Украінцы змаглі зрабіць цуд — у жорсткіх баях абараніць 98% тэрыторыі краіны і не дазволіць Расіі стварыць планаваную «Наваросію», нягледзячы на фактычную небаяздольнасць арміі і татальную карумпаванасць дзяржавы, піша вядомы расійскі ваенны гісторык Марк Салонін.

У сваім артыкуле ў часопісе Военно-