Абласныя выканкамы паводле прапановы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі перагледзелі межы пагранічнай зоны і паласы і прынялі адпаведныя рашэнні, паведамляе пагранведамства.

У Брэсцкай і Віцебскай абласцях такія рашэнні ўжо набылі моц. Найбліжэйшым часам аналагічныя змены адбудуцца і ў іншых рэгіёнах. 

«Важным з'яўляецца тое, што з пагранічнай зоны выключаныя тэрыторыі санаторыях, дамоў адпачынку, іншых аздараўленчых устаноў, аб'ектаў культуры, а таксама месцаў масавага адпачынку, водакарыстання, выканання рэлігійных абрадаў і іншых месцаў традыцыйнага масавага знаходжання грамадзян, у тым ліку і турыстычныя маршруты, напрыклад, нацыянальнага парку «Белавежская пушча», — гаворыцца ў паведамленні Дзяржпагранкамітэта.

У той жа час у межах прынятых рашэнняў на ўчастках крымінальнай актыўнасці на прыгранічных тэрыторыях і на подступах да мяжы пагранічная зона павялічыцца на 3—5 км, пагранічная паласа — да 1 км. «Гэтыя змены не такія істотныя, але яны дазволяць забяспечыць неабходныя ўмовы для больш эфектыўных прэвентыўных мер пагранічнай бяспекі з улікам апошніх тэндэнцый супрацьпраўнай дзейнасці праз мяжу», — адзначаюць у пагранведамстве.

Там звяртаюць увагу на тое, што актыўная тактыка імклівых дзеянняў з боку парушальнікаў мяжы і асоб, якія ажыццяўляюць супрацьпраўную дзейнасць, звязаную з арганізацыяй незаконнай транзітнай міграцыі, кантрабанды і наркатрафіку, патрабуе адэкватнай гатоўнасці з боку органаў пагранічнай службы. На першапачатковым этапе асноўны ўпор у дзейнасці супрацоўнікаў пагранічнай службы па кантролі рэжыму пагранічнай зоны і паласы будзе зроблены непасрэдна на інфармацыйна-прафілактычную працу. 

«Законапаслухмяныя жыхары памежжа карэнных зменаў у сувязі з прынятымі нормамі не адчуюць. У сувязі з гэтым просім грамадзян і суб'екты гаспадарчай дзейнасці ўлічваць новыя акалічнасці пры наведванні або правядзенні работ на тэрыторыях, якія ўваходзяць у абноўленыя межы пагранічнай зоны і паласы», — гаворыцца ў паведамленні Дзяржпагранкамітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?