Увечары панядзелка дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА ўсё яшчэ ніяк не адрэагавала на абвяшчэньне Мядзьведзева кандыдатам у наступнікі Пуціна. Галоўнай навіной на сайце працягвала стаяць інфармацыя пра перамога беларускага гаўрыка на «Эўрабачаньні», галоўным камэнтаром — развагі на тэму канфэрэнцыі па праблемах зьмены клімату на Балі.
Прыход да ўлады абаронцы інтарэсаў прыватнага капіталу і энэргетычных манаполіяў — ня той выбар, які мог спадабацца А. Лукашэнку, чые інтарэсы безадмоўна праводзяць беларускія нібыта «дзяржаўныя» СМІ. Ужо ня кажучы пра сам факт ратацыі кіраўніцтва Расеі. Лукашэнкаўцы ў глыбіні душы спадзяюцца на трэці тэрмін Пуціна. На тле яго сам Аляксандар Рыгоравіч не здаваўся б выключэньнем з нормы.
Камэнтатары прадказваюць, што Мядзьведзеў будзе «зьбіраць грошы» яшчэ больш жорстка за Пуціна і што беларусам прыйдзецца разьвітацца зь некаторымі расейскімі прэфэрэнцыямі.
Са словаў нямецкага палітоляга Аляксандра Рара, Лукашэнку будзе цяжэй знаходзіць супольную мову з кожным новым прэзыдэнтам Расеі хоць бы ў сілу таго, што гэта зьменныя кіраўнікі.