Пасля паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года адзінства для лідара кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева «стала прынцыповай справай».

Пра гэта палітык заявіў, выступаючы з прывітальным словам на чарговым з'ездзе Партыі БНФ, які праходзіць 11 кастрычніка ў Мінску.

«Мы не здолелі перамагчы ў 2010 годзе, бо не былі аб'яднаныя ні адзіным лідарам, ні адзінай стратэгіяй», — падкрэсліў ён. 

Кансультуючыся з лідарамі апазіцыі, адзначыў Някляеў, ён зыходзіць з таго, што «важна, хто будзе адзіным лідарам, але яшчэ важнейшы адзіны падыход і тактыка». 

«Калі сталі разбірацца, хто першы, то высветлілася: усе — першыя.

Затым я прапанаваў вылучыць адзіным кандыдатам Мікалая Статкевіча, адначасова выставіўшы ўладам шэраг патрабаванняў. Калі б улады не выканалі нашы патрабаванні, мы перайшлі б да актыўнага байкоту выбараў», — сказаў Някляеў. 

Ён паведаміў, што не была падтрыманая і яшчэ адна яго ініцыятыва аб вылучэнні дэлегатаў на кангрэс дэмакратычных сіл праз збор подпісаў. «На адным з пасяджэнняў я сказаў, што адмаўляюся ад прапановы аб зборы подпісаў, а значыць, і ад прэтэнзій на адзінага кандыдата. Але пры ўмове, што адзіны кандыдат дасць мне выразны адказ, што ён будзе рабіць на прэзідэнцкіх выбарах», — сказаў палітык. 

Някляеў выказаў надзею, што на з'ездзе Партыя БНФ вызначыцца «з дакладнымі прынцыпамі ўдзелу ў выбарах, ад якіх лідар не зможа адысці ў сваёй дзейнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?