Супрацоўнікі міліцыі 2 кастрычніка знайшлі 15-гадовую гамяльчанку, якая лічылася без вестак зніклай з 7 верасня.
У той дзень дзяўчына пайшла з дому сваёй сястры, старонкі ў сацсетках выдаліла, а тэлефон разбіла. Да пошукаў падлетка падключыўся гомельскі пошукава-выратавальны атрад «Сімуран», які распаўсюдзіў арыентоўкі дзяўчыны.
Па тэлефоне, паказаным у арыентоўцы, у атрад патэлефанавала жанчына і сказала, што бачыла падобную дзяўчыну ў пасёлку Прыбар Гомельскага раёна. Інфармацыю перадалі міліцыі, пасля чаго аператыўнікі выехалі ў пасёлак, каб апытаць мясцовых жыхароў, паведамілі БелаПАН у атрадзе «Сімуран».
У выніку дзяўчыну знайшлі ў доме цыганоў. Аб матывах ўцёкаў з дому падлетак пакуль не распавядае, міліцыя праводзіць разбіральніцтва.