Першы ў Магілёве «Дранiк-fest» пройдзе 18 кастрычніка, паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання.

У этнаграфічным комплексе «Зялёны гай» цэлы дзень гасцей мерапрыемства будуць частаваць адной з самых вядомых і любімых страў беларускай кухні — дранікамі. У конкурснай праграме на прыгатаванне самага смачнага і арыгінальнага драніка будуць удзельнічаць каманды профільных ВНУ і каледжаў Магілёўскай вобласці, якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў у сферы грамадскага харчавання.

Прафесійнае журы ў складзе спецыялістаў універсітэта харчавання і рэстаратараў будзе ацэньваць арыгінальнасць стравы, спалучальнасць прадуктаў, ступень складанасці і майстэрства, эстэтычнасць, мастацкі густ і творчасць. А гасцям кулінарнага свята будзе прадастаўлена магчымасць самім вызначыць падчас дэгустацыі, каму ж дастанецца прыз гастранамічных глядацкіх пераваг.

Падчас «Дранiк-festа» гасцей таксама чакае шмат музыкі, нацыянальных беларускіх песень, танцаў і, вядома ж, магчымасць пазнаёміцца з беларускімі кулінарнымі традыцыямі. На фестывалі можна будзе ўбачыць працу кухараў-прафесіяналаў, даведацца пра класічныя і незвычайныя рэцэпты прыгатавання любімай стравы.

Арганізатарамі свята выступаюць Цэнтр гарадскіх ініцыятыў і Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання пры падтрымцы адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва, студэнцкага этнаграфічнага таварыства, грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамi».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?