— Мужыкі, а што вы тут будуеце? — Гасцініцу будуем. — Хутка скончыце? — Чорт ведае. Мы унутранай аддзелкай займаемся. Нібы да зімы яшчэ праца тут будзе. А як у іншых — не скажам.

Двое будаўнікоў, якіх сустракаю з пакетамі малака ў руках недалёка ад цырка, не вельмі гаваркія. Ці то расказваць пра свой аб’ект не хочуць, ці то самі няшмат ведаюць. І другі варыянт цалкам рэальны.

На пашпарце аб'екта напісана, што будуецца тут шматфункцыянальны комплекс і гатэль «Кемпінскі». Праўда ў прэсс-службе «Кемпінскі» у Маскве Еўрарадыё кажуць, што ніякіх дамоваў у Беларусі не маюць. На сайце ў планах таксама няма гатэля гэтай сеткі ў Мінску.

«Мы ў гэтым праекце больш не удзельнічаем, як кампанія «Кемпінскі». На дадзены момант у Беларусі ў нас няма ніводнай падпісанай дамовы».

Раней былі такія планы, але падпісанай дамовы няма, ці будзе ў прэс-службе не ведаюць.

Вось, што кажа некалькі гадоў таму Рэто Вітвер, галоўны ўпраўляючы групай гатэляў «Кемпінскі».

«Мінск для нас з'яўляецца праектам найвышэйшай важнасці. Мы прысутнічаем у Расіі, вельмі добра ў Еўропе. Але Мінск дагэтуль адсутнічаў у нашай стратэгіі. Тут мы маем магчымасць працаваць у гістарычным цэнтры і гэта найбольш каштоўна для нас».

Кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька таксама акцэнтаваў увагу, што будуецца менавіта «Кемпінскі».

«Для нас гэты праект з пункту гледжання нарошчвання паслуг неацэнны. Гатэль «Кемпінскі» знаходзіцца ў 140 краінах свету. Знаходзіцеся вы ў Кейптаўне, а ў даведніку, які ляжыць у вас у нумары, будзе гасцініца «Кемпінскі» ў Мінску. Для нас гэта прынцыпова важна, і мы адчыняем сёння сябе…», — казаў ён.

Пра адкрыццё гатэля «Кемпінскі», заяўлялі ў красавіку 2014 года да чэмпіянату па хакеі ў Мінску. Указ прэзідэнта нават прапісвае канкрэтную дату — «ўвод у эксплуатацыю пускавога комплексу, які ўключае гасцініцу, да 1 мая 2014 года».

У тэксце ўказа таксама гаворыцца, што будуецца менавіта гатэль «Кемпінскі». І будуецца да чэмпіяната свету па хакеі.

З гэтай нагоды указ дае шмат ільготаў для будаўніцтва. Тавары, якія ўвозяцца з-за мяжы, вызваленыя ад мытных пошлін і ПДВ. Замоўца будаўніцтва вызваляецца ад пакрыцця выдаткаў на знос будынкаў, адлічэнняў у фон прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, зямля даецца ў арэнду без аўкцыёна. Таксама указ рэкамендуе Мінгарвыканкаму вызваліць замоўцу ад мэтавых збораў у гарадскі бюджэт.

Праўда, нават з такімі шыкоўнымі льготамі будынак не паспелі пабудаваць да чэмпіянату. І дагэтуль будоўля за высокім плотам, на абодвух уездах шлагбаумы і будкі з кантралёрамі, праз шчыліны ў плоце можна разгледзець, што да здачы будынка яшчэ далёка.

У дадатак стала вядома, што сама сетка «Кемпінскі» ніякага дачынення да будоўлі не мае. Мала што там на плоце напісана.

СТАА «Эліт Эстэйт» была створаная ў лютым 2012 года.

Заснавальнікамі таварыства сталі група кампаній «Трайпл», якая належыць Юрыю Чыжу, і ТАА «Сіці Эстэйт» з Масквы. За два гады існавання сайт кампаніі так і не запрацаваў у поўным рэжыме. Адзіным вядомым праектам «Эліт Эстэйт» застаецца будаўніцтва гатэля «Кемпінскі» у цэнтры Мінска.

***

Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.05.2010 № 243

Вызваліць заказчыка ад:

— Пакрыцця страт, якія прычыняюцца землекарыстальнікам адабраннем зямельнага ўчастка і зносам размешчаных на ім аб'ектаў нерухомасці ў сувязі з будаўніцтвам комплексу, а таксама іншых расходаў, звязаных з адабраннем і (або) прадастаўленнем зямельнага ўчастка

— Абавязка ажыццяўляць адлічэнні ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва;

— Абавязацельстваў па стварэнні і прадастаўленню сацыяльнага і (або) службовага жылля катэгорыям грамадзян, вызначаным заканадаўствам;

Вызваліць удзельнікаў інвестыцыйнага праекта:

— Ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства спецыяльных дазволаў на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь.

— Названых замежных грамадзян і асоб без грамадзянства — ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь.

Рэкамендаваць Мінскаму гарадскому Савету дэпутатаў і Мінскаму гарвыканкаму вызваліць заказчыка ад выплаты мэтавых збораў у бюджэт Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?