Прачытаў кніжку «Время несбывшихся надежд» – пра беларускую журналістыку 90-х, складзеную з успамінаў тагачасных яе стваральнікаў – выдаўцоў, галоўных рэдактараў і супрацоўнікаў незалежных СМІ.

Не ведаю, якім крытэрыем кіраваліся складальнікі, калі адбіралі для зборніка суразмоўцаў, але ў рэшце рэшт атрымалася тое, што фатальна атрымліваецца са звычайнымі мемуарамі: побач з цікавымі назіраннямі, досведам стварэння сапраўды новай журналістыкі накшталт герменчуковай «Свабоды», марцаўскай «БДГ», букчынскага «Европейского времени», «Народнай волі» Сярэдзіча – звядзенне рахункаў, вызначэнне вінаватых – ад улады да калегаў, самаўхваленне… Горш за ўсё – самаапраўданне сумніўных у этычным сэнсе паводзінаў тых ці іншых асоб.

Не выратоўвае ад гэтага ўражання і намаганне складальнікаў асэнсаваць увесь стракаты матэрыял, раскласці яго па паліцах, каб дапамагчы чытачу дакладна зразумець, дзе надзеі, што не спраўдзіліся, і чаму, а дзе чыесьці ўласныя амбіцыі, ад якіх засталіся толькі што ўспаміны…

Аднак, успаміны – дык успаміны.

Мае ўспаміны распасціраюцца ў нашым выпадку да 1976 года, калі жыццё ці то абдарыла, ці то пакарала сабкорствам ў газеце «Труд».

З усіх падрабязнасцяў пачатку той працы, мо нават і цікавых, засяроджуся на дзвюх – першай праблеме, з якой сутыкнуўся, і першай публікацыі.

Першая публікацыя называлася «Сады на крышах» і распавядала пра тое, як знаны па тым часе архітэктар Георгій Сысоеў уладкаваў на дахах збудаваных па ягоным праекце дамоў сады… Ад нібыта нарыса – у лепшых традыцыях «Знамёнкі», адкуль выйшаў, – засталася сціслая нататка. Але не паспеў я засмуціцца гэткім абразлівым скарачэннем, як ужо прымаў віншаванні з Масквы: «Стары, тут такое робіцца! «Шурык» пачуў пра твае сады раніцай, у радыёаглядзе газет. А як з’явіўся ў рэдакцыі, склікаў рэдкалегію, трос газетай: «Вось пра што і як трэба пісаць!» Віншуем, добры пачатак…»

Я нічога не зразумеў. У «Знамёнцы» гэткая нататка папросту засталася б па-за ўвагай калег…

Зразумеў даволі хутка, як толькі пачалася падпісная кампанія на наступны год і з’явілася першая праблема: ЦК КПСС упершыню лімітаваў падпіску на «Труд», бо яна перавысіла падпіску на «Праўду». Тое, канечне, афіцыйна не прамаўлялася, але было відавочна.

Што тут пачалося! Лісты, званкі, тэлеграмы – са ўсяго Саюза, асабістыя, калектыўныя… І ў маім карпункце дзверы не зачыняліся. Ішлі цэлымі дэлегацыямі – наклад «Труда» ў тагачасным БССР перавышаў наклад усіх, разам узятых, рэспубліканскіх газет… Ці добра гэта выглядае ад сёння, ці нядобра – справа не ў гэтым.

Справа ў тым, чым усё тады скончылася: ЦК КПСС адмяніў ліміт… А напрыканцы 80-х наклад сягнуў ажно да 23 мільёнаў, з чаго атрымаўся сусветны рэкорд у Кнізе Гінэса і ці не навуковы тэрмін «феномен «Труда».

Адкуль феномен? Ад «Шурыка». То бок светлай памяці Аляксандра Міхайлавіча Субоціна. У 1963-м, калі ён стаў галоўным рэдактарам, наклад «Труда» не перавышаў некалькіх соцень тысяч на ўвесь СССР. У 1980-м, калі сыходзіў, пайшоў на другі дзясятак мільёнаў…

Нехта мо палічыць гэту з’яву тыпова савецкай. Маўляў, дурны, ачмураны камуністычнай прапагандай, уведзены ў зман народ… У зман, быццам «любімая газета працоўных», як і ўвогуле савецкая прэса, былі здольны нешта памяняць у пачварнай сістэме і, адпаведна, у ягоным змрочным жыцці.

Так, не здольны… Так, прапаганда… Так, у зман…

Але «Труд» насамрэч стаў любімай газетай працоўных, без двукоссяў, бо стаў Газетай, а не шэрай жованкай ідэалагічнага прадукту, якой быў дзесяцігоддзямі.

