Памятаеце, як на пачатку 1999 г. раптам стала мусіравацца ідэя, каб да саюзу Беларусі і Расеі далучылася Югаславія? Зь Бялграду ў Менск снавалі ганцы ад Мілошавіча, рыхтуючы глебу пад хаўрус, які цяжка было патлумачыць геаграфічнымі меркаваньнямі. Але калі топісься, то і за брытву ўхопісься.

Неўзабаве разам з уладай Мілошавіча была пахаваная і тая ідэя дзіўнага альянсу.

Тым часам Менск працягвае ладзіць хаўрусы, што выглядаюць трохі экзатычнымі для краіны ў цэнтры Эўропы. Напрыклад, усяляк разьдзімаецца важнасьць удзелу ў малаўплывовым («рэліктавым», як кажуць асобныя экспэрты) Руху недалучэньня.

Ці вось раптам стаў вялікім сябрам вэнэсуэльскі лідэр Уга Чавэс. Дзе тая Вэнэсуэла, але ж і тысячы кілямэтраў не адлегласьць, калі лучыць палкае жаданьне хоць фігуральна даць у пысу гегеманістам-янкі!

Былы дэсантнік Чавэс, трэба сказаць, усіх пераплюнуў у верасьні з трыбуны сэсіі ААН. І выступ беларускага прэзыдэнта, разьлічаны на сэнсацыю, апынуўся ў цені. На тле Чавэсавых філіпікаў яго можна было нават выдаваць за ўзор амэрыканафіліі.

Вось такія крутыя ў нас сябры.

Разам з тым сёньняшняя Беларусь ніякім бокам не дапасуецца, напрыклад, да нядаўна створанай у Кіеве арганізацыі суседніх краінаў — Супольнасьці дэмакратычнага выбару. На думку беларускага кіраўніка, яе сябры здольныя прапанаваць Эўропе хіба што «злачыннасьць, разбой, бандытызм» ды сумнеўны досьвед таго, «як трэба захопліваць уладу неканстытуцыйным шляхам».

Карацей, нам зь імі не па дарозе. І вось, ідучы адмысловым курсам, Беларусь наважылася адчыніць дзьверы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Напачатку, магчыма, як назіральніца.

Нагадаю: сёньня ў ШАС уваходзяць Кітай, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбэкістан ды Расея. Іначай кажучы, пяць азіяцкіх краінаў і адна эўразійская. Беларусь, калі што, стане ў гэтым хаўрусе адзінай выключна эўрапейскай дзяржавай.

Заўважце: Турцыя, валодаючы ў Старым Сьвеце толькі лапікам зямлі (нават падзелены Басфорам Стамбул — напалову ў Азіі!), усімі фібрамі імкнецца ў Эўразьвяз. Бо, хоць і мае стрэмку ў выглядзе курдзкай праблемы, увогуле даўно і стала выбрала эўрапейскія каштоўнасьці. Між іншым, шмат у чым дзякуючы свайму колішняму «бацьку» — прэзыдэнту Атацюрку (у перакладзе — «бацька туркаў»).

Менск жа хоць і не падзелены Сьвіслаччу між двума кантынэнтамі, але, як зьедліва зазначыў «Московский комсомолец», мэнтальна каму-кольвек тут, пэўна, бліжэйшыя азіяцкія дэспаты.

Зрэшты, не кажы гоп...

Намер афіцыйнага Менску ашчасьлівіць сваім удзелам ШАС нарабіў фурору — дзе б вы думалі? — у братняй Расеі!

Трывогу б’е, у прыватнасьці, Дзьмітры Суслаў з тамтэйшай Рады замежнай ды абароннай палітыкі. Гэту блізкую да Крамля структуру пад кіраўніцтвам вядомага Сяргея Караганава не западозрыш у лабіяваньні заходніх каштоўнасьцяў. Але менавіта ў ейных экспэртаў намер Беларусі ўвайсьці ў ШАС выклікаў засьцярогу.

Лёгіка наступная. Не сакрэт, што пад дахам ШАСу аб’ядналіся рэжымы, у якіх немалыя праблемы з дэмакратыяй. Ім не пад нос адпаведныя прэтэнзіі Вашынгтону. Але раней антыамэрыканізм ШАСу быў лятэнтны. Уголас казалася пра высакародныя мэты барацьбы з тэрарызмам у Азіі (sic!), прычым гэтая мэта называлася прыярытэтнай, ды пра разьвіццё рэгіянальнай (зноў жа: рэгіянальнай!) эканамічнай каапэрацыі.

А вось далучэньне Беларусі, лічыць расейскі экспэрт Дз.Суслаў, будзе азначаць, што ШАС «страціць рэгіянальны складнік, і агульным інтэграцыйным базісам для ўдзелу ў гэтай арганізацыі стане менавіта тып рэжыму». Такім чынам, рэзюмуе аналітык, яна «канчаткова ператворыцца ў арганізацыю недэмакратычных дзяржаў».

Экспэрт папярэджвае, што гэта можа абцяжарыць і так не бязвоблачныя стасункі Крамля з Захадам. То бок — аб’ектыўна пашкодзіць нацыянальным інтарэсам Расеі.

Зь іншага боку, ідэю далучэньня Беларусі да ШАС вітаў пракрамлёўскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі. Для афіцыйнага Менску гэта можа быць кепскай прыкметай. Паўлоўскі, як вядома, з трэскам прайграў летась гульню супраць «аранжавых» ва Ўкраіне.

Зрэшты, выбар невялікі. Эўропа зачыняе шлягбаўмы. Нават кітайскі амбасадар, адкінуўшы ўсходні палітэс, скрытыкаваў беларускі інвэстыцыйны клімат. І дадаў, што кітайцы не былі б сапраўднымі камуністамі, калі б кепска ставіліся да каляровых рэвалюцыяў. У Менску мусілі зьесьці гэтую пілюлю.

Тым часам у сакратарыяце ШАСу ў Пэкіне заяўляюць, што пытаньне аб прыёме Беларусі ў парадку дня не стаіць. І што ніякіх заявак зь Менску не атрымлівалі.

Карацей, калі з гэтым ШАСам справа загрузьне, айчынным стратэгам давядзецца страшэнна напружваць мазгі, каб даць чарговы адлуп паклёпніцкім сьцьверджаньням пра міжнародную ізаляцыю.

Слухайце, вы ня чулі, можа, на лядовым мацерыку ёсьць якая-небудзь Супольнасьць антарктычных пінгвінаў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0