычнай залежнасьці.

Адмысловы разьдзел кнігі прысьвечаны мастацтву разьдзіманьня дыпляматычных крызісаў рэжымам Лукашэнкі. Дыпляматычныя крызісы служаць для яго інструмэнтам кансалідацыі ўлады, якая нібыта вымушаная дзейнічаць ва ўмовах асаджанай крэпасьці, бо замежныя ворагі рыхтуюць адну змову за другой. За ўсімі гэтымі скандаламі назіраецца адна і тая самая інтрыга: Беларусь выступае ў ролі патэнцыйнай ахвяры, а Аляксандар Лукашэнка — яе ратаўніка. Аналіз ланцужка скандалаў апошняга дзесяцігодзьдзя прыводзіць аўтараў да высновы, што адрозна ад расейскіх шпіёнскіх скандалаў беларускія дыпляматычныя крызісы перш за ўсё зьвязаныя зь неабходнасьцю выкрыцьця замежных ворагаў, якія намагаюцца дэстабілізаваць рэжым знутры. Зь іншага боку, дыпляматычныя крызісы таксама служаць беларускаму рэжыму дадатковай падставай для дыскрэдытацыі апазыцыі ў вачох насельніцтва. На міжнароднай арэне Лукашэнка падтрымлівае імідж Беларусі як дзяржавы-ізгоя, каб падкрэсьліць сваё грэблівае стаўленьне да эўрапейскіх дэмакратычных правілаў і прадэманстраваць адметнасьць мадэлі разьвіцьця Беларусі ад Эўропы і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Як любы іншы дыктатар, Лукашэнка імкнецца адкрыта дэманстраваць сваю ўладу ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці чалавека. Культура — асабліва непрыемная Лукашэнку тэма, бо там ён пачувае сябе найменш утульна. Задача паставіць пад кантроль дзейнасьць артыстаў і інтэлектуалаў паўстала перад дыктатарам адразу пасьля яго прыходу да ўлады. Таму, як адзначаюць аўтары кнігі, на першым этапе Лукашэнка наўпрост супрацьпастаўляў людзей культуры простаму народу. Потым, з аднаўленьнем цэнзуры і ўвядзеньнем ідэалягічнага і фінансавага кантролю над культурнай сфэрай з боку дзяржавы, рэжым Лукашэнкі атрымаў шырокія магчымасьці ціску на дзеячоў культуры. У кнізе асабліва адзначаецца перасьлед беларускамоўных дзеячоў культуры, зь якіх зрабілі ўнутраных ворагаў, амаль фашыстаў.Зь іншага боку, кіраўнік краіны атачыў сябе ўласнымі «апалітычнымі» артыстамі, ад якіх патрабуецца толькі ляяльнасьць «дзяржаве», г. зн. асобе прэзыдэнта.

У заключэньні Жан-Шарль Ляльман і Віржыні Шыманец разглядаюць праблему магчымых зьменаў у палітычным жыцьці краіны. Коратка апісваючы дзейнасьць апазыцыі, яны задаюць сабе пытаньне, ці трывалая дыктатура ў Беларусі. Адзначаючы няўдалыя спробы каляровай рэвалюцыі ў Беларусі ў верасьні 2001 і сакавіку 2006 гг., яны прыходзяць да высновы, што пакуль дыктатар трымаецца ўпэўнена. Але ці сасьпяваюць чыньнікі для неабходных зьменаў у Беларусі? На думку аўтараў, газавы крызіс канца 2006 — пачатку 2007 гг. аслабіў рэжым Лукашэнкі, але не настолькі, каб ён страціў кантроль над сытуацыяй. Лукашэнка выявіўся гатовым да росту цэнаў на энэрганосьбіты, бо папярэдне мабілізаваў насельніцтва на большае самазабесьпячэньне, апанаваў тэму патрыятычных пачуцьцяў і задэкляраваў пэрспэктыву пабудовы атамнай станцыі.

Аўтарытарная Беларусь — гэта міннае поле, дзе рэвалюцыя можа ўзьнікнуць у любы момант і неабавязкова ў зьвязку з электаральным цыклям.

Аўтары лічаць, што беларускае грамадзтва мяняецца ў сваім стаўленьні да моўных, культурных і сацыяльных пытаньняў. Цягам апошніх дзесяці год празаходні кірунак больш выразна акрэсьліўся сярод той часткі эліты, якая разьвівае праэўрапейскі дыскурс. Тая моладзь, што прадстаўляе памкненьні часткі грамадзтва, якая ня мела голасу ў апошняе дзесяцігодзьдзе, будзе гуляць большую ролю ў будучыні. Сёньня яна — сацыяльная група, жорстка апазыцыйная Лукашэнку і ягонай сыстэме каштоўнасьцяў.

Апошнія прэзыдэнцкія выбары не былі такой упэўненай перамогай Лукашэнкі, бо на фоне каля 35 000 чалавек, якія прышлі на плошчу ў падтрымку Мілінкевіча, да якога далучыўся Казулін, на сьвяткаваньне перамогі Лукашэнкі ня выйшаў ніхто. Мала таго, была адкладзеная цырымонія ўступленьня на трэці тэрмін. Але на фоне адчуваньня пэўнай слабасьці лукашэнкаўскага рэжыму дзеяньні апазыцыі характарызуюцца як недастатковыя ў штодзённай працы зь людзьмі і разьвіцьці здольнасьцяў самаарганізацыі.

Пры канцы кнігі аўтары аспрэчваюць тэзу пра магчымасьць дэмакратызацыі Беларусі з Усходу, паказваючы ўнутраную лёгіку і ўнутраныя прычыны паўставаньня дыктатуры ў Беларусі, а таксама ўсё большае падабенства мэханізмаў ажыцьцяўленьня ўлады ў Беларусі і Расеі.

Сёньняшняя аўтарытарная Беларусь — гэта міннае поле, дзе рэвалюцыя можа ўзьнікнуць у любы момант і неабавязкова ў зьвязку з электаральным цыклам, падводзяць рысу аўтары.

Карэн Акопаў — былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі (быў трэцім сакратаром Пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусі пры ААН, займаўся арганізацыяй выбараў у Косаве), сябра Беларускага Шуманаўскага таварыства, адзін з выдаўцоў альманаху «ЭўраБеларусь». Аўтарская назва тэксту — «Ці трывалая дыктатура ў Беларусі?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?