Гляджу на больш пустыя, чым поўныя трыбуны Барысаў-Арэны. Наша нацыянальная зборная тым часам атрымлівае ад каманды Славакіі трэці мяч, лік робіцца 1:3, і народ з мацюкамі пачынае цягнуцца да выхаду са стадыёна.

Усё вельмі дрэнна, як кажуць. Думак шмат, але, шчыра кажучы, апошняе, аб чым я падумаў пасля гэтага нядзельнага матча, былі словы Георгія Кандрацьева пра адстаўку ў выпадку незадавальняльных рэзультатаў. Адно ачко ў трох матчах замест запланаваных сямі і ў выніку апошняе месца ў групе – яўна не той рэзультат, з якім можна смела глядзець у будучыню. Грамадскасць гучна патрабуе «Жора, сыходзь!», спартовыя эксперты гадаюць, хто будзе наступным галоўным трэнерам нашай галоўнай футбольнай каманды, але мяне гэтая істэрыя вакол асобы трэнера галоўнай каманды хвалюе мала.

ОК, вось зараз сышоў Кандрацьеў. Цяпер бліжэйшы час уся ўвага мясцовага футбольнага люду будзе прыцягнутая да пытання аб новым капітане карабля пад назвай «нацыянальная зборная Беларусі», які возьмецца выводзіць гэтае судна з таго балота, куды яно заплыло.

Будуць размовы пра новы магчымы склад каманды, змену тактычнай схемы і малюнка гульні, запрашэнне-незапрашэнне Аляксандра Глеба і шмат яшчэ што іншае. Але пытанне аб тым, чаму мы дакаціліся да самога факта, што нічыя з Люксембургам і дамашняя параза ад Славакіі ўжо нікога не здзіўляюць, зноў застанецца без адэкватнага адказу. Вельмі добрая маскіроўка, скажу я вам.

У нашай краіне не толькі ў футболе, але ва ўсіх сферах дзейнасці прынята разбірацца з праблемамі метадам прыняцця кадравых вырашэнняў. Часам вельмі радыкальных.

Вось вам зусім нефутбольны прыклад — «Барысаўдрэў». Прыехаў кіраўнік дзяржавы на прадпрыемства, адхіліўся ад прадугледжанага маршруту і ахнуў: «Што ж гэта такое робіцца?» Па выніку паляцелі галовы чыноўнікаў, а генеральнага дырэктара Уладзіміра Мальцава ўвогуле пасадзіць сабраліся на 10 год. А цяпер высвятляецца, што справа там даволі цёмная, адназначнай ягонай віны там няма, а праваахоўнікі ў чарговы раз «перабдзелі». Толькі каго гэта цікавіць? Далі загад – разабрацца, вось і разбіраюцца. А робяць гэта ўжо так, як умеюць. І як прасцей, зразумела ж. Знайсці крайняга – праблема невялікая. І што ў рэзультаце «разборак»? У крамах з’явілася нейкая ўнікальная прадукцыя барысаўскай вытворчасці? Адбыўся тэхналагічны прарыў у сферы дрэваапрацоўкі? «Барысаўдрэў» заваяваў замежны рынак? Ага, трымай шырэй кішэню.

Нічога падобнага не адбылося і не адбудзецца. Бо калі за стырно старэнькіх «Жыгулей» 75 года выпуска пасадзіць нават Себасцьяна Фетэля, ён не выйграе гран-пры Формулы-1 ні пры якіх раскладах.

Дзеля таго, каб чагось дабівацца, трэба змяняць цалкам увесь падыход да справы, а не проста асобныя механізмы.

Але ў нас прынята адцягваць увагу ад галоўнай праблемы разнастайнымі дробязямі – то выканаўцы не такія, як трэба, то начальнік дурань, то «граната ў яго не той сістэмы». Узгадваецца байка пра зламаны сцізорык: адбываецца татальны гамон, а мы вядзем гаворку пра нязначныя рэчы, якія з’яўляюца не прычынай, а наступствам гэтага самага гамона.

Гэта ж датычыцца і футбольных спраў. Не гуляе зборная – трэнера «гэць»! Зразумела, Кандрацьеў зрабіў некалькі сур’ёзных пралікаў, якія шмат каму здаюцца відавочнымі. Але ж на канапе ўсе мы эксперты і ўсё ведаем. Не хочацца ўлазіць у доўгія абмеркаванні правільнасці выбару схемы з пяццю абаронцамі і выкарыстанні Драгуна і Брэсана на нехарактэрных пазіцыях.

Я ні ў якім выпадку не хачу выгароджваць Георгія Пятровіча і казаць, што ён ніяк не вінаваты ў правале зборнай, якая не выйграе ў афіцыйных матчах ужо ДВА ГАДЫ! Так, гэта і ягоная віна таксама. Але ж, як слушна заўважыў адзін з карыстальнікаў tribuna.com, Кандрацьеў не вінаваты ў тым, што Калачоў ці Шытаў не могуць зрабіць дакладную перадачу на 10 метраў. І гэта не віна Кандрацьева, што ў нас зараз проста тупа няма з каго выбіраць у гэтую зборную, каб яна паказвала тую гульню, на якую спадзяюцца ўсе: заўзятары, журналісты, самі футбалісты.

