«Прэзыдэнт Джордж Буш сустракаецца зь сямю лідэрамі прадэмакратычных палітычных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў зь Беларусі — апошняй дыктатуры ў Эўропе» — гэты подпіс пад фотаздымкам выклікаў крытыку аўтара «Washington Post» Фрэда Гаята.

«Такая сустрэча сапраўды мела месца, — піша Гаят, — а вось фраза «апошняя дыктатура ў Эўропе» пасьля нядаўніх выбараў у Расеі гучыць вельмі несучасна. Гадзіньнік прэзыдэнта Буша адстаў, а да яго плянаў несьці свабоду больш сур’ёзна паставіліся ворагі свабоды, чым аўтары тых плянаў».

Далей газэта прыводзіць выказваньне Аляксандра Мілінкевіча:

«Я памятаю, як зусім нядаўна шэраг эўрапейскіх палітычных дзеячаў казалі мне, што аб’яднацца з Расеяй для нас было б добра, бо тады мы б пазбавіліся ад свайго дыктатара. Але цяпер так ніхто ня кажа».

На думку Фрэда Гаята, Мілінкевіч і яго спадарожнікі ў Вашынгтоне маюць мала агульнага — гэта камуніст, сацыял‑дэмакрат, хрысьціянскі дэмакрат, а таксама людзі іншых поглядаў. Як толькі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратыя, яны ўчэпяцца адзін аднаму ў горла ў барацьбе за ўладу. Але пакуль што яны аб’яднаныя ў прыгожай барацьбе за дэмакратыю. Яны знаходзяць друкарні, якія тут жа зачыняюцца ўладамі, яны друкуюць газэты, тыражы якіх хутка канфіскуюцца, іх садзяць у турмы, а калі яны адтуль выходзяць, то пачынаюць дапамагаць сем’ям іншых зьняволеных.

Вітаючы беларускіх апазыцыянэраў падчас гадзіннай сустрэчы ў чацьвер на мінулым тыдні прэзыдэнт Буш сказаў:

«Я ведаю вашы праблемы, таму не кажыце мне аб іх. Скажыце лепш, як я магу дапамагчы вам вырашыць вашы праблемы».

На думку аўтара «Washington Post» Фрэда Гаята, каб адміністрацыя Белага дому сапраўды разумела праблемы беларускай апазыцыі, яна магла б рабіць значна болей. Яна б, напрыклад, заплаціла б за арганізацыю новага спадарожнікавага тэлебачаньня для Беларусі, а ня толькі за радыёвяшчаньне на кароткіх хвалях. Яна б не скарачала дапамогу дэмакратыі ў суседніх зь Беларусьсю Расеі і Ўкраіне або іншых постсавецкіх дзяржавах, дзе хутка можа сутыкнуцца з рэальным антыдэмакратычным блёкам.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0