Будаўнічую галіну Беларусі ўсё больш акупуюць нелегалы, але ўлады не хочуць нічога прадпрымаць, бо сумніўныя субпадрадныя арганізацыі, якія робяць бізнэс на гастарбайтарах, дапамагаюць вырашыць праблему вострага недахопу будаўнічых кадраў.

Нагадаем, што 14 студзеня 2014 быў падпісаны Указ прэзідэнта №26 «Аб мерах па ўдасканаленні будаўнічай дзейнасці», якім было вызначана, што з 1 студзеня 2015 г да работ на будаўнічых аб'ектах 1-4 класа складанасці будуць дапускацца толькі арганізацыі і спецыялісты, якія маюць адпаведны атэстат допуску. У мэтах выканання ўказа была прынята пастанова Саўміна, а затым і пастанова Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, якія вызначалі парадак праходжання атэстацыі арганізацыямі і іх спецыялістамі. Усе гэтыя дакументы былі прынятыя па выніках працы міжведамаснай камісіі, якая разбіралася з праблемамі ў будаўнічай галіне.

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ўжо канстатуе, што ўведзеная атэстацыя дазволіла прыбраць з рынка сотні сумніўных кампаній, якія, маючы ў сваім распараджэнні толькі сталы і крэслы, бралі на сябе замовы не па сіле, а потым «паспяхова» іх завальвалі. Аднак гульцы рынку і прадстаўнікі бізнэс-асацыяцый кажуць, што рэальна амаль нішто не змянілася. Па сутнасці, атэстацыя робіць толькі касметычны «рамонт» будаўнічай галіны, а рэальныя праблемы па-ранейшаму назапашваюцца і хутка дадуць пра сябе знаць сур'ёзнымі наступствамі.

Эксперты сцвярджаюць, што зараз будаўнічы рынак Беларусі перажывае не лепшыя часы і ў сваім развіцці практычна паўтарае гісторыю расійскага рынку з яго велізарнай арміяй гастарбайтараў.

Нягледзячы на ўведзеную атэстацыю, сёння на будаўнічым рынку Беларусі па-ранейшаму працуе вялікая колькасць сумніўных кампаній. І пасля 1 студзеня 2015 года яны таксама застануцца на рынку.

Як распавёў «Ежедневніку» старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі рэцыклінгу і інавацый пры СЮА «РКП» Міхаіл Шчасны, сумніўныя арганізацыі ўжо не становяцца генпадрадчыкамі і забудоўшчыкамі, а цалкам добра пачуваюцца ў ролі субпадрадчыкаў. У штаце такіх арганізацый, як правіла, нікога, акрамя дырэктара і бухгалтара, няма, а вось аб'ёмы работ, якія яны выконваюць, часам ўражваюць. Для выканання гэтых работ наймаюцца часовыя работнікі з боку, у якіх часта нават няма адпаведнай кваліфікацыі, а часта нават дакументаў. З некаторымі з такіх работнікаў заключаюцца дамовы, але асноўная частка працуе на птушыных правах.

«Я асабіста наведаў каля дзесяці будаўнічых аб'ектаў — паўсюль адны і тыя ж парушэнні: наўмыснае не заключэнне грамадзянска-прававых дамоваў, адсутнасць нават найменшай тэхнікі бяспекі, прыцягненне да работ незарэгістраваных мігрантаў (украінцы, грузіны, малдаване, узбекі і інш), утойванне падаткаў з заработнай платы, а таксама нявыплата самога заробку (узнагароджанне па грамадзянска-прававых дамовах) па розных прычынах», — распавёў Міхаіл Шчасны.

Па словах кіраўніка бізнэс-асацыяцыі, асноўную працоўную сілу такіх сумніўных «субчыкаў» складаюць гастарбайтары-нелегалы. Многіх з іх адкрыта «кідаюць» і не плацяць за працу. Зрэшты, сярод пацярпелых шмат і беларусаў, якія ўладкоўваліся на часовую падпрацоўку. Іх бяруць на працы без усялякай кваліфікацыі і без заключэння дамоваў, і плацяць наяўнымі ў валюце. Калі плацяць. Калі ж наймальнік адмовіўся потым заплаціць, запатрабаваць свае грошы ўжо няма ніякай магчымасці. Такіх фактаў ўжо не дзясяткі, а сотні. Зразумела, што якія работнікі, такая і праца.

Па словах Міхаіла Шчаснага, на аб'ектах, дзе масава выкарыстоўваюцца сумнеўныя субпадрадныя арганізацыі і незаконная праца нелегалаў, квітнее п'янства і крадзёж, аб якасці работ і казаць не даводзіцца. Пры гэтым генпадрадчык усё гэта бачыць, але калі рэагуе, то вельмі рэдка і нязначна, бо з-за дэфіцыту будаўнічых кадраў замяніць сумніўных «субчыкаў» проста няма кім.

Такая сітуацыя характэрная практычна для ўсіх будаўнічых аб'ектаў, у тым ліку і для тых, дзе рэалізуюцца знакавыя інвестпраекты. Напрыклад, на будаўніцтве гасцініцы ў Мінску для вядомага сусветнага брэнда, было задзейнічана каля дзясятка такіх субпадрадных арганізацый, кожная са сваім штатам гастарбайтараў, якія працуюць без дамоваў, без выплаты падаткаў і ФСАН і без якіх-небудзь сацыяльных гарантый. Фактычна як робаты, калі яшчэ ўлічыць, што шмат каму з іх наогул нічога не заплацілі. Людзі, якія там працавалі, распавядаюць аб такіх парушэннях пры будаўніцтве аб'екта, якія могуць пахаваць праект, калі іх агучыць.

Бізнюс-саюзы Беларусі ўжо пачалі біць трывогу і пісаць лісты ва ўсе дзяржаўныя ведамствы, але іх ніхто не чуе. Чыноўнікі не хочуць ведаць ні пра факты выкарыстання рабскай працы, ні аб парушэнні элементарнай тэхнікі бяспекі, ні аб парушэннях тэхналогіі пры будаўніцтве, ні аб незаконных мігрантах, ні пра ўтойванні падаткаў. Бо калі сур'ёзна ўзяцца за праблему, то адразу стане вялікая колькасць знакавых інвестпраектаў, бо замяніць нелегальных будаўнікоў сёння рэальна няма кім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?