Cтудэнтку 2-га курсу журфаку БДУ Вольгу Чарных затрымалі на падыходзе да Дому афіцэраў у ноч, калі на Кастрычніцкай плошчы зьявіліся першыя намёты. Па дарозе на Акрэсьціна міліцыянты жартавалі, што вязуць арыштаваных у лес расcтрэльваць.

У чаканьні суду Вольга амаль суткі правяла ў халоднай камэры. Сам суд адбыўся ўвечары, а 19-й. Былі толькі судзьдзя, сакратар і студэнтка. Не пагадзіўшыся з абвінавачаньнем, Вольга пачула: «Вы лічыце сьведчаньні міліцыянтаў хлусьлівымі?» У выніку дзяўчына атрымала 10 сутак.

На Акрэсьціна Вольга адбывала пакараньне разам з Вольгай Кузьміч, Тацянай Хомай, польскай журналісткай Веранікай Самаліньскай ды вядоўцай грузінскага TV Ніно Гіоргабіяні. У камэры знаходзілася цяжарная дзяўчына, якую асудзілі на трое сутак. Ейная віна была ў тым, што яна несла на Плошчу ежу для мужа.

Па вызваленьні ва ўнівэрсытэце Вольга пачула ад куратара групы наступнае: «Дэкан факультэту загадаў зрабіць што заўгодна, каб ты не вучылася». Яна лічыць, што за палітыку з унівэрсытэту ня выганяць, але найверагодней праблемы ўзьнікнуць падчас сэсіі. Адзін з выкладчыкаў так і сказаў: «Буду рады, калі вас адлічаць за пасьпяховасьць».

Паводле словаў спн.Чарных, вялікі розгалас сярод журфакаўцаў мела гісторыя з рэпартажам пра шпрыцы і порначасопісы ў намётавым мястэчку. Ягоным аўтарам быў трэцякурсьнік Дзяніс Бальшакоў. Часам студэнтам загадваюць рабіць падобныя сюжэты. Рэпартаж круцілі колькі разоў на дзень. Бальшакоў нават публічна выхваляўся і ўсяляк падкрэсьліваў аўтарства. Адлуп не прымусіў сябе доўга чакаць: зьвесткі пра гора-аўтара зьмясьцілі ў Сеціве, нехта прапанаваў адсылаць яму гнеўныя SMSкі. Большая іх частка прыйшла проста сярод лекцыі, і выкладчык мусіў выдаліць Бальшакова з аўдыторыі разам з тэлефонам.

Вольга ня лічыць марным, здавалася б, ад пачатку асуджаны на паразу, выхад моладзі на вуліцу. «Мы зрабілі неверагоднае – цяпер пра тое, у якіх умовах мы жывем, ведаюць нашыя бацькі, многія з каторых не хацелі да апошняга разумець сваіх дзяцей. Нашыя сябры, большасьць з каторых былі апалітычныя, выйшлі на вуліцу. Тыя, хто зусім не арыентаваўся ў палітыцы, стаялі на Плошчы ўсе гэтыя дні, нехта, рызыкуючы здароўем і свабодай, прыносіў прадукты і вопратку».

Сярод удзельнікаў флэш-мобаў, што цяпер адбываюцца ці не штодня і дзівяць сваёй выдумкай і разнастайнасьцю, шмат маладых людзей, на каго паўплывалі менавіта апошнія падзеі. Яны зразумелі, што трэба дзейнічаць, бо ніхто за нас саміх нічога рабіць ня будзе.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0