«Тэатар пачынаецца з гардэробу», — казаў знакаміты рэжысэр.

Ягонае выслоўе прыгадалася днямі, калі чарговы раз наведаў бібліятэку. Не скажу якую, бо гаворку вяду пра рэч больш вузкую, але разьмешчаную акурат насупраць бібліятэчнага гардэробу. Даўжэзны вузкі плякат кідаецца ў вочы — яго не прамінеш, калі кіруесься ў чытальную залю або ў абанэмэнтны аддзел…

Уладзімер Карызна майстравіта паправіў колькі радкоў паэта 30‑х гадоў Міхася Клімковіча, «асучасьніў» яго і такім чынам стаўся суаўтарам дзяржаўнага гімну!

Файная практыка!

Спадарове беларускія паэты! Заклікацьму вас на неўзаранае поле клясыкі! Бярэце верш Купалы, Коласа, Багдановіча, Гаруна, Дубоўкі, мяняеце ў ім некалькі радкоў (ноў‑хаў маё, хоць і падказанае спадаром Карызнам!) і становіцеся суаўтарам клясыка!

Ну, а калі сур’ёзна, дык не разумею, чаму дагэтуль паэтаў унук Максім Клімковіч не падаў у суд або ня плюнуў у вочы спадару Карызну за тое, што той парушыў аўтарскія правы дзеда! Тым болей што тэкст Міхася Клімковіча, досыць арганічны на свой час, выглядае ў Карызнавай рэдактуры як мінімум дэкляратыўным, недарэчным, а месцамі й алягічным.

Мяркуйце самі, шаноўныя чытачы: беларусы — мірныя людзі, але яны ж гэтаксама і ўдзельнікі бітваў за долю, за волю! Аналітычнае вока зробіць яшчэ нямала тэксталягічных адкрыцьцяў!

Не дзіўлюся таксама, што не сьпяваюць словы гэткага «шэдэўру», да прыкладу, беларускія футбалісты. Здагадваюся гэтаксама, чаму пад гэткі гімн і ў гэткай безгустоўнай, антыэстэтычнай, савецка‑ісламскай экіпіроўцы прайграюцца прэстыжныя спартовыя спаборніцтвы.

Пра іншыя спаборніцтвы на міжнароднай арэне казаць не выпадае наагул…

Уладзімер Булаўскі, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0