Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) патрабуе ад дзяржаўных органаў і службовых асоб спыніць адміністрацыйны пераслед і націск на журналістаў-фрылансераў у сувязі з размяшчэннем імі матэрыялаў у замежных СМІ. 

БАЖ заяўляе аб неправамернасці пераследу рэпарцёраў, чые імёны і матэрыялы з'яўляюцца ў замежных СМІ. «Націск на такіх журналістаў мае адкрыты характар запалохвання і шантажу і супярэчыць нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь у сферы забеспячэння свабоды распаўсюджвання інфармацыі», — гаворыцца ў заяве арганізацыі, размешчанай 26 верасня на сайце БАЖ. 

У прыватнасці, зазначаецца, што 25 верасня суд Бабруйска аштрафаваў на 32 базавыя велічыні (4,8 млн. рублёў) журналіста недзяржаўнай газеты «Бобруйский курьер» Марыну Малчанаву. Прычынай для распачынання справы стаў матэрыял за подпісам Малчанавай, размешчаны на сайце польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат», які вяшчае на Беларусь.

Журналістку абвінавацілі ў «незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 ч. 2 КоАП РБ). Згодна з пратаколам, складзеным падпалкоўнікам міліцыі Сяргеем Рудзько, Малчанава «зрабіла інтэрв'ю з грамадзянкай…», «не маючы адпаведнай акрэдытацыі на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ».

«Асаблівую занепакоенасць выклікае інфармацыя, якую Марына Малчанава паведаміла суду на слуханнях 23 верасня: пры азнаямленні з матэрыяламі сваёй справы яна знайшла ў іх матэрыялы іншай адміністрацыйнай справы, аналагічнай па змесце і вырашанай не на карысць журналіста. Гаворка ідзе аб справе Алеся Залеўскага, з якога ў маі Карэліцкі раённы суд пастанавіў спагнаць 4,5 млн. рублёў (30 базавых велічынь) за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Журналістка небеспадстаўна лічыць, што гэтыя дакументы маглі аказаць націск на суд, аб чым яна і праінфармавала Міністэрства юстыцыі», — падкрэсліваецца ў заяве БАЖ.

Некалькімі днямі раней, 16 верасня, у Магілёве супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі агляд кватэр журналіста Аляксандра Буракова і яго бацькоў. Некалькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў раніцай фактычна ўварваліся ў кватэру Буракова на падставе пастановы, падпісанай часова выконваючым абавязкі начальніка ООПП Ленінскага РАУС Магілёва В.С.Пугачова і санкцыянаванага пракурорам Магілёва М.Б.Вульвачам. Пасля канфіскацыі камп'ютарнай тэхнікі ў журналіста супрацоўнікі правялі агляд у кватэры яго бацькоў (па іншым адрасе), дзе таксама канфіскавалі сістэмныя блокі камп'ютараў. Падставай для правядзення міліцэйскай аперацыі стала размяшчэнне некалькіх артыкулаў Буракова на сайце www.dw.de. 30 верасня журналіста чарговы раз выклікаюць у міліцыю, дзе будзе вырашацца лёс гэтай адміністрацыйнай справы.

БАЖ звяртае ўвагу на тое, што палажэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне заканадаўства аб СМІ» не першы раз выкарыстоўваюцца неправамерна ў дачыненні да журналістаў, якія адпраўляюць свае матэрыялы ў замежныя медыя. Такая практыка парушае як унутранае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, гэтак і міжнародныя абавязацельствы дзяржавы ў сферы свабоды выказвання меркавання, падкрэсліваецца ў заяве.

У прыватнасці, названы артыкул не прадугледжвае адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі. «Прыраўноўванне «працы без акрэдытацыі» да незаконнага вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ неправамернае хоць бы таму, што прадукцыю масавай інфармацыі робіць не журналіст, а рэдакцыя СМІ, яе распаўсюджваннем займаецца — зноў жа — рэдакцыя СМІ, а не аўтар», — зазначаюць у БАЖ.

Больш за тое, гаворыцца ў заяве, патрабаванне акрэдытацыі беларускіх грамадзян у МЗС Беларусі для атрымання і распаўсюджвання інфармацыі парушае Канстытуцыю і міжнародна-прававыя абавязацельствы Беларусі. 

«Дзеянні журналістаў-фрылансераў (г.зн. якія не знаходзяцца ў штаце СМІ і прапаноўваюць свае матэрыялы розным медыя, як беларускім, гэтак і замежным), не падпадаюць ні пад адно з дапушчальных падстаў для абмежавання права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне інфармацыі, — падкрэсліваецца ў заяве. — Больш за тое, пераслед журналістаў за прафесійную дзейнасць і грамадзян за рэалізацыю правоў, гарантаваных Канстытуцыяй, парушае палажэнні Асноўнага закона краіны, узятыя ёю на сябе міжнародныя абавязацельствы, падрываюць імідж Рэспублікі Беларусь».

БАЖ патрабуе, каб упаўнаважаныя службовыя асобы прынеслі пратэсты на судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў па ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама каб «суб'екты нарматворчасці Рэспублікі Беларусь» прывялі акты заканадаўства Беларусі ў сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?