Так, побач з літаўрамі пра «сацыялістычнае спаборніцтва шахцёраў Данбаса», што перапісвалася з года ў год, мяняліся толькі лічбы і прозвішчы пераможцаў, з’явілася «Последняя колонка» – падборка найцікавейшай, аўтарскай, у асноўным, інфармацыі пра незвычайныя падзеі і выпадкі… А нудота прафсаюзных справаздач, якія ніхто, акрамя ідэолагаў «школы камунізму», не чытаў, саступіла месца жывому рэпартажу і канфліктна-маральнай тэматыцы…

Мяне часам здзіўляюць, часам забаўляюць, а больш за ўсё засмучаюць сучасныя ўяўленні пра савецкую журналістыку, народжаныя на пераломе эпох, як пра цалкам заганную. Ці тую, чый шматгадовы досвед нікому ўжо не патрэбны.

Між тым, уласна «савецкай журналістыкі» ніколі не існавала. Існавала журналістыка савецкіх часоў, у розныя часы розная. І розная нават у адзін і той жа час, у адным і тым жа выданні. То бок тая, што прызначана для «начальства», і тая, што для чытачоў. Адпаведна, і журналісты падзяляліся на чэсных, без усялякіх двукоссяў, і нячэсных, на шчырых і няшчырых, на сумленных і крывадушных…

Іншым разам мо распавяду падрабязней пра той падзел. Але калі ўзгадваць 90-я, то мяне заўсёды цікавіла, як некаторыя асобы, што аддана служылі камуністычнай Мамоне, хутка ператварыліся ў заўзятых апазіцыйных «палітолагаў», «аналітыкаў», «публіцыстаў» з прэтэнзіяй на «ўладароў думамі». Я не веру ў здольнасць імгненна станавіцца відушчым, імгненна мяняць погляды, калі ты насамрэч шчыры чалавек і думаючы журналіст. Адбылося, на мой погляд, іншае: раптам высветлілася, што пісаць псеўдапалітычныя тэксты нашмат лягчэй, чым корпацца ў штодзённым жыцці і менавіта ў ім знаходзіць адказы на балючыя пытанні вялікай палітыкі.

Згаданы поспех «Труда» адбыўся, зразумела, з вялікай колькасці складнікаў. Але галоўным быў звычайны для нармальнай, паўсюднай у свеце журналістыкі, крытэрый – чытацкая цікавасць.

А з чаго, з улікам тагачаснай чытацкай ментальнасці, складалася яна? Калі коратка, са штодзённай сенсацыйнасці, у якую, мусіць, нейкім чынам патрапіла і мая першая нататка, з простай, зразумелай усім, мовы і з таго, што газета штодня дзяўбла рознай велічыні начальства. То бок насамрэч дапамагала людзям вырашаць розныя жыццёвыя праблемы, працоўныя канфлікты і гэтак далей. То бок дамагалася ў кожным выпадку справядлівасці.

То бок трымалася штодзённага жыцця…

Я не з’яўляюся адэптам журналістыкі савецкага часу, заціснутай паміж цэнзурным молатам і ідэалагічнай кавадлай. У мяне няма падстаў лічыць яе ўзорам на ўсе часы. Але мяне ніхто не разупэўніць у тым, што менавіта тагачасная прафесійная і чэсная адносна ганебных з’яваў жыцця журналістыка спакваля расхіствала таталітарны камуністычны будынак. Бо вымушала чытача думаць і крытычным вокам глядзець наўкол.

…Можна колькі заўгодна вінаваціць лукашэнкаўскі рэжым, які выбіў канстытуцыйны і фінансавы падмурак з-пад нованароджанай у 90-х незалежнай журналістыкі.

Можна колькі заўгодна спасылацца на раструшчванне савецкага маналіту і кардынальныя змены ў чытацкіх прыярытэтах…

Усё праўда. Але не ўся.

Праўда і тое, што нованароджаная беларуская журналістыка не заўважыла момант, калі масавы чытач пакінуў барыкады 90-х, расчараваны, у пэўным сэнсе, і ў самой журналістыцы, якая перакарміла яго павярхоўным палітычным навамоўем, так званым «сцёбам».

Па сутнасці, пакінула сам-насам са складаным жыццём і «журналістыкай» кшталту звышпапулярнай па тым часе газеты «Спід-Інфо»…

 Момант, калі яна, застаўшыся на барыкадах, перастала чуць рэальнае жыццё, рэальныя інтарэсы і праблемы простых, ментальна яшчэ савецкіх, людзей. Тых, хто ў красавіку 91-га дапамог зрушыць камуністычны рэжым, а ў жніўні дамагчыся незалежнасці…

У выніку маем маўклівае чытацкае раўнадушша да лёсу газет.

У выніку маем адсутнасць агульнанацыянальнай, па накладах, незалежнай прэсы.

У выніку маем моцных журналістаў, тых, хто здолеў пераадолець сцёб. Але не маем чытачоў, адное што больш-менш выразныя купкі аднадумцаў.

У выніку маем няспраўджаныя надзеі і шэры попел ўспамінаў.

Самі сабе пішам. Самі сябе чытаем. Самі сабе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?