Фота Сяргея Зініна.

Фота Сяргея Зініна.

93+

Гучыць фінальны свісток. Славакія заслужыла гэтую перамогу. Чакаем выніковую прэс-канферэнцыю, што скажа Георгій Кандрацьеў. Беларусь саступіла з лікам 1:3.

91+

1:3! Трэці мяч забіў Станісаў Шэстак, які перад гэтым выйшаў на замену.

90-ая хвіліна

Да асноўнага часу матчу дададзена тры хвіліны.

87-ая

Суддзя, канечне, паказаў жоўтую картку славацкаму футбалісту, але ж мяч заставаўся ў беларусаў. І яны маглі ўцекчы ў вельмі небяспечную атаку. Суддзя хутчэй перашкодзіў, чым дапамог.

84-ая

Які ж недарэчны мяч залятае ў нашу браму. Пасля першага ўдару па варотах Жаўнову здалося, што мяч ляціць міма, аднак ён нечакана патрапіў у штангу. На дабіванні Марэк Гамшык ударыў моцна і дакладна пад самую перакладзіну - 1:2.

81-ая хвіліна

Узбадрыліся трыбуны. Патрабуюць перамогі.

79-ая

1:1!!! Адзначыўся Цімафей Калачоў, як на заказ! Асістэнцкі бал на рахунку Станіслава Драгуна.

77-ая

Апошняя замена ў Беларусі: Стасевіч замест Шытава. Форвардаў у гульні мы так і не дачакаліся. Ну што ж, Кандрацьеў працягвае здзіўляць.

76-ая

Добры ўдар Цімафея Калачова. Козачыку не атрымліваецца замацаваць мяч, але на дабіванні нашых не было.

74-ая

Кандрацьеў усё бліжэй да адстаўкі.

72-ая

Падаўленая крыху атмасфера на стадыёне. Нават не атрымліваецца завесці людзей на падтрымку. Што сказаць у матчах з Украінай і Славакія беларусы былі надзвычай слабымі.

67-ая

Сумна прызнаваць, але гол абсалютна заслужаны. Зусім не бачна за кошт чаго нашы збіраюцца адыгрывацца. Хутчэй славакі заб'юць яшчэ адзін.

65-ая

Уладзімір Вайс зрабіў усё, што мог, каб Славакія забіла. Абаронца выдатна прайшоў на фланзе і выкаціў мяч на нагу Марэка Гамшыка. І форвард «Напалі» робіць «чорную» для нас справу - 0:1.

62-ая хвіліна

Ну нарэшце і беларусы нарадзілі больш-менш адэкватную атаку. На аператыўны прастор, як прынята казаць у такія моманты вырваўся Міша Гардзяйчук. Удар ужо пахвальна, але міма.

61-ая

Жаўноў у які ўжо раз за вечар ратуе Беларусь. На гэты раз пасля ўдара Кучкі. Шчасце, што нікога са славакаў не было на дабіванні.

58-ая

Ігар Шытаў папярэджаны. 2:0 беларусы выйграюць па жоўтых картках.

57-ая хвіліна

Заўзятарам здавалася, што мусіў быць кутні, а замест гэтага бельгійскі арбітр паставіў удар ад варот. Стадыён незадаволена гудзіць.

55-ая

Замест Ягора Філіпенкі, які атрымаў пашкоджанне выйшаў Дзяніс Палякоў. Замена па пазіцыі.

52-ая

Зноў славакі выходзілі на добрую пазіцыю для ўдара. Адам Немец спрабаваў прыцэльна патрапіць у далёкі вугал, але мяч з брамай разышоўся. Нашы пакуль пра атакі нават не задумваюцца. Няўжо гуляюць на 0:0?

49-ая

Дзмітрый Верхаўцаў пабачыў перад сабой жоўтую картку. Першае папярэджанне ў матчы.

47-ая

Проста шкалярскую памылку дапускаюць нашы цэнтральныя абаронцы, выводзячы на забойную пазіцыю Гамшыка. Але супрацьстаянне са славакам зноў выйграе Жаўноў. Юрый сёння больш чым у парадку.

46-ая

Пачаўся другі тайм. Беларусы зрабілі замену: Брэсана памянялі на Міхаіла Гардзейчука. Зборная працягвае гуляць без чыстых нападаючых.

Перапынак

Фан-сектар зацягнуў «Трох чарапах». «Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе» - галоўны матыў сённяшняй сустрэчы ці як? А спяваюць прыгожа.

