Стваральніца адукацыйных курсаў «Мова ці кава», журналістка расійскага Першага тэлеканала Кацярына Кібальчыч у сваім фэйсбуку ўступіла ў завочную палеміку з шэф-рэдактарам сайта by.tribuna.com Максімам Беразінскім.

Кацярына Кібальчыч. Фота kyky.org.

Кацярына Кібальчыч. Фота kyky.org.

Пасля чацвярговай сустрэчы нацыянальных зборных Беларусі і Украіны Беразінскі напісаў тэкст «Воіны, света». Вось адзін з момантаў, якія абурылі Кібальчыч:

«Украінцы прыехалі ў Беларусь і прывезлі з сабой той дух свабоды, якім у іх прасякнута ўсё. Калі ідзеш па перакрытым Хрышчаціку, а там пад кожным ліхтаром спяваюць песні пад гітару ці нават з мінімальнымі калонкамі, першая думка: а дзе падзеўся АМАП?»

Вось што на гэта адказала Кібальчыч:

«Украінскі АМАП сапраўды ў апошні час «падзеўся». Дзе гэта ён, калі хлопцы ў балаклавах атачаюць офіс тэлекампаніі ў Кіеве, здымаюць трусы з кандыдата ў прэзідэнты і бегаюць з імі, як з сцягам, па Майдане, калі яны збіваюць іншадумцаў, спальваюць жыўцом людзей у будынку, громяць амбасаду?»

«Пасля «спаленых жыўцом людзей» можна было не чытаць. Братазабойчая вайна і бедны кандыдат у прэзідэнты … Для поўнага набору ўкрыжаванага дзіцяці і грошай дзярждэпа не хапае. Каця, а як там «журналістка» [вашага канала] пажывае, якая дзіця ў Славянску «ўкрыжавала»? і яшчэ пытаннечка: а хто зброю і баевікоў на Данбас пастаўляе для «братазабойчай вайны»?» — не вытрымаў аператар «Белсата» Аляксандр Баразенка.

«Можна гарлапаніць і атрымліваць ад гэтага кайф. Можна трохі расслабіцца і не чакаць, калі гумавая дубінка ударыць цябе па галаве. Было відаць і чуваць, што беларусы вельмі доўга цярпелі, вельмі доўга маўчалі», — гэта зноў урывак з артыкула Максіма Беразінскага.

«Гэта вось вельмі важны артыкул, дзе наіўны чалавек шчыра называе рэчы сваімі імёнамі. Кайф — гэта ключавое слова майдану. Толькі ім можна растлумачыць масавае вар'яцтва адукаваных людзей, якія аслеплі на адно вока, дакладней выкалалі яго сабе добраахвотна. Толькі пад кайфам можна захапляцца «воінамі святла», якія на танках нясуць еўрапейскія каштоўнасці «цёмным неадукаваным» масам ў Данбасе, не лічачы іх нават людзьмі, а толькі казуркамі», — адказала Кібальчыч.

Характэрна, што ў каментах да паста адзначыўся расійскі пісьменнік Захар Прылепін, які на днях прапаноўваў укладваць у Беларусь гранты, каб яна не перастала быць часткай «рускага свету». «Вельмі добра, дзякуй!» — не хаваў задавальнення Прылепін.

Беларусы ў каментарах у цэлым негатыўна адрэагавалі на словы Кібальчыч. Варта адзначыць, што ў падобнай стылістыцы былі выкананыя рэпартажы Кацярыны Кібальчыч з Украіны сёлета. Дзеля гэтага можна пагартаць архіў Першага тэлеканала.

«Я не брала ўдзелу ў расійскіх выбарах, але калі б ведала, што ад майго голасу залежыць вынік і пайшла галасаваць, з усіх кандыдатаў абрала б Пуціна, хоць я і не ягоны фанат», — казала Кацярына ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» ў лютым 2013 года.

Варта адзначыць, што Кібальчыч аўтарка фільма пра Плошчу-2010 «Беларуская мара», а таксама ініцыятарка стварэння адукацыйных курсаў «Мова ці кава».

Дарэчы, вядучыя «Мовы ці кавы» Франак Вячорка і Валярына Кустава адмежаваліся ад словаў Кібальчыч.

«Заявы Каці Кібальчыч пра ўкраінскія падзеі не маюць нічога супольнага з менскімі курсамі «Мова ці кава». Асабіста мне яе пазіцыя чужая і агідная», — напісаў Вячорка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?