Лявон Баршчэўскі вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Партыі БНФ і быў падтрыманы дэлегатамі аднагалосна пасьля таго як галасы падзяліліся пароўну між Вячоркам і Міхалевічам. Зьмена на чале партыі адбылася, але не на карысьць наймалодшага пакаленьня. Партыю ўзначаліў палітычны цяжкавагавік, які мае вялікі грамадзкі аўтарытэт і ў той жа час дасьведчаны ў апаратных гульнях. Можна чакаць, што роля Партыі БНФ у Аб'яднаных дэмакратычных сілах узрасьце, а кааліцыя АДС захаваецца.

Нядзеля

Лявон Баршчэўскі выйшаў на трыбуну і прапанаваў сябе на пасаду старшыні Партыі БНФ. Заля сустрэла ягоную заяву аплядысмэнтамі.

У суботу партыя аказалася ў патавай сытуацыі, якая нагадала фатальны зьезд 1999 году, што скончыўся расколам. Ніхто з кандыдатаў не набраў больш за 50 працэнтаў галасоў.

Прапановы, то гучалі, не задавальнялі ўсіх.

Уладзімер Лабковіч прапанаваў унесьці зьмены ў рэглямэнт, каб старшыню абіраць простай большасьцю галасоў, а не паводле схемы 50% + 1 голас.

Юрась Губарэвіч прапанаваў вызначыць выканаўцу абавязкаў старшыні партыі, а праз нейкі час правесьці другую сэсію зьезду і абраць старшыню арганізацыі.

Алесь Міхалевіч прапанаваў вызначыць кампрамісную кандыдатуру на старшыню, якая задавальняла бы і яго і Вінцука Вячорку. Менавіта гэтае і сталася за ноч на нядзелю. Каб выратаваць сытуацыю, пагадзіўся вылучыць сваю кандыдатуру даўні актывіст партыі, паважаны грамадзкі дзеяч, пэдагог і перакладчык Лявон Баршчэўскі. Яму, былому дэпутату Вярхоўнага Савету і выканаўцу абавязкаў старшыні БНФ пасьля эміграцыі Пазьняка, не займаць палітычнага вопыту. А як удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху і адзін з заснавальнікаў Беларускага ліцэю, Баршчэўскі мае неаспрэчны маральны аўтарытэт.

Мінулыя 8 гадоў ён ухіляўся ад палітычнае дзейнасьці, як мог. Аднак уначы з суботы на нядзелю ён вымушаны быў вярнуцца да палітычнай дзейнасьці.

Вінцук Вячорка падтрымаў Лявона Баршчэўскага. А Алесь Міхалевіч заявіў, што здымае сваю кандыдатуру на карысьць Баршчэўскага.

У бюлетэні для галасаваньня ўнесена толькі адно прозьвішча – Баршчэўскі. Вынік: «за» 211 дэлегатаў з 236.

Такім чынам, зьмена на чале Партыі БНФ адбылася, але яшчэ не на карысьць наймалодшага пакаленьня. Партыю ўзначаліў палітычны цяжкавагавік, які мае вялікі грамадзкі аўтарытэт і ў той жа час дасьведчаны ў апаратных гульнях. Можна чакаць, што вага Партыі БНФ у Аб'яднаных дэмакратычных сілах узрасьце, а кааліцыя АДС захаваецца. Яшчэ ў канцы 1990-х Баршчэўскі зарэкамэндаваў сябе як прыхільнік нацыянальнага адзінства і кампрамісаў.

У сваім першым выступе ў якасьці старшыні Лявон Баршчэўскі прапанаваў кандыдатуры сваіх намесьнікаў. Першым намесьнікам, намесьнікам у міжнародных справах – Вінцук Вячорка; у справах рэгіянальнай палітыкі – Сяргей Мальчык; у справах інфармацыйнай і ідэалягічнай працы – Аляксей Янукевіч; па правядзеньні масавых акцыяў – Віктар Івашкевіч; у справах арганізацыйнай працы і выбарчых кампаніяў – Уладзімер Лабковіч.