Няма ў нас сваіх гамшыкаў, шкртэлаў і канаплянак. Лепшыя гады нашай галоўнай зоркі – Аляксандра Глеба, ужо прайшлі, а новых падобных персаналій пакуль на гарызонце не з’явілася.

Сярод нашых зборнікаў (за выключэннем вышэйузгаданага Глеба, які не быў выкліканы на апошнія матчы) толькі двое гуляюць у Еўропе: Сяргей Крывец, які абжываецца ў французкім «Метцы» і чыстакроўны беларус Рэнан Брэсан з партугальскага «Рыу Авэ». Астатнія альбо дома, альбо ў чэмпіянаце Расіі у, скажам так, не самых вядучых камандах. Разумею, сярод украінцаў таксама быў толькі адзін легіянер – Анатоль Цімашчук з піцерскага «Зеніта». Але ж і ўкраінская прэм’ер-ліга не раўня нашаму чэмпіянату. А ў Славакаў увогуле толькі двое хлопцаў прадстаўляюць мясцовае першынство. Таму ўвогуле, чаго хацець ад нашай зборнай тут і цяпер?

Даўно пара зразумець: на дадзены момант Беларусь – гэта нават не серадняк еўрапейскага футбола. Мы, груба кажучы, у глыбокай задніцы. Унутраны чэмпіянат трашчыць па швах: толькі пара-тройка каманд не ведаюць, што такое затрымкі зарплаты, невыплата прэміяльных, адсутнасць клубнага транспарта, а таксама нармальных умоў для пражывання і трэніровак. І гэта пра вышэйшую лігу. Пра першую і асабліва другую нават і казаць няма чаго. Ды што там ніжэйшыя дывізіёны! У нас на дзевяцімільённую краіну ўсяго пара футбольных стадыёнаў, якія не сорамна людзям паказаць, а ў сталіцы такога аб’екта ўвогуле няма, і яшчэ невядома, калі ён з’явіцца. Тым часам сярэдняя наведвальнасць чэмпіянату вышэйшай лігі складае нешта ля 2000 чалавек на матчы. Гэта не гамон па-вашаму?

Дарэчы, наконт пустых трыбун. На гэтым самым матчы супраць Славакіі быў устаноўлены абсалютны антырэкорд афіцыйных сустрэч нашай «нацыяналкі» – трошкі больш за 3600 гледачоў.

Пры новенькай арэне, у выхадны дзень, на матчы з годным праціўнікам. Ёсць нейкае тлумачэнне? На маю думку, футбол – гэта не звычайная забава кшталту кіно ці заапарка. Гэта эмоцыі. Ты ідзеш на стадыён, каб не столькі атрымаць асалоду ад гульні, колькі адчуць сябе часткай чагосьці важнага, вялікага, адзінага. Дачыніцца да поспехаў ці расчараванняў каманды, у якую ты верыш. Дык вось, у нядзелю знайшлося толькі 3684 чалавекі, якія верылі ў дружыну пад кіраўніцтвам Кандрацьева і хацелі быць яе часткай. Пасля фінальнага свістка такіх зрабілася яшчэ менш.

Дык а вінаваты хто? Так, памылкі трэнера і футбалістаў бачныя лепей за ўсё, але гэта ж толькі вокладка ўсёй сітуацыі, наступствы, а не прычыны. Відавочна, што ў федэрацыі футбола няма ніякага плану па развіцці спорта нумар адзін у нашай краіне. Змена формулы правядзення чэмпіянату, перастаноўкі на трэнерскай пазіцыі нацыянальнай зборнай, рэбрэндзінг, будзь ён няладны, – гэта ўсё мішура, ад якой толкам нічога не змяняецца. Наш футбол (акрамя ФК БАТЭ) жыве ў рэжыме з сёння на заўтра: як Бог дасць. Няма ні адэкватнай сістэмы рэформаў і пераўтварэнняў, ні плана па яе пабудове.

Хаця прыдумваць нічога і не трэба: можна пайсці правераным шляхам іншых еўрапейскіх краін, ды хоць той жа самай Славакіі. Але ж гэта патрабуе сур’ёзных вырашэнняў і высілкаў. Куды нам?

Вось бачылі, як у нас некаторыя гаспадары, каб палепшыць выгляд старых драўляных хат, усталёўваюць новыя шклапакеты і пакрываюць сценкі звонку сайдынгам? Роўна тое ж адбываецца з беларускім футболам. Старая халупа ледзь стаіць, а ёй тым часам старанна намагаюцца надаць прыстойны від, замест таго, каб будаваць новую хату з цэглы.

Толькі рана ці позна халупа ўсё роўна рухне, не дапаможа нават новая абшыўка. Цяпер мы ўжо чуем, як хрусціць бярвенне, вецер дзьме са шчылін, а ў час дажду працякае дах. І менавіта таму ў дадзены момант празмерна клапаціцца аб тым, хто будзе новым трэнерам зборнай — гэта прыблізна тое ж, што выбіраць, якое вядро паставіць пад дзіркай у даху, каб у яго збіралася вада: алюмініевае, пластмасавае ці ўвогуле драўлянае — замест таго, каб заняцца пабудовай новай хаты. Хаця ж будоўля – справа сур’ёзная, і апроч намаганняў патрабуе таксама добрых грашовых выдаткаў, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?