Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што ніякага гандлю з нагоды змены дзяржаўнай мяжы на ўсходзе Ўкраіны быць не можа.

Пра гэта ён заявіў сёння ў Кіеве падчас праверкі гатоўнасці пагранічных падраздзяленняў да выканання мерапрыемстваў у рамках рэалізацыі мірнага плана.

«Дзяржаўная мяжа Украіны праходзіла, праходзіць і будзе праходзіць там, дзе яна зафіксавана міжнароднымі дамовамі, дзе яна прызнана сусветнай супольнасцю», — сказаў Парашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што дзяржмяжа з'яўляецца ключавым элементам суверэнітэту тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. «І ніякіх таргоў, ніякіх дамоўленасцяў аб нібыта перадачы або перамяшчэнні ўкраінскай мяжы быць не можа», — падкрэсліў Парашэнка, заўважыўшы, што ўсе іншыя трактоўкі адносна лініі ўкраінскай мяжы з'яўляюцца палітычнымі спекуляцыямі, якія б'юць не толькі па палітычных апанентах, а б'юць па ўсёй краіне.

«І наша з вамі святое заданне — гэтую мяжу абараніць», — сказаў Парашэнка, звяртаючыся да памежнікаў.

Ён падкрэсліў, што пазіцыя ўлады ў памежнай палітыцы з'яўляецца дакладнай і нязменнай: «Мяжа павінна быць празрыстай для ўсіх, хто прыйдзе ва Украіну з мірам, і надзейна абароненай ад тых, хто мае дрэнныя намеры і прыйшоў да нас з вайной».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?