«Мы рэалісты і, натуральна, не чакаем, што беларускія ўлады выканаюць усе 12 умоваў ЭЗ адразу», — заявіў у інтэрвію Белапан вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу па супольнай замежнай палітыцы і бясьпецы Хаўер Саляна.

Ён нагадаў, што ў выдадзеным у 2006 годзе дакумэнце «Што Эўрапейскі зьвяз можа даць Беларусі» выкладзеныя ўсе выгады паўнавартаснага ўдзелу краіны ў Эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва і 12 умоў, якія неабходна для гэтага выканаць.

«Відавочна, што ўсё ня можа зьмяніцца за адну ноч, — зазначыў Х.Саляна. — Аднак нам неабходна убачыць пачатак канкрэтнага і пераканаўчага працэсу дэмакратызацыі, які паступова прывядзе да выкананьня ўсіх 12 пунктаў, згаданых у дакумэнце». Пры гэтым Х.Саляна падкрэсьліў, што ёсьць «пэўныя мінімальныя ўмовы», выконваць якія неабходна ў першую чаргу. «Самая важная сярод іх — вызваленьне палітзьняволеных і спыненьне арыштаў і перасьледу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі», — сказаў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ.

Х.Саляна таксама зазначыў, што парлямэнцкія выбары ў 2008 годзе даюць Беларусі выдатную магчымасьць прадэманстраваць станоўчыя зьмены. «Сярод магчымых крокаў у гэтым напрамку я б хацеў назваць уключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі і рэгістрацыю апазыцыйных кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах», — сказаў Х.Саляна. Ён падкрэсьліў, што канкрэтныя захады з боку Беларусі дазволілі б пачаць «будаўніцтва рэальнага партнэрства». «Пры гэтым павінна быць відавочна, што гэтыя крокі будуць спрыяць паляпшэньню сытуацыі, а не яе пагаршэньню», — падкрэсьліў прадстаўнік ЭЗ.

Паводле яго слоў, Эўразьвяз занепакоены пытаньнем пра свабоду сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. «Мы раней ужо ня раз казалі пра неабходнасьць свабоднага распаўсюду незалежных недзяржаўных выданьняў», — нагадаў Х. Саляна. Ён заявіў, што ЭЗ мае намер «уважліва сачыць» за судовым разборам паводле іску члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мікалая Чаргінца да газэт «Новы час» і журналіста Аляксандра Тамковіча. «Вельмі важна, каб судзьдзі не выкарыстоўваліся для таго, каб прымусіць газэты замаўчаць», — падкрэсьліў Х. Саляна.

Эўразьвяз гатовы пачаць перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму і пагадненьні пра рэадмісію, як толькі краіна стане паўнавартасным удзельнікам Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва (ЭПД).

Паводле яго слоў, толькі ў гэтым выпадку магчыма зьніжэньне цэнаў на шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі. Для грамадзян Украіны, Малдовы і Расеі цана на візы складае 35 эўра, бо з гэтымі краінамі заключаныя адпаведныя пагадненьні.

Х. Саляна падкрэсьліў, што ўсе выгады ад удзелу краіны ў ЭПД выкладзеныя ў дакумэнце «Што Эўрапейскі зьвяз можа даць Беларусі». «Наша прапанова Беларусі базуецца, у тым ліку, і на нашым жаданьні даць вам усе выгады ад удзелу ў ЭПД», — сказаў Х.Саляна.

Пры гэтым ён зазначыў, што ў ЭЗ добра разумеюць важнасьць кантактаў паміж людзьмі і спрабуюць гэтаму спрыяць. «Хаця цана шэнгенскай візы складае 60 эўра, ёсьць прадугледжаныя правіламі ЭЗ магчымасьці для адмены платы для студэнтаў, выкладчыкаў, дасьледчыкаў», — падкрэсьліў Х.Саляна. Ён зазначыў, што дзяржавы — члены ЭЗ могуць самастойна прымаць рашэньні пра зьніжэньне або адмену платы за візы для пэўных катэгорый грамадзян. «Мы заахвочваем дзяржавы-члены для выкарыстаньня такіх магчымасьцей, і мы ня хочам ізаляцыі Беларусі», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ.

Паводле яго слоў, Эўразьвяз, выдаючы дакумэнт «Што Эўрапейскі зьвяз можа даць Беларусі», даслаў рэспубліцы «выразны і ясны сыгнал» пра сваё жаданьне пабудаваць «рэальныя партнэрскія адносіны».

«Нас шмат што аб’ядноўвае. ЭЗ і Беларусь — суседзі, і ў нас сапраўды шмат важных прычын для больш шчыльнага супрацоўніцтва», — сказаў Х. Саляна.

Ён падкрэсьліў, што існуе шмат праблем, якія выклікаюць заклапочанасьць як у ЭЗ, гэтак і ў Беларусі. «Мы добра разумеем, што супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі і транспарту было б выгадным для абодвух бакоў», — зазначыў прадстаўнік ЭЗ.

Аднак, падкрэсьліў ён, партнэрства можа быць пасьпяховым толькі ў тым выпадку, калі яно базуецца на супольных каштоўнасьцях. Паводле слоў Х. Саляны, гэты прынцып застаецца «краевугольным каменем» падыходу Эўразьвязу да адносінаў зь Беларусьсю. «Гэтыя супольныя каштоўнасьці сфармуляваныя галоўным чынам у абавязацельствах АБСЭ, што падпісалі як Эўразьвяз, гэтак і Беларусь, а таксама ў канвэнцыях Рады Эўропы, — зазначыў Х. Саляна. — Шкада, што Беларусь не прызнае гэтыя каштоўнасьці. Праз гэта мы ўсе знаходзімся ў самым пачатку нашых стасункаў. Мяч цяпер на баку Беларусі. Мы ня пойдзем на кампраміс, калі гэта тычыцца тых каштоўнасьцяў, на якіх заснаваны ЭЗ».

Гаворачы пра палітычную і сацыяльную сытуацыю ў Беларусі, Х. Саляна зазначыў, што яна «хоча лепшага», асабліва ў пытаньнях дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека. «Але ЭЗ цьвёрда верыць, што рэалізацыя асноўных эўрапейскіх каштоўнасьцяў зяўляецца найлепшым і самым эфэктыўным спосабам для руху краіны наперад», — падкрэсьліў прадстаўнік ЭЗ.

Х. Саляна таксама зазначыў, што паляпшэньне прававых нормаў можа станоўча паўплываць на інвэстыцыйны клімат у Беларусі і дапаможа стварыць «больш надзейную аснову для росквіту і дабрабыту беларусаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?