Годзіку ў 1997‑м я пачуў ад аднаго бізнэсоўца ад незалежнай прэсы такую думку пра апазыцыю БНФ у Вярхоўным Савеце: маўляў, што гэта за дэпутаты, якія сабе нават на «Жыгуль» не змаглі зарабіць. Што праўда, у тыя часы спажывецкія тавары, у тым ліку аўтамабілі, былі не такімі даступнымі як цяпер.
Фразу я ўзгадаў у 2000‑м годзе, калі ехаў рабіць рэпартаж зь мітынгу апазыцыі на пл. Я. Коласа.
Дакладней, я ляцеў, бо спазняўся ‑‑ хвілін на 20, ня менш. І так мне было прыкра, бо толькі пачынаў займацца рэпартэрстам. І перажываў, што ў матэрыяле ня будзе галасоў з адкрыцьця, і што за тыя 20 хв. можа адбыца які‑небудзь экшн, кшталту мачылава.
Заяўляльнікам акцыі быў Лявон Баршчэўскі, значыць ён мусіў адкрываць мерапрыемства.
Я чакаў тралейбус «двушку» ля цырку. На прыпынку быў натоўп. І у тралейбусе, што падышоў, быў натоўп. Натоўп з прыпынку ўнес мяне галавоў наперад у натоўп у тралейбусе. Проста ў палітон нейкаму спадару, які вісеў на парэнчах. Пэўны час я ня мог нават разагнуцца. А калі даў рады выпрастацца, заўсьміхаўся ў твар свайму вымушанаму сесуду. Я зразумеў, што не спазьнюся на адкрыцьцё акцыі.
На маю ўсьмешку са зьдзіўленьнем глядзеў Лявон Баршчэўскі.