Расійскае выданне «Дзелавы Пецярбург» апублікавала рэйтынг найбагацейшых прадпрымальнікаў горада на Няве. У спіс увайшло 158 чалавек, чые багацці перавышаюць 1 млрд расійскіх рублёў. З іх 8 — ураджэнцы Беларусі.

Узначаліў рэйтынг адзін з найбліжэйшых сяброў Уладзіміра Пуціна, уладальнік інвестфонда Volga Resources Генадзь Цімчанка. Пасля таго, як бізнэсовец трапіў пад санкцыі ЕС і ЗША, ён прадаў свае долі ў нафтатрэйдары Gunvor, «Рускім моры» і кампаніі СІБУР. Маёмасць Цімчанкі ацэнена ў 604 млрд рас. рублёў.

У верхняй частцы рэйтынгу знаходзяцца яшчэ некалькі сяброў прэзідэнта Расіі, якія трапілі пад санкцыі. Другое месца займае чэмпіён тэндарных таргоў, галоўны падрадчык «Газпрома» Аркадзь Ратэнберг (135,5 млрд рас. рублёў), шостае — акцыянер банка «Расія» Юрый Кавальчук (75,25 млрд рас. рублёў).

Ёсць у спісе паспяховых бізнэсоўцаў і ўраджэнцы Беларусі.

Андрэй Клямко, Навагрудак

Сёмае месца ў рэйтынгу «Дзелавога Пецярбурга» заняў ураджэнец Наваградка Андрэй Клямко. Капітал бізнэсоўца ацэнены ў 70, 11 млрд рас. рублёў. Ён таксама звязаны з Пуціным. Клямко ўзначальвае Пецярбургскую федэрацыю самба і з'яўляецца першым віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай аматарскай федэрацыі самба. Ганаровым прэзідэнтам міжнароднай арганізацыі, як вядома, з'яўляецца кіраўнік Расеі.

Цікава, што асноўныя актывы Клямко знаходзяцца ва Украіне. Ён — партнёр мясцовага бізнэсмэна Вадзіма Навінскага па «Смарт-Холдынгу». У сваю чаргу, Клямко і Навінскі звязаныя з галоўным украінскім алігархам Рынатам Ахметавым, яны — саўладальнікі металургічнага холдынгу «Метінвест». Былы навагрудчанін з'яўляецца саўладальнікам украінскай нафтаздабываючай кампаніі Regal Petroleum, вядзе сельскагаспадарчы бізнес (Harwest і «Верас»), мае долю ў порце ў Ачакаве і ў некалькіх суднабудаўнічых заводах на Чорным моры.

Сяргей Бадруноў, Буда-Кашалёўскі раён

На 11-м месцы (капітал 44, 28 млрд рас. рублёў) Сяргей Бадруноў. Бізнэсмен нарадзіўся ў вёсцы Брылёва ў Буда-Кашалёўскім раёне і бізнес пачаў у Беларусі: спачатку прадаваў прававую інфармацыю, потым камп'ютары і аргтэхніку. Зарабіўшы на гэтым пачатковы капітал, ён перабраўся ў Санкт-Пецярбург, дзе інвеставаў у прамысловыя прадпрыемствы. У пачатку 2000-х гадоў ён кантраляваў некалькі дзясяткаў, у асноўным, прыборабудаўнічых заводаў і на іх базе стварыў прыборабудаўнічы холдынг — «Карпарацыю «Аэракасмічнае абсталяванне». У канцы 2000-х гадоў ён некаторы час узначальваў гарадскі камітэт эканамічнага развіцця. З 2012 года Бадруноў распрадае машынабудаўнічыя актывы, завяршыўшы гэты працэс ў 2014 годзе саступкай усіх актываў «Аэракасмічных абсталяванняў» дзяржкарпарацыі «Растэхналогіі». Угода ацэненая ў 190 млн даляраў, якія бізнэсмен цяпер інвестуе ў IT-сектар, вытворчасць аўтакампанентаў і камерцыйную нерухомасць.

Вячаслаў Заранкоў, Орша

Багацці аднаго з найбуйнейшых будаўнічых бізнэсменаў паўночнай сталіцы складаюць 20,25 млрд рас. рублёў, у рэйтынгу Заранкоў 40-ы.

