Беларускія грацыі не трапілі ў лік прызёраў у фінале мнагабор'я чэмпіянату свету па мастацкай гімнастыцы ў турэцкім Ізміры.

Лідарка беларускай зборнай Меліціна Станюта ў суме чатырох практыкаванняў (мяч, абруч, стужка, булавы) набрала 69,482 бала і заняла сёмую выніковую пазіцыю ў пратаколе спаборніцтваў. Радком ніжэй апынулася яшчэ адна беларуска Кацярына Галкіна. Трыумфатарамі сусветнага першынства сталі расійскія «мастачкі» — Яна Кудраўцава заваявала чэмпіёнскі тытул (75,266 бала), срэбра ў Маргарыты Мамун (74,149). Бронзавы медаль у актыве ўкраінскай гімнасткі Ганны Рызатдзінавай (72,449).

Па выніках асабістых спаборніцтваў прыз за элегантнасць атрымала Яна Кудраўцава. У Ізміры 16-гадовая расіянка была лепшай, заваяваўшы золата ў чатырох намінацыях — мнагабор'е, абруч, мяч і булавы, а таксама серабро ў практыкаваннях са стужкай.

У скарбонцы беларускіх спартсменак пакуль дзве ўзнагароды сусветнага першынства — срэбра ў камандным турніры (Меліціна Станюта, Кацярына Галкіна, Арына Шарапа) і бронза Станюты ў практыкаваннях з мячом.

Цяпер на чэмпіянаце свету ў барацьбу за ўзнагароды ўступяць «групавічкі» — сёння будуць вызначаны лепшыя каманды ў мнагабор'і, а ў заключны дзень спаборніцтваў, 28 верасня, адбудуцца фіналы групавых спаборніцтваў з асобнымі прадметамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?