Прадстаўнік дынамаўскіх ультрас Віталь распавёў Football.ua аб тым, як і за што затрымалі ўкраінскіх фанатаў у Беларусі.

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

— Нашы СМІ паведамляюць, што ўсіх затрыманых беларуская міліцыя адпусціла…

— Здаецца, так і ёсць. Прынамсі, наш консул яшчэ раз аб'ехаў усе Мінскія РАУС і нікога з нашых там ужо не знайшоў.

— За што затрымалі на мяжы, пры ўездзе?

— Ну, не проста затрымалі, а некаторых нават не пусцілі далей. У прыватнасці (журналіста) Аляксандра Зазулю з-за стыкераў.

— Дарэчы, Аляксандр Зазуля напярэдадні выезду напісаў у сваім Facebook «вязем масу патрыятычных стыкераў»…

— Ну, вось з-за іх і не пусцілі (па інфармацыі Football.ua, Аляксандра не пусцілі ў Беларусь і забаранілі ўезд на тры гады).

— А пасля гульні, якія прэтэнзіі да нашых былі?

— Афіцыйна — «за нецэнзурную лексіку». Хоць зразумела, што гэта ўсё… Да прыкладу, аднаго хлопца са Стрыя ўзялі быццам бы за фаеры, хоць ён увесь час быў каля мяне і фаера ў яго дакладна не было. Зразумела, што прычынай была ў цэлым тая атмасфера, якую мы стварылі на матчы: нашы зарады, банеры…

— Перавышэнне службовых абавязкаў пры затрыманні прысутнічала?

— Частку нашых хлопцаў, шэсць чалавек, якіх «бралі» ў Мінску, потым перадалі ў Гомель, дзе мясцовая міліцыя таксама вырашыла праявіць стараннасць і са словамі «Тут вам не сталіца, а калгас» вывезлі ў поле і адлупцавалі. Прычым, там былі ў асноўным маладыя хлопцы, самы старэйшы — 22 гады. З іншага боку, з тымі хлопцамі (12 чалавек), якіх прымалі ў Барысаве, абыходзіліся ветліва.

— Якое ўражанне зрабілі беларускія фанаты?

— Выдатныя хлопцы! Дзякуй ім за прыём і дапамогу. Вельмі рады, што ў такіх складаных умовах у іх атрымліваецца заставацца на рэдкасць адэкватнымі.

— Распытвалі пра сітуацыю ў нашай краіне, пра АТА, у прыватнасці?

— Так, яны ў курсе. У іх у пашане нашы адэкватныя інтэрнэт-рэсурсы. Дарэчы, распавядалі, што калі падчас падзей на Майдане яны вывесели на матчы банер «Слава Украіне», то іх таксама пасля матчу арыштоўвалі, накладвалі штрафы.

— Як вырашылася сітуацыя?

— Шмат дапамагаў консул, які быў на судзе і потым вывозіў частку фанаў на сваёй машыне, пасольства наша паўдзельнічала. Але ў выніку ўсё вырашылася, я так разумею, на вышэйшым узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0