У Санкт-Пецярбургу ён апынуўся ў 1973 годзе, калі працаўладкаваўся ў кіраванне «Главзапстроя» Міністэрства будаўніцтва СССР. У ім ён прайшоў шлях ад рабочага- арматуршчыка да кіраўніка ўпраўлення. У 1987 Заранкоў стварыў і ўзначаліў ЗАТ «ЛенСпецСМУ», якое пазней было ператворана ў будаўнічую групу «Эталон». Кампанія будуе ў Санкт-Пецярбургу і маскоўскім рэгіёне, у 2011 годзе яна выйшла на Лонданскую фондавую біржу.

Бізнесмен актыўна займаецца навуковай дзейнасцю, выдае кнігі і прадзюсіруе фільмы.

Аляксандр Яўневіч, Шуміліна

Маёмасць ураджэнца Шуміліна, які заняў у рэйтынгу 45-е месца, складае 19,5 млрд рас. рублёў. Ён вучыўся на матэматыка-механічным факультэце ЛДУ, працаваў у ВНДІ гідратэхнікі ім. Ведзянеева, а ў 1994 годзе разам з партнёрамі заснаваў кампанію «Орымі Трэйд». Спачатку яна гандлявала мукой, цукрам і тушонкай, а потым засяродзілася на дыстрыбуцыі чаю. Цяпер «Орымі» вырабляе і прадае траціну чаю і кавы на расійскім рынку. Другі буйны бізнэс Яўневіча — гэта сетка па продажы тавараў для рамонту і будаўніцтва «Максідом». У 2011 годзе ён стаў акцыянерам пецярбургскага банка «Аб'яднаны капітал».

Ігар Буката, Нясвіжскі раён

Бізнэсмен нарадзіўся ў знакамітым пасёлку Сноў, пераехаў у Ленінград, дзе ў 1989 годзе разам з работнікамі Камбіната абліцавальных і будаўнічых матэрыялаў утварыў другі кааператыў у горадзе. На яго базе і сфармавалася група «Адраджэнне», якая выбрукавала большасць тратуараў у цэнтры горада. З-за памяншэння заказаў група асноўную дзейнасць перанесла на Туркменістан і іншыя краіны Усходу. Буката ў рэйтынгу — на 80-м месцы, яго багацце — 8, 29 млрд рас. рублёў.

Валерый Сердзюкоў, Буда-Кашалёўскі раён

Экс-губернатар Ленінградскай вобласці нарадзіўся ў вёсцы Харошаўка ў Буда-Кашалёўскім раёне. Афіцыйна ён бізнэсам не займаецца, на гэтай ніве атрымалі поспех яго сыны, што дало падставу складальнікам рэйтынгу змясціць Сердзюкова на 123-ы радок. Маёмасць сям'і ацэнена ў 3 млрд рас. рублёў. Адзін з сыноў, Вадзім, з'яўляецца арандатарам буйных лясных і паляўнічых угоддзяў у вобласці і субпадрадчыкам будаўніцтва газаправода Nord Stream. Дзянісу належаць актывы ў лясной і сельскагаспадарчай галінах.

Сяргей Снапок, Барысаў

Кіраўнік паліўнага холдынгу «Фаэтон» займае 145-е месца, яго маёмасць зараз складае 1,5 млрд рас. рублёў. У 2008 годзе былы барысаўчанін меў у горадзе 50 АЗС, сельгасугоддзі ў 50 тыс. гектараў, тарфяны бізнэс, а таксама шэраг аб'ектаў нерухомасці. У 2009 годзе холдынг пацярпеў банкруцтва, пазыка перад банкамі складала больш за 4 млрд рас. рублёў. Але мудрагеліста выбудаваная юрыдычная абарона дазваляе Снапкову захоўваць кантроль над актывамі і іх фінансавымі патокамі па гэты дзень.

Яўген Яцышык, Віцебск

Ураджэнец Віцебска ў рэйтынгу займае 153-е месца з капіталам 1,28 млрд рас. рублёў. Ён быў да 2011 года адным з саўладальнікаў створанай аднакурснікамі па эканамфаку ЛДУ найбуйнейшай піцерскай будаўнічай кампаніі — групы ЛСР. У 2011 годзе Яцышын прадаў долю, але застаецца кіраўніком па развіцці кампаніі. Некаторы час ён узначальваў гарадскі камітэт па будаўніцтве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?