Галоўрэд Tuzin.fm адказвае на абвінавачваньні ў нізкім музычным і мастацкім узроўні праекту «Re:Песьняры» і спробу скарыстаць імя «Песьняроў» у мэтах уласнай камэрцыйнай нажывы.

Вось, што хацелася б сказаць у адказ на гэты ліст, поўны жоўці, агрэсіі, нематываваных абвінавачваньняў, неабгрунтаваных выпадаў і дзівосных высноваў. Палеміка не ўяўляецца магчымай там, дзе ёсьць злосьць, непрыманьне іншай пазыцыі ці банальная помста. Тут застаецца толькі адно — маліцца. І я буду маліцца.

Я буду маліцца, каб небесталанная сьпявачка Відава запісала такія песьні, якія б карцела паставіць/пераслаць замежным сябрам і з гонарам паведаміць, што гэта ёсьць беларуская сучасная музыка. Каб вынаходлівы кампазытар Моўчан напісаў яшчэ не адзін твор з такой жа хвалюючай і кранальнай музыкай на такія ж патрэбныя і надзённыя словы.

Я буду маліцца, каб нашыя людзі былі адкрытыя душою і настроеныя пазытыўна ўспрымаць новае, нячутае, нязвыклае. Каб прыватныя ініцыятывы ў нашай краіне не выклікалі грэблівасьці, зьедлівасьці і не разглядаліся як спроба нажыцца на чымсьці, а прымаліся як належнае і сталі неад’емнаю часткаю культурнага працэсу. Каб кожны чалавек тут не адчуваў свайго бясьсільля перад сыстэмаю. Каб ніхто не чакаў афіцыйнага загаду, які бы змусіў нешта рабіць, а дзейнічаў сам адпаведна пакліканьню сэрца.

Я буду маліцца, каб таленавітыя асобы не імкнуліся адпавядаць кімсьці навязаным стандартам, а былі самі сабой. Каб не прадукавалі нічога ня вартыя прадукты-аднадзёнкі для таго, каб зарабіць на хлеб, а мелі магчымасьць рабіць тое, да чаго імкнецца іх сутнасьць. Каб гэтае абсалютна свабоднае самавыяўленьне кожнага спрыяла агульнай справе — адбудове нашага шоў-бізнэсу, нашай культурнай прасторы, нашай Беларусі.

Я буду маліцца, каб удзельнікі розных складаў «Песьняроў» не трымалі дулі ў кішэнях, а даравалі ўзаемныя крыўды ды сабраліся разам на адной сцэне. Каб наш гурт №1 не зрабіўся помнікам самому сабе, а быў заўсёдным аб’ектам для пераасэнсаваньня для іншых пакаленьняў. Каб наступныя пакаленьні натхняліся музыкай Мулявіна, Лучанка, Семянякі, Моўчана і вершамі Купалы, Багдановіча, Броўкі, Куляшова.

Калі гэтыя малітвы будуць пачутыя, мы зразумеем усю марнасьць гэтай бітвы за «Малітву» і будзем рухацца далей не ў разбуральным, а ў стваральным рэчышчы.

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm

P.S. За выкананьне гуртом Naka песьні «Малітва» падчас канцэрту-прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры» кампазытар Алег Моўчан зьбіраецца падаваць у суд на кіраўніка праекту Сяргея Будкіна, патрабуючы кампэнсацыю за парушэньне выключнага аўтарскага права, а таксама кампэнсацыю за маральную шкоду. Агульная сума кампэнсацыі складае 57 мільёнаў рублёў. Цяпер бакі вядуць перамовы аб магчымасьці дасудовага вырашэньня спрэчкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0