Актывістаў кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Аляксандра Макаева і Аляксандра Цацуру затрымалі перад пачаткам акцыі. Судзьдзя Маскоўскага раёну Казак прысудзіў Макаеву 7 сутак арышту за нецэнзурную лаянку. За тое самае суд Цэнтральнага раёну адмераў Цацуры 10 сутак. /p>

Вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу і шэсьця да плошчы Незалежнасьці суд Цэнтральнага раёну прызнаў аднаго з прадпрымальніцкіх лідэраў Віктара Гарбачова. Ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Віктара Калея і Віктара Крываля ў тым жа судзе абвінавацілі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Прысуд — 10 і 15 сутак арышту адпаведна. Журналіста Барыса Гарэцкага асудзілі на 7 сутак.

Заўтра над А. Макаевым адбудзецца яшчэ адзін суд — аб 11‑й гадзіне ў Ленінскім судзе. За некалькі дзён да мітынгу яго затрымалi ў офісе Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. З офіса былі канфіскаваныя ўлёткі да мітынгу, а супраць Макаева склалі пратакол за «дробнае хуліганства». У суд прадпрымальніка прывязуць наўпрост з спэцпрыёмніка.

Як заявіў прэс‑цэнтру Хартыі’97 перад пачаткам судовага працэсу сп. Макаеў, «прадпрымальнікі не павінны ісьці на перамовы з уладамі, пакуль усе, хто ішоў у абарону іх правоў, знаходзяцца ў турме».

Прысуды ўдзельнікам мітынгу выносілі судзьдзі Ясімовіч, Самасейка, Бычко, Казак.

Нагадаем, што лідэры прадпрымальнікаў выставілі ўладам ультыматум: у выпадку, калі хтосьці з затрыманых учора прадпрымальнікаў ня зможа ўдзельнічаць у перамовах, альбо перамовы гэтыя будуць фармальнымі, ці спробай зацягнуць час, зь 1 студзеня прадпрымальнікі пачынаюць бестэрміновы страйк.

СП, паводле www.ucpb.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0