Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, які атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, адноўлены ў статусе члена Партыі БНФ. Адпаведнае рашэнне прынятае дэлегатамі з'езда арганізацыі, які праходзіць 11 кастрычніка ў Мінску. 

Міхалевіч звярнуўся з просьбай аднавіць яго ў партыі ў спецыяльным лісце да дэлегатаў з'езда. Ён адзначыў, што не можа зараз вярнуцца ў Беларусь з-за пераследу спецслужбаў, але гатовы падтрымліваць партыю і плаціць членскія ўзносы. 

Нягледзячы на тое што старшыня партыі Аляксей Янукевіч быў супраць разгляду заявы Міхалевіча на з'ездзе, «бо ён не заслугоўвае аднаўлення ў партыі», з'езд большасцю галасоў прагаласаваў за задавальненне просьбы палітыка. 

Міхалевіч быў выключаны з Партыі БНФ 14 чэрвеня 2008 года рашэннем сойма, з'яўляючыся на той момант намеснікам старшыні арганізацыі.

На партыйным сайце ў сувязі з гэтым быў размешчаны каментарый кіраўніка партыі Лявона Баршчэўскага. «На жаль, частка людзей не зразумела, што партыйная праца — гэта не гульня, што партыя — не кантора кліентаў, а арганізацыя, якая рэалізуе сумесна вызначаныя палітычныя мэты, — напісаў Баршчэўскі. — Давялося прыняць няпростае, але абсалютна неабходнае рашэнне. Такое рашэнне выспявала даўно. Міхалевіч адмовіўся выконваць ужо прынятыя рашэнні сойма партыі, перайшоў да публікацыі зневажальных, пераходных на асобы выказванняў на адрас іншых кіраўнікоў Партыі БНФ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?