Перамены ў Беларусі настануць, будзе ў гэта ўцягнута дзейная ўлада ці не, заявіў на прэс-канферэнцыі 2 кастрычніка ў Мінску лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў.

Сустрэчу з журналістамі ініцыятары кампаніі «Народны рэферэндум», сярод якіх «Гавары праўду», Партыя БНФ, рух «За Свабоду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), правялі перад перадачай у парламент 50 тыс. подпісаў грамадзян пад зваротам з прапановай правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па шасці сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях, выпрацаваных у ходзе кампаніі.

«Нядобразычліўцы называлі «Народны рэферэндум» палітычнай гульнёй, якая не дасць ніякага станоўчага эфекту, — сказаў Някляеў. — Як вы памятаеце, у 2010 годзе беларуская апазіцыя прапаноўвала Плошчу, беларускі Майдан. Само грамадства было настроена калі не радыкальна, то, сама меней, бадзёра. Калі б на Плошчу выйшаў мільён грамадзян, то была б рэвалюцыя, іншая ўлада, Статкевіч і іншыя не сядзелі б у турмах».

На фоне падзей ва Украіне сённяшні настрой грамадства можна апісаць фразай «толькі б не было вайны», адзначыў палітык. «Што прапаноўваць грамадству з такім настроем? Зноў рэвалюцыю, Плошчу? Не», — падкрэсліў ён.

У гэтых умовах частка дэмакратычных сіл вырашыла ініцыяваць кампанію «Народны рэферэндум», які, паводле слоў Някляева, нясе «мірны меседж». «Не прайшло і двух гадоў, як «Народны рэферэндум», паводле звестак НІСЭПД, падтрымлівае амаль палова грамадзян Беларусі», — сказаў лідар «Гавары праўду».

Пяцьдзясят тысяч грамадзян, якія выказаліся за правядзенне рэферэндуму, з'яўляюцца «новымі прыхільнікамі» перамен у Беларусі. Прыкладна палова з іх лічыць, што «перамены магчымыя і пры сённяшняй уладзе», другая палова ўпэўнена, што гэта адбудзецца толькі пасля яе змены, адзначыў Някляеў.

Праца над гэтай кампаніяй карпатлівая і «не такая заўважная, як выкрыкванне лозунгаў на мітынгах», але гэта — шлях да перамен, перакананы палітык, і задача дэмакратычных сіл заключаецца ў тым, каб «паскорыць гэты працэс». «У выніку Беларусь прыйдзе да свабоды, дэмакратыі, сапраўднай незалежнасці і еўрапейскасці», — лічыць Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?