Надоечы на сайце «Белсату» убачыў я, што тэлевізійшчыкі зрабілі не адзін ролік, прысвечаны вядомым дзеячам нашай гісторыі і гістарычным падзеям. Нават князь Расціслаў Смаленскі ёсць. І ўсе гэтыя тэлесюжэты дэманструюццца і захоўвацца ў архіве сайту ў рубрыцы «Гісторыя пад знакам Пагоні». Кожны, хто мае жаданне, можа ў любы момант паглядзець іх.

5 кастрычніка тэлегледачы маглі ўбачыць свежы ролік, прысвечаны асобе і працы Івана Германа Луцкевіча — чалавека, які аддаў сваё жыццё за беларускі народ і Беларусь.

Скажу, што як сацыяліста мяне парадаваў сам факт выпуску міні-фільма, прысвечанага І. Луцкевічу, але шкадую, што не змог (ужо не той зрок і спрыт) расчытаць прозвішчы аўтара сцэнарыя і рэжысёра. Ужо ўбачыўшы застаўку на сайце, я не ведаў, рагатаць мне ці плакаць, бо на застаўцы і ў самых першых кадрах роліка перад намі фота не Івана Луцкевіча, а ягонага брата Антона.

Тэлесюжэт сам па сабе непрацяглы (няпоўныя 10 хвілін), але з немалой колькасцю міфаў.

Напрыклад, я пачуў, што бацька братоў Луцкевічаў браў удзел у паўстанні 1863—1864 гг. Але ні самі браты Луцкевічы, ні Язэп Янушкевіч, які даследаваў факты з жыцця Яна Баляслава Луцкевіча, пра гэта нічагусенькі не пісалі. Затое вядома іншае: у 1920-х гг. А. Луцкевіч паведамляў аднаму свайму карэспандэнту, што ў паўстанні загінуў яго дзядзька, бацькаў брат Стэфан Луцкевіч.

Пачуў я і «навіну» пра тое, што І. Луцкевіч быў у ліку заснавальнікаў першай беларускай газеты (без рысункаў!) «Наша доля». Але богведама калі былі апублікаваныя ўспаміны Дзядзькі Пранука (Францішка Умястоўскага), з якіх вынікае, што І. Луцкевіч нават не ўваходзіў у склад рэдакцыі газеты. Не буду тут тлумачыць, чаму. Антон, які абвясціў быў свайго брата (су)заснавальнікам «Нашай Долі», пасля публікацыі Дзядзькі Пранука больш не настойваў на гэтым. З другога боку, Ф. Умястоўскі прызнаваў: сама ідэя выдаваць газету — орган Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ) — належала І. Луцкевічу.

Ускосна гэта пацвярджаецца і матэрыяламі партыйнай канферэнцыі, якая прайшла ў чэрвені 1906 г. у Вільні.

Яшчэ царызм афіцыйна не забараніў «Нашу Долю», як браты Луцкевічы пачалі выдаваць першую беларускую газету (з рысункамі!) «Нашу Ніву», якая амаль на 9 год стала штабам беларускага руху і легальным прыкрыццём нелегальнага Цэнтральнага Камітэта БСГ. Рэгулярны выхад «Нашай Нівы» ў многім залежаў ад дзелавых якасцяў І. Луцкевіча, яго ўмення весці справы.

Трэці міф: І. Луцкевіч — заснавальнік беларускіх легальных школаў падчас Першай сусветнай вайны. З публікацыяў жа А. Луцкевіча і архіўных матэрыялаў мне, напрыклад, вядома, што першыя школы ў Вільні ў канцы 1915 — пачатку 1916 г. адчыняла Цётка. Іншая справа, што І. Луцкевіч выступіў ініцыятарам заснавання ў Вільні беларускай гімназіі (артыкул, у якім абгрунтоўвалася патрэба такой школы, надрукаваў у «Гомане» А. Луцкевіч).

Ужо не міф, а недакладнасць учыняюць аўтары тэлероліка, калі залічваюць І. Луцкевіча ў заснавальнікі Беларускага выдавецкага таварыства, якое выпусціла кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага і Наталлі Арсенневай (дадамо да гэтага пераліку хоць бы Уладзіміра Жылку). Кнігі Арсенневай і Жылкі выйшлі ў 1920-х, але юрыдычна гэта было не тое, Беларускае выдавецкае таварыства, на чале якога стаялі Вацлаў Іваноўскі (старшыня) і Янка Купала (сакратар) і ў якім выйшлі кнігі Багдановіча ды Гарэцкага.

Не зусім дакладная ў фільме і інфармацыя пра тое, што І. Луцкевіч увёў у навуковы ўжытак кітабы — кнігі, пісаныя нашымі татарамі арабскай графікай, але па-беларуску. Пра кітабы ведалі і да І. Луцкевіча; ягоная ж заслуга ў тым, што ён паказаў іх вучонаму свету як пісаныя менавіта па-беларуску (а не «па-руску» ці «на белорусском наречии русского языка»).

Няўважліва паставіліся аўтары фільма-карацелькі і да ролі братоў Луцкевічаў у абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. З тэлеэкрана мы чуем, што Іван са сваім братам быў у ліку тых, хто прымаў Акт 25 Сакавіка. А вось Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) у газеце «Дзянніца» назваў братоў Луцкевічаў угаворнікамі, бо менавіта яны ўгаварылі (пераканалі) сябраў Рады БНР, у першую чаргу аднапартыйцаў, прыняць пастанову аб незалежнасці Рэспублікі, а А. Луцкевіч, акром таго, пісаў праект Трэцяй Устаўнай Граматы.

Калі аўтары фільма кажуць, што на станаўленне асобы І. Луцкевіча паўплывала творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча, а таксама асабістае знаёмства з Карусём Каганцом, дык гэта толькі частка праўды.

У 1890-я, калі юны І. Луцкевіч уваходзіў у жыццё, свет убачылі першыя працы бацькі беларускай гістарыяграфіі Мітрафана Доўнар-Запольскага, прысвечаныя гісторыі Полацкай, Тураўскай і Смаленскай дзяржаў, крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў, а таксама з’явіліся манаграфіі іншых аўтараў з гісторыі Полацкай і Смаленскай земляў.

На станаўленне І. Луцкевіча як археолага, калекцыянера і даследчыка нашай мінуўшчыны не меншы ўплыў мела і асабістае знаёмства з менскім археолагам і калекцыянерам Генрыхам Татурам.

…А ў апошніх кадрах тэлероліка мы бачым фотаздымак І. Луцкевіча. На гэты раз аўтары міні-фільма ані не спудлавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?