Суд Гомельскага раёна 6 кастрычніка даў жыхару адной з вёсак штраф у памеры 12 млн рублёў (80 базавых велічынь) за ілжывае паведамленне аб небяспецы (артыкул 340 КК).

Як паведаміў выканаўца абавязкаў памочніка пракурора Гомельскага раёна Раман Камянкоў, вясковец 1965 нараджэння «замініраваў» калодзеж, спрабуючы такім чынам прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы крыніц вады ў вёсцы.

22 ліпеня жыхар вёскі знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Ён убачыў, што камунальныя службы рамантуюць адзін з калодзежаў, і пацікавіўся: калі ж чарга дойдзе да яго студні? Рабочыя адказалі, што ніколі: толькі тры студні будуць адрамантаваныя, а астатнія - дэмантаваныя, то бок засыпаныя, бо яны непрыдатныя.

Вясковец знерваваўся, перажываючы за сваю маці-інваліда, якой прыйдзецца далёка хадзіць за вадой, і патэлефанаваў у сельскі савет. Там, верагодна, яго скаргу не задаволілі, і ён патэлефанаваў у райвыканкам. У інстанцыі параілі вырашаць праблему на месцы.

Тады мужчына патэлефанаваў па 101 і паведаміў, што студня замініраваная. Прычым назваў сваё прозвішча і адрас. Сам жа сеў ля калодзежа ў чаканні прыбыцця спецыяльных службаў — групы размініравання, міліцыі і выратавальнікаў. На месцы супрацоўнікам розных органаў вясковец патлумачыў сваю праблему.

X

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?