Перапынак

Таксама ў нашай групе сёння гуляюць Іспанія і Люксембург. «Чырвоная фурыя» пакуль упэўнена перамагае Люксембург пасля першага тайма - 2:0.

45-ая

Першы тайм скончыўся. Самы верны момант у ім упусціў у самым пачатку Марэк Гамшык. А беларусы ніводнага «верняка» так і не стварылі. Перапынак. Пакуль - 0:0.

43-ая

Юрый Жаўноў пакуль гуляе абсалютна бездакорна.

39-ая

Пад канец тайма беларусы нанеслі больш-менш адэкватны ўдар па браме Козачыка. З-за межаў штрафной да мяча прыклаўся Калачоў, але брамнік у вугле выцягнуў мяч.

36-ая

Пасля працяглага розыгрышу вуглавога мяч адскочыў да Максіма Бардачова, але ўдар абаронцы быў па птушках.

32-ая

«Мы разам, нас многа, за намі перамога», - спявае Б-12. Славакі стараюцца не адставаць, выконваючы нешта вясёленькае на сваёй мове.

30-ая хвіліна

Ведаеце, не сказаў бы, што славакі вельмі ўпэўнена глядзяцца ў пазіцыйных атаках. Мабыць, стыхія нашых гасцей усё ж гульня на контратаках, а вось у гульні з Беларуссю даводзіцца гульць першым нумарам, таму і ўзнікаюць пэўныя праблемы.

24-ая хвіліна

На фан-сектары гучыць «Хочам, можам, пераможам». Праўда, футбалістам трэба па варотах біць, каб перамагаць. Пакуль удараў кот наплакаў.

20-ая

Нічога цікавага на полі не адбываецца. Нашым крыху атрымалася перавесці гульню ў цэнтр.

15-ая хвіліна

Украінцы сёння зноў атрымалі перамогу. У Львове яны былі мацней за македонцаў - 1:0. Адзіны гол у матчы на рахунку Сідарчука, які адзначыўся і ў Мінску.

Нечаканы вынік матча Расія - Малдова - 1:1.

11-ая

Магчыма, такая маленькая наведвальнасць матчу адказ на словы Цімоха Калачова. Капітан зборнай, як памятаем, заявіў, што заўзятары, якія кепска перажывалі за зборную, - адна з прычынаў паразы.

9-ая

Удар у адказ Брэсана асаблівай небяспекі не нёс. Пачатак за славакамі.

8-ая хвіліна

Яшчэ адзін супермомант у гасцей. Абсалютным цудам Юрый Жаўноў выцягвае мяч пасля падачы вуглавога і ўдара Гамшыка.

7-ая хвіліна

Славакі атрымалі права на вельмі небяспечны штрафны. На шчасце, пакуль пранясло.

6-ая

З сектара Б-12 чуецца ў асноўным «Беларусы». На жаль, «Жыве Беларусь» мы сёння наўрад ці пачуем, але гэта натуральна.

4-ая

Склад беларускай зборнай: Жаўноў, Філіпенка, Верхаўцоў, Мартыновіч, Бардачоў, Шытаў, Драгун, Балановіч, Крывец, Калачоў, Брэсан.

Зборная зноў гуляе з пяццю абаронцамі, а ролю нападаючага выконвае намінальны паўабаронца Брэсан. Чамусьці Мікалая Януша нават няма ў запасе.

3-ая

Прыкладна тыя самыя трыста чалавек прыхалі са Славакіі. Яны, як ні дзіўна, размешчаныя не ў гасцявым сектары, а раскіданыя па цэнтральных сектарах. Вядуць сябе вельмі дружалюбна, фоткаюцца, ўсміхаюцца.

2-ая хвіліна

Гледачоў сёння тысячы 3-4, не больш. Зусім панылае ўражанне пакідаюць трыбуны. У сектары Б-12 чалавек 200-300.

1-ая хвіліна

Гульня пачалася. Беларусы развялі мяч. Нашы ў белай форме. Славакі - у сіняй.

***

Сёння зборная Беларусі па футболе правядзе трэці матч у рамках адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы па футболе. Нагадаем, што ў папярэдніх матчах беларусы спачатку згулялі ўнічыю з Люксембургам – 1:1, а ў мінулы чацвер саступілі Украіне – 0:2.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў паабяцаў у выпадку паразы падаць у адстаўку.

А вось у славакаў усё ў шакаладзе. Яны атрымалі дзве мінімальныя перамогі над Украінай – 1:0 і Іспаніяй – 2:1. Фактычна на сённяшні дзень гуляюць першая (Славакія) і апошняя (Беларусь) каманды групы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?