Старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык спадзяецца, што ў літоўскага боку хопіць здаровага сэнсу пры прыняцці рашэння па лёсе затрыманага ў Літве кіраўніка УСК па Мінску Дзмітрыя Канаплянік.

Пра гэта ён заявіў сёння журналістам у палаце прадстаўнікоў.

«Праводзіцца разбіральніцтва. Я думаю, што хопіць здаровага сэнсу ў літоўскіх уладаў, каб аб'ектыўна разгледзець гэтае пытанне і ў самыя кароткія тэрміны прыняць нармальнае законнае рашэнне. Яны дэкларуюць сябе як прававая дзяржава, і сапраўды разумеюць, што павінны быць добрасуседскія адносіны паміж Літвой і Беларуссю, з іншымі краінамі», — сказаў Валерый Вакульчык.

Кіраўнік КДБ дадаў, што такія дзеянні Літвы відавочна не спрыяюць таму, каб развіваць адносіны паміж народамі і краінамі ў нармальным ключы, паведамляе БелТА.

Нагадаем, што раней паведамлялася, што на літоўска-беларускай мяжы 21 верасня быў затрыманы кіраўнік УСК па Мінску Дзмітрый Канаплянік.

Кіраўнік УСК па Мінску Дзмітрый Канаплянік, фота tut.by

Кіраўнік УСК па Мінску Дзмітрый Канаплянік, фота tut.by

Гэты факт быў абнародаваны СМІ, а затым Генеральная пракуратура Літвы пацвердзіла факт затрымання на літоўска-беларускай мяжы высокапастаўленага супрацоўніка беларускіх праваахоўных органаў і яго жонкі. У паведамленні Генпракуратуры імёны затрыманых не называліся, яны былі абазначаныя ініцыяламі Д.К. (чыноўнік) і А.К. (яго жонка).

У паведамленні Генпракуратуры казалася, што ў іх аўтамабілі Honda CR-V былі знойдзены некалькі дзясяткаў патронаў калібру 9 мм Luger. «Аб затрыманні двух грамадзян ва ўстаноўленым парадку было інфармавана пасольства Беларусі ў Вільні і неадкладна задаволена просьба пасольства аб сустрэчы з затрыманым Д.К.», — зазначае Генпракуратура. Пасля заканчэння 48 гадзін і ўстанаўлення асобаў затрыманыя былі адпушчаны з-пад варты, але з забаронай пакідаць Літву. Асабістыя дакументы ў іх былі канфіскаваныя. 

Беларусы падазраюцца ў кантрабандзе боепрыпасаў для агнястрэльнай зброі. Дасудовае расследаванне праводзіць крымінальная мытная служба, кантралюе гэты працэс пракуратура Вільні. Па літоўскім заканадаўстве за такое злачынства прадугледжана пакаранне ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0