Аляксандр Лукашэнка ўскладае вялікія надзеі на супрацоўніцтва з Туркменістанам у гандлі мінеральнымі ўгнаеннямі. Пра гэта ён заявіў 7 кастрычніка ў інтэрв'ю туркменскім СМІ. 

Інтэрв'ю было дадзена напярэдадні афіцыйнага візіту ў Беларусі ўрадавай дэлегацыі на чале з прэзідэнтам Гурбангулы Бердымухамедавым. Фрагменты інтэрв'ю публікуе сёння дзяржаўнае агенцтва БелТА

«У нас ёсць вопыт, у нас велізарная вытворчасць, і мы дамовіліся, што возьмем для супрацоўніцтва новую кампанію Туркменістана і будзем разам на карысць нашых народаў прадаваць мінеральныя ўгнаенні», — сказаў Лукашэнка. 

Кажучы пра двухбаковыя праекты, ён згадаў будаўніцтва беларускімі спецыялістамі Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Паводле яго слоў, «праект знаходзіцца ў глыбокай стадыі рэалізацыі». 

«Адзінае, што нас затармазіла, — мы не чакалі, што там будуць такія грунты. У савецкія часы, ведаючы, што там магутнае радовішча калійных соляў, не рызыкнулі будаваць гэты камбінат. Туркменістан рызыкнуў, і мы з ім пайшлі на гэтую рызыку і пачалі будаваць камбінат, ведаючы пра складанасць, але мы не думалі, што гэта такая складанасць», — падкрэсліў Лукашэнка. 

У прыватнасці, паведаміў ён, беларускія спецыялісты сутыкнуліся з неабходнасцю праходжання ваданосных пластоў, глыбіня якіх складае прыкладна 100 м. «Мы не чакалі, што будзе такі тоўсты пласт. Трэба праходзіць па вадзе, таму патрабуецца выкарыстанне вельмі затратных тэхналогій, і найперш па часе: трэба замарожваць ствол, зямлю, ваданосны грунт і толькі потым капаць. Але мы ўсё адно пройдзем і дабяромся да мінеральных угнаенняў», — заявіў Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, наземная частка камбіната «знаходзіцца практычна на завяршальным этапе». «Мы хутка завершым, і, думаю, што ў бліжэйшыя год-паўтара пройдзем і падземную частку. Усё адно мы вам пабудуем самы сучасны камбінат, і вы будзеце ім ганарыцца. Мы гэта ўмеем рабіць. Мы нядаўна дадаткова пабудавалі два такія камбінаты ў сябе ў гэтых умовах. І мы зробім гэта сімвалам нашых адносін», — сказаў Лукашэнка. 

«Як бы ні было складана, мы задаволеныя, што Туркменістан выбраў для рэалізацыі гэтага праекта Беларусь», — падкрэсліў ён. 

Варта адзначыць, што ў чэрвені гэтага года з ходам будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната азнаёміўся падчас візіту ў Туркменістан прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. 

«З прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым мы дамовіліся, што туркменскі бок будзе аплачваць па факце будаўніча-мантажныя работы і пастаўкі абсталявання і тэхнікі не толькі для Гарлыкскага камбіната, але і для іншых народна-гаспадарчых мэт», — сказаў Мясніковіч падчас наведвання прадпрыемства-новабудоўлі. 

Ён адзначыў, што гэта істотна аблегчыць працу беларускіх прадпрыемстваў і вытворцаў тэхнікі, якая паспяхова эксплуатуецца ў Туркменістане. Будучы камбінат Мясніковіч назваў «ўнікальным аб'ектам». «Такога прадпрыемства ў Цэнтральнай Азіі яшчэ няма. Па тэхнічных рашэннях, прапанаваных беларускімі спецыялістамі, гэта аб'ект сусветнага ўзроўню», — заявіў беларускі прэм'ер. 

Тады ж, у чэрвені, паведамлялася, што кошт рэалізацыі праекта, які ўжо выкананы прыкладна на 40%, складае 1 млрд долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?