Ён не прапанаваў пасадаў намесьнікаў старшыні ні Міхалевічу, ні Губарэвічу, прыхільнікам абнаўленьня партыі.

Баршчэўскі заявіў, што зьбіраецца працаваць на пасадзе старшыні толькі два гады як антыкрызысны мэнэджэр, і што радыкальных зьменаў у партыі ня будзе. Ён падтрымаў прапанову Віктара Івашкевіча выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 12 сьнежня, напярэдадні візыту Пуціна, на акцыю пратэсту.

Сваімі намесьнікамі абраны сёньня старшынём партыі Лявон Баршчэўскі прапанаваў Вінцука Вячорку, Віктара Івашкевіча, Уладзімера Лабковіча, Сяргея Мальчыка ды Аляксея Янукевіча. Шэраг дэлегатаў прапанаваў на пасады намесьнікаў старшыні кандыдатуры Алеся Міхалевіча, Ігара Лялькова ды Юрася Губарэвіча.

У выніку галасаваньня першым намесьнікам, намесьнікам у міжнародных справах абралі Вінцука Вячорку. На гэтую пасаду ён балятаваўся безальтэрнатыўна.

Намесьнікам у справах рэгіянальнай палітыкі стаў Юрась Губарэвіч, які перамог Сяргея Мальчыка.

Намесьнікам старшыні ў справах інфармацыйна-ідэалягічнай працы абралі Аляксея Янукевіча. Саступіў яму прапанаваны дэлегатамі сходу Ігар Лялькоў.

Віктар Івашкевіч зоймецца арганізацый палітычных кампаніяў і працай з мэтавымі групамі. Як і Вячорка, ён балятаваўся безальтэрнатыўна. Партыйнае будаўніцтва і сувязь з палітычнымі суб’ектамі ачоліць Алесь Міхалевіч. Ён перамог Уладзімера Лабковіча, прапанаванага Лявонам Баршчэўскім.

Новаабраны старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі пракамэнтаваў вынікі галасаваньня: «Будзем працаваць разам, і там пабачым. Калі будуць выконваць усе тыя абавязкі, якія на іх ускладзеныя... Калі не, то ніхто не забараняе нам склікаць датэрміновы зьезд і паставіць пытаньне пра адмену паўнамоцтваў. Тое самае і па старшыні: калі я ня буду спраўляцца, то таксама папрашу датэрміновы зьезд і датэрміновае складаньне паўнамоцтваў».

Глядзіце таксама фотарэпартажы Юліі Дарашкевіч і Андрэя Лянкевіча.

Субота

Працу Дзесяты зьезд Партыі БНФ пачаў традыцыйна – з выкананьня гімну “Магутны Божа”. Над сцэнай вісеў вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Нейкай асаблівай напружанасьці ў залі, як было хаця б на апошнім Кангрэсе дэмакратычных сіл, не адчувалася.

Месца ў прэзыдыюме занялі сёньняшні старшыня Партыі Вінцук Вячорка, а таксама чатыры ягоныя намесьнікі – Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч, Юры Хадыка і Аляксей Янукевіч.

Першаму слова было прадстаўлена Вячорку, які зрабіў невялікую справаздачу па працы Партыі за апошнія два гады. Ён адразу прапанаваў ушанаваць хвілінаў маўчаньня тых фронтаўцаў, які за гэты тэрмін пайшлі з жыцьця – Кастуся Мысьляўца, Тамару Грузнову, Цімоха Вострыкава. Таксама Вячорка зачытаў вершаванае прывітаньне ад народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які праз кепскі стан здароўя ня змог прыйсьці на зьезд. Барадулін напісаў наступнае: “Ад сэрца жадаю Народнаму фронту, Застацца адзіным без капрамонту”.

У заслугі БНФ Вячорка паставіў тое, што Партыя зрабіла Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам ад апазыцыі на леташніх выбарах. Вячорка таксама перакананы, што асноўную працу на тых выбарах зрабілі таксама фронтаўцы. У актыў Партыі старшыня занёс і сёлетнія мясцовыя выбары.

Віктар Івашкевіч зрабіў акцэнт у сваім выступе на ўдалых вулічных акцыях апазыцыі, дзе Партыя БНФ прымала непасрэдны ўдзел. Алесь Міхалевіч расказаў пра сваю падтрымку рэгіянальным структурам БНФ, а таксама звольненым з працы фронтаўцам.

Пасьля справаздач пачаліся спрэчкі дэлегатаў зьезду. Агулам з трыбуны захацела нешта сказаць аж 23 чалавекі, кожнаму зь іх далі па пяць хвілінаў на выступ.

Ужо ў першым выступе Галіна Сямдзянава прапанавала, каб Партыя БНФ вылучыла свайго кандыдата на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Алег Юркін зрабіў удакладненьне, каб гэтае вылучэньне адбывалася ў рамках Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Дэлегаты зьезду ўхвалілі гэтыя прапановы.

З вуснаў выступоўцаў было багата крытыкі, як у бок Міхалевіча, так і Вячоркі. Адны заклікалі галасаваць за свайго кандыдата, іншыя – за свайго. Хіба што ў падтрымку Віктара Івашкевіча выступіў толькі Кастусь Смолікаў зь Віцебску.

Падчас вылучэньне кандыдатаў на пасаду старшыні сэнсацый не адбылося, як і чакалася былі прапанаваныя Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч. Кожны зь іх меў дзесяціхвілінны перадвыбарчы выступ. Амаль адразу пасьля іх і пачалося галасаваньне.

Падчас перапынку я меў нямала размова з дэлегатамі зьезду. Практычна кожны зь іх ацэньваў шанцы Вячоркі і Міхалевіча на перамогу, як 50:50. Усе сыходзіліся ў меркаваньні, што лёс старшынства вырашыцца ўсяго некалькімі галасамі.

Вынікі першага туру былі наступнымі: Вінцук Вячорка – 107 галасоў, Алесь Міхалевіч – 104, Віктар Івашкевіч – 26. Гэта азначала, што для выяўленьня старшыні неабходны другі тур. Івашкевіч, які выбыў з гонкі за старшынства, паабяцаў у другім туры падтрымаць Вячорку.

У той момант мала хто з дэлегатаў сумняваўся ў чарговай перамозе дзейснага старшыні. Некаторыя прыхільнікі Міхалевіча, кінуўшы ў скрыню бюлетэнь, сумна пабрылі да выхаду.

Спачатку зьявілася інфармацыя, што вынікі галасаваньня агучаць толькі ў нядзелю, аднак усе, хто застаўся ў ДК МАЗ, даведаліся іх адразу пасьля падліку.

Вінцук Вячорка – 118, Алесь Міхалевіч – 110. Такім чынам, Вячорку для перамогі не хапіла ўсяго чатырох галасоў. Паводле статуту Партыі пераможцам абвяшчаецца кандыдат, які набраў 50% плюс адзін голас. На гэтым зьезьдзе такім кворумам быў бы вынік у 122 галасы.

Адразу пасьля агучваньня вынікаў Алесь Міхалевіч заявіў, што не прызнае сваю паразу . Вячорка ж лічыць, што на перамагла ягоная лінія .

Што будзе заўтра на зьезьдзе не бярэцца гадаць ніхто.

Біяграфія Лявона Баршчэўскага

Нарадзіўся 4 сакавіка 1958 у Полацку.

Скончыў Менскі пэдагагічны інстытут замежных моваў на спэцыяльнасьці нямецкая і ангельская мовы, пасьля асьпірантуру пры Менскім пэдінстытуце замежных моваў. Кандыдат філялягічных навук. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня ад Наваполацку. У 1996-1999 выконваў абавязкі старшыні Партыі БНФ. Заснавальнік і намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю. У 2003—2005 узначальваў Беларускі ПЭН-Цэнтар. Перакладаў Эсхіла, Пэтрарку, Каўку, Брэхта, Бёля. Перакладаў больш як з трыццаці моваў. Гаворыць на сямі мовах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?