Грамадзянін Швейцарыі, які днямі папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі, перадумаў жыць у нашай краіне. Як паведамілі Радыё Рацыя ў Брэсцкай памежнай групе, 8 снежня ён пакінуў Цэнтр размяшчэння мігрантаў у Брэсце і вярнуўся на радзіму.

Нагадаем, што 28 лістапада грамадзянін Швейцарыі на аўтамабілі «Жыгулі» перасёк беларуска‑польскую дзяржаўную мяжу ў пункце пропуску «Варшаўскі мост» і папрасіў палітычнага прытулку ў нашай краіне. Ён паведаміў памежнікам, што Беларусь, Венесуэла і Куба — гэта лепшыя на свеце дзяржавы. У аўто, акрамя асабістых рэчаў, быў таксама збор сачыненняў Леніна. Швейцарскі бежанец гатовы быў працаваць у любым калгасе краіны на любой пасадзе.

Аднак пасля 10‑дзённага знаходжання ў Цэнтры размяшчэння мігрантаў у Брэсце, грамадзянін Швейцарыі перадумаў жыць і працаваць у беларускім калгасе і з’ехаў дадому.

‑ Магчыма, яму больш даспадобы Альпы і горная мясцовасць, а ў Беларусі такога няма, — выказаў меркаванне наконт адной з прычынаў ад’езду грамадзяніна Швейцарыі супрацоўнік Брэсцкай памежнай групы. — Дакументы ў яго былі ў парадку, была беларуская віза. Так што ён без праблемаў пакінуў нашую краіну.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0