У жыхара райцэнтру Клімавічы, што на Магілёўшчыне, Сяргея Аржанцава незвычайнае хобі. Ён ратуе беларускія кніжкі ад зьнішчэньня.

Дома ў яго вялікая бібліятэка, там нямала рарытэтных выданьняў. Іх Сяргей адшукаў у вясковых і школьных бібліятэках, якія ў раёне ўжо зачынілі.

За плячыма ў Сяргея Аржанцава васямнаццаць гадоў працы ў школьнай бібліятэцы. Як ён кажа, любоў да кнігі ў яго зь дзяцінства. Чытаць пачаў значна раней, чым аднагодкі — яшчэ ў дзіцячым садку. За гутаркай згадвае, як выхавацелька садзіла яго з кнігай і садкоўская грамада слухала ягонае чытаньне. Цяпер бяз кнігі ня можа сябе ўявіць, прызнаецца Сяргей:

«Не магу прайсьці міма, калі бачу, што ад кніг, якія маглі б яшчэ паслужыць людзям, пазбываюцца. Яны ідуць у макулятуру. Калі, напрыклад, закрылі бібліятэку ці знаёмцы пазбываюцца нейкіх кніг, то я найперш вазьму кнігі на беларускай мове. Цяпер цяжка адшукаць кнігі на беларускай мове. Гэта стала сапраўднай рэдкасьцю».

Частка ўратаваных беларускіх кніг

Частка ўратаваных беларускіх кніг

Сам Сяргей расеец, але беларускую мову лічыць сваёй улюбёнай. Кажа, што беларуская літаратура ўспрымаецца для яго душой як свая, празь яе ён прыйшоў да разуменьня і шанаваньня Беларусі:

«Калі чытаеш, то наталяесься моваю. І калі ў мяне ёсьць выбар — якую кнігу ўзяць і прачытаць, то я бяру кнігу па-беларуску», — зазначае Сяргей.

На просьбу назваць найбольш дарагія ў кнігазборы выданьні Сяргей ненадоўга задумваецца. «Кожная, — кажа пасьля паўзы, — для мяне дарагая». Але ўсё ж называе:

«Вось вялізны том Шэксьпіра, выдадзены яшчэ ў пяцідзесятыя гады. У ім п’есы, драматургія па-беларуску. Альбо вось кніга з дарчым надпісам Валянціны Шчадрыной. Яна надпісала яе паэту Бурсаву з Масквы, выхадцу з Клімавічаў. Яна пераклала зь беларускай на расейскую мову «Дзікае паляваньне караля Стаха». Гэта вельмі каштоўная кніга. Сапраўдны рарытэт. У ёй прадмова Васіля Быкава».

Адна з найбольш дарагіх кніг Аржанцава

Адна з найбольш дарагіх кніг Аржанцава

Але часьцей кніга, кажа Сяргей, рарытэтная не таму, што на ёй нечы аўтограф, а дзякуючы свайму зьместу ды таму, што стала рэдкай. Калі трапляюцца такія выданьні, то заўжды ловіш сябе на думцы, што мы ня ведаем свайго кніжнага багацьця, разьвівае думку суразмоўца. У невялікім горадзе, як тыя ж Клімавічы, можна шмат цікавых выданьняў адшукаць, кажа Сяргей:

«У свой час выдавалася шмат замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову. Выдадзены быў, напрыклад, «Дон Кіхот» Сэрвантэса. Шмат украінскіх, польскіх аўтараў. Было перакладзена шмат літаратуры для падлеткаў на беларускую мову, каб яны празь яе маглі далучыцца да скарбаў замежных аўтараў. І «Рабінзон Круза» і «Маўглі» — гэта ж было ўсё па-беларуску. Некалькі дзён таму я падарыў дзьве кнігі Фэнімора Купэра на беларускай мове — «Апошні з магікан» і «Зьверабой», каб кнігі надалей чыталіся. Калі цяпер кажуць, што няма чаго чытаць па-беларуску, то чаму не перавыдаюць усе гэтыя кнігі?»

Нямала беларускіх кніжак сьпісваецца зь бібліятэчнага фонду беспадстаўна, лічыць Сяргей. Іншым разам тлумачэньне звыклае — іх не чытаюць. Такі падыход, зазначае суразмоўца, недапушчальны:

«Чытачам трэба ўмець давесьці, што ёсьць добрая літаратура. Не зьвяртаць увагу на тое, што яна па-беларуску, а зьвяртаць — на зьмест. Сярод беларускай літаратуры, якую сьпісваюць, сустракаюцца кнігі краязнаўчага характару, гістарычныя, пазнавальныя, але замены ім проста няма. Наўрад ці іх перавыдадуць».

Частка бібліятэкі

Частка бібліятэкі

Шкадуе Сяргей, што не пра ўсе выпадкі закрыцьця бібліятэк у раёне ён даведваецца ў час. А бібліятэк, са скрухай адзначае ён, зачыняецца ўсё болей:

«Дзьве школы толькі зачынілі сёлета. Вось уявіце, колькі кніг зьнікла, — кажа ён. — Наўрад ці большая частка зь іх захавалася. Усё пайшло ў макулятуру. Лепей, вядома ж, каб разабралі б».

Пытаюся ў Сяргея, як да ягонага захапленьня ставяцца знаёмыя. Ці лічаць яго за дзівака? Ён усьміхаецца і адказвае, што ёсьць такія меркаваньні. На іх, аднак, Сяргей надта не зважае. Яго самога зьдзіўляюць людзі, у якіх няма цікавасьці да кнігі, а пагатоў да беларускай:

«Вось у мяне, напрыклад, я ўжо казаў, Шэксьпір, Талстой на беларускай мове, дык вось зьдзіўляюцца: «А які сэнс, — пытаюць, — чытаць іх па-беларуску, калі яны на расейскай мове ёсьць?» У нашых людзей пакуль яшчэ ёсьць непавага да сваёй нацыі. Такая прымітывізацыя мысьленьня. Такіх выпадкаў няшмат, хоць яны і ёсьць. Але ў асноўным людзі пазытыўна ставяцца да майго захапленьня».

Пры ўсіх недахопах цяперашніх бібліятэк Сяргей усё ж лічыць іх надзвычай важнымі ўстановамі. Ён адзначае, што празь іх грамадзтва можна далучыць да духоўных багацьцяў нацыі, прадэманстраваць яму, што ў беларусаў ёсьць свая літаратура, свае нацыянальныя клясыкі і, вядома, свае беларускія кнігі.

«Мы прыйдзем яшчэ да таго, што кніга стане прадметам гонару. Яна нікуды ня дзенецца. У Беларусі будуць свае сапраўдныя міністры культуры, для якіх будзе зразумела, што безь бібліятэк няма культуры — няма культурнай нацыі. Гэта прыйдзе. Так будзе».

Гэтак выглядае школьны кнігазбор перад зьнішчэньнем

Гэтак выглядае школьны кнігазбор перад зьнішчэньнем

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?