Хто лепш засвоіў урокі нядаўніх «каляровых рэвалюцыяў», што хваляю пракаціліся па былой савецкай прасторы: беларускія «джынсавыя рэвалюцыянэры» ці лукашэнкаўскія тэхнолягі-контрарэвалюцыянэры? Паводле вынікаў галасаваньня 2006 г. лік у матчы вызначыць цяжка. Паколькі надзейнага паралельнага падліку галасоў ці незалежнага экзыт-полу не было, немагчыма дакладна сьцьвярджаць, што адзін або другі бок сапраўды ўмацаваў свае пазыцыі ў параўнаньні з 2001 г. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, тры кандыдаты, што супрацьстаялі Лукашэнку, разам атрымалі 11,8 % галасоў – менш, чым у 2001 г., калі два кандыдаты набралі 17,1 %. НІСЭПД, паводле вынікаў свайго апытаньня, у 2001 г. даваў Ганчарыку 32 %, а камандзе Мілінкевіча ў 2006 г. – 25–30 %.

Але можна паспрабаваць папярэдне прааналізаваць тактыку бакоў і стратэгічную сытуацыю, у якой праходзілі выбары. Праўда, мне даводзіцца рабіць камэнтар, калі падзеі яшчэ ў разгары… Па-першае, аўтарытарныя лідэры здольныя даць народу тое, што яму трэба. З дапамогай расейскіх субсыдыяў ці бязь іх, але ў 2001–2006 гг. адбыўся значны рост беларускай эканомікі. Відавочна, што шмат выбарцаў высока ацэньваюць усталяваны Лукашэнкам «закон і парадак», як і ягонае абяцаньне стварыць «спакойны, утульны дом». Ува Ўкраіне ў 2004 г. выбухнула гадамі назапашанае абурэньне рэжымам. У Беларусі Лукашэнка дасюль мае трывалую базу падтрымкі. Януковіч скраў перамогу – Лукашэнка, здаецца, папросту перабольшыў сваю.

Таму беларускай апазыцыі было апрыёры цяжка вырашаць сваю задачу – дзейнічаць у межах тактыкі «негвалтоўнага супраціву», узятай на ўзбраеньне ў Джына Шарпа і інш. Апазыцыянэры шмат што рабілі слушна – перадусім пазьбягалі гвалтоўных формаў пратэсту і «простага дзеяньня», што дало б уладам нагоду, якой яны так шукалі, каб пусьціць у ход сілу. Дакладней, пусьціць у ход сілу раней. Апазыцыя таксама добра навучыла сваіх прыхільнікаў адрозьніваць і пазьбягаць правакатараў. Джын Шарп лічыць неабходным вызначаць і падкрэсьліваць слабыя бакі, што ёсьць у кожнага рэжыму. На ягоную думку, каб дамагчыся пераменаў, галоўнае ня грошы, а зьмена ў людзкой сьвядомасьці. Упэўненасьць у сваёй маральнай перавазе – галоўны актыў апазыцыі, асабліва калі вядзецца пра тое, каб падштурхнуць тысячы шарагоўцаў, якія падтрымліваюць уладу, перайсьці на другі бок. Аднак у Беларусі рэжым ніколі не выяўляў слабасьці. Абурэньне тым, што Лукашэнка душыць дэмакратыю, не выходзіла за межы апазыцыйных колаў. Памаранчавая рэвалюцыя ўдалася, бо на вуліцы выйшлі сотні тысячаў звычайных людзей. Беларускай апазыцыі бракавала відочнай падтрымкі «тылу» – масаў народу, якія б надалі вагу акцыі пратэсту ня проста таму, што яны падтрымлівалі Мілінкевіча ці не прымалі лукашэнкаўскай нацыянальнай ідэі, а таму, што баранілі сваё права на пратэст, баранілі агульную ідэю свабодных і справядлівых выбараў. Згодна з вынікамі апытаньня «Дэмакратычных ініцыятываў» у 2005 г., толькі 39 % маніфэстантаў выйшлі ў 2004 г. на вуліцы дзеля таго, каб падтрымаць Юшчанку, 59 % пратэставалі супраць самога факту фальсыфікацыі выбараў.

Іншымі словамі, стратэгія негвалтоўнага супраціву палягае на тым, каб ціснуць на слабыя бакі ўлады. У лукашэнкаўскага рэжыму іх няшмат. Прынамсі, пакуль – магчыма, яны высьпеюць з часам. Можна меркаваць, што пэрыяд адразу па выбарах заўсёды яшчэ важнейшы за самі выбары. Мабыць, Лукашэнка хоча, каб сытуацыя «вярнулася ў норму». Апазыцыя павінна не спыняцца на дасягнутым, а Захад, асабліва Эўропа, мусяць аказваць ёй больш рашучую падтрымку, чым падчас самой выбарчай кампаніі. Эўразьвязу трэба распрацаваць цьвёрдую, але канструктыўную палітыку датычна Беларусі, бо на цяперашні момант ён увогуле амаль ніяк не задзейнічаны.

Эндру Ўілсан

Пераклала з ангельскай V.K.

Цалкам артыкул чытайце ў часопісе «ARCHE» №4

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0