Следчы камітэт Беларусі ў межах кампетэнцыі і з выкананнем прынцыпу тэрытарыяльнасці праводзіць праверку акалічнасцяў, звязаных з выяўленнем патронаў у аўтамабілі начальніка ўпраўлення СК па Мінску пры перасячэнні літоўска-беларускай мяжы.

Пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі.

Варта зазначыць, што гэта першае афіцыйнае прызнанне беларускіх праваахоўных органаў інцыдэнту з высокапастаўленым чыноўнікам.

СК паведамляе, што 21 верасня начальнік УСК па Мінску Дзмітрый Канаплянік са сваёй жонкай вяртаўся з Вільнюса, куды выязджаў выключна ў турыстычных мэтах. Пры перасячэнні мяжы ў літоўскім пункце пропуску аўтамабіль зведаў паглыблены надгляд, у выніку якога пад днішчам машыны знойдзена каробка з 50 патронамі калібру 9 мм Luger. 

Праваахоўнымі органамі Літвы па гэтым факце было распачата расследаванне. У сувязі з гэтым Канапляніку і яго жонцы «абмежаваны выезд з Літоўскай Рэспублікі, іх пашпарты канфіскаваныя», паведамілі ў СК Беларусі. 

Падчас праверкі, што праводзілася Следчым камітэтам на тэрыторыі Беларусі, высвятляюцца акалічнасці, якія папярэднічалі выезду Канапляніка і яго жонкі, правяраюцца версіі аб учыненні кампраметуючых дзеянняў у дачыненні да іх з боку трэціх асоб, у тым ліку ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю Канапляніка з помсты ці па іншых матывах. 

Падчас праверкі беларускія следчыя зыходзяць з таго, што мытным органам Літвы, магчыма, паступіла паведамленне аб наяўнасці ў аўтамабілі Канапляніка прадметаў кантрабанды, аб чым сведчыць факт паглыбленага надгляду аўтамабіля, які праводзіцца вельмі рэдка на выездзе з Літвы.

Таксама, як зазначаюць у СК, звяртае на сябе ўвагу факт спрацоўвання ў начны час сігналізацыі аўтамабіля, які знаходзіўся на стаянцы каля гатэля падчас знаходжання Канапляніка ў Літве.

Беларускія следчыя правялі агляд аналагічнага аўтамабіля, у выніку чаго ўстаноўлена, што, зыходзячы з яго базавых канструктыўных асаблівасцяў, тайнае размяшчэнне прадмета, аналагічнага знойдзенаму ў аўтамабілі Канапляніка, пад днішчам аўтамабіля не ўяўляе цяжкасцяў і можа быць зроблена без ускрыцця салона за вельмі кароткі час (да 1 хвіліны). 

Сам Канаплянік паляўнічым не з'яўляецца, зброяй не захапляецца. У Літве знаёмых не мае, выязджаў туды ўпершыню. Праграма знаходжання ў Вільнюсе з'яўлялася сямейным адпачынкам і ўключала наведванне гісторыка-культурных аб'ектаў, зазначаюць у СК Беларусі. 

Да стварэння Следчага камітэта Канаплянік праходзіў службу ў органах дзяржаўнай бяспекі. У Следчым камітэце да верасня 2013 года займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі. Менавіта гэта падраздзяленне займаецца расследаваннем самых цяжкіх і рэзанансных крымінальных спраў у дачыненні да кіраўнікоў і ўдзельнікаў злачынных арганізацый, арганізаваных груп, у тым ліку транснацыянальных, а таксама злачынстваў аб карупцыі, яшчэ раз зазначаюць у СК. 

«Ацэньваючы ў сукупнасці звесткі, што маюцца ў распараджэнні следства, беларускія следчыя мяркуюць, што асноўнай версіяй з'яўляецца ўчыненне неўстаноўленымі асобамі ў дачыненні да Канапляніка дзеянняў кампраметуючага характару, якія праявіліся ў закладцы патронаў у аўтамабіль. Каму і навошта гэта было патрэбна, і трэба будзе высветліць сумеснымі намаганнямі беларускіх і літоўскіх праваахоўнікаў», — мяркуюць у СК.

Следчы камітэт Беларусі выказвае гатоўнасць аказаць усебаковую дапамогу і садзейнічанне літоўскім калегам у высвятленні акалічнасцяў інцыдэнту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?