Прадпрымальнік зь Віцебску Ўладзімер Рамановіч да зімы зьбіраецца выпусьціць швэдры зь беларускай сымболікай і арнамэнтам. Пробныя экзэмпляры павінны зьявіцца ўжо на гэтым тыдні.

Узоры швэдраў ўжо выстаўленыя для абмеркаваньня ў фэйсбуку

«Мы пачалі з жонкай з магнітаў на лядоўню, на якіх былі выявы беларускіх літар. Перад верасьнем мы вырашылі зрабіць сшыткі на 12 аркушаў зь беларускім арнамэнтам, «Пагоняй» і гэтак далей. А цяпер мы вырашылі зрабіць швэдры. Тым больш, што цяпер ідзе трэнд на беларускасьць і ў нас ёсьць жаданьне спрыяць пашырэньню мовы і культуры. Мы пабачылі, што ёсьць патрэба ў людзей на такія рэчы. У Беларусі, напрыклад, 80% сшыткаў робяць не беларускія кампаніі, і гэтая прадукцыя, як звычайна, ня мае ні беларускай мовы, ні якога-небудзь арнамэнту. Беларускія кампаніі таксама выпускаюць гэтую прадукцыю на рускай мове. Таму мы зрабілі беларускамоўныя сшыткі. Што да швэдраў, то ўсе ведаюць, які файны нарвэскі арнамэнт. Але і ў нас ёсьць свае цікавыя, прыгожыя арнамэнты, якія ўзяты з адмысловай літаратуры, якую мы выкарыстоўваем як дапаможнік».

Ужо вядуцца перамовы зь беларускім прадпрыемствам, якое ня супраць вырабляць швэдры з «Пагоняй».

«Мы жадаем, каб гэтая прадукцыя была выраблена менавіта ў Беларусі, каб грошы заставаліся ў нашай краіне. Магчыма, больш танныя маглі б атрымацца, калі б мы іх выраблялі ў Кітаі ці ў Банглядэш. Мы ўжо выклалі макеты швэдраў, гэта клясычныя колеры для Беларусі: чорны, шэры, чырвоны і белы. Як толькі мы выклалі іх у сацсетках, людзі пачалі пытацца, як іх замовіць. Я спадзяюся, што ўжо на гэтым тыдні першы такі швэдар будзе ў мяне. Я думаю, што з матэрыялаў гэта будзе акрыл і воўна, каб гэта быў бюджэтны варыянт. За нашымі плячыма няма нейкага дзядзькі зь вялікімі грашыма, мы робім усё з уласных сродкаў. Мы выкладзем канчатковыя варыянты швэдраў у сеціве і будзем прымаць замовы на выраб. А потым мы мяркуем яшчэ распрацаваць шапку, шалік і рукавічкі», — апавёў «Свабодзе» Ўладзімер Рамановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0