Вясною 1930 г. бацьку (яму ішоў 12 год) разам з сям'ёю выслалі ў Котлас. Але праз паўгода (ці крыху больш) дзяцей улады вырашылі вярнуць у родныя мясціны (бацька нават сцвярджаў, што было гэта зроблена па патрабаванні англійскага Чырвонага Крыжа). Дарэчы, пра падобнае вяртанне апавядаў у сваіх «Успамінах літаратуразнаўца» Антон Семяновіч (1917—2000).

Жыў у сваякоў. Закончыўшы сямігодку, пачаў вучыцца на настаўніцкіх курсах, але ў хуткім часе быў выключаны як сын ворага народа.

Далейшы ягоны лёс, аказваецца, вызначылі высокія партыйныя чыны. 9 ліпеня 1937 г. Васіль Шаранговіч, адказваючы, відаць, на патрабаванне т. Сталіна, напісаў наступнае: «… намі ўлічана раней высланых, але якія вярнуліся кулакоў і крымінальнікаў у Беларусі 12.800 чалавек, з гэтае колькасці прапануем расстраляць 3 тыс. чалавек, як найбольш варожых, што вядуць актыўную контррэвалюцыйную работу, і выслаць за межы Беларусі 9.800 чалавек менш актыўных, але варожых элементаў» (дакумент з блога Г.Лабадзенкі).

Бацьку арыштавалі 18 ліпеня 1937 г. У групу «найбольш варожых» ён не трапіў. Быў адно асуджаны 7 жніўня 1937 г. на 10 гадоў. У студзені 1944 г. яму дадалі яшчэ 2 гады.

Усяго на лесараспрацоўках Комі АССР адбыў 11 гадоў 2 месяцы і 7 дзён.

Вызвалены 25 верасня 1948 г. «Заробленых» 165 руб. 38 кап. хапіла на білет да Слуцка. Прывёз на радзіму грамату («Кто работает сегодня хорошо — завтра должен работать лучше») і хваробы, ад якіх і памёр у 69 гадоў.

Рэабілітавалі бацьку праз два гады пасля смерці. Улады БССР, аднак, не палічылі патрэбным паведаміць пра рашэнне пракуратуры Мінскай вобласці сям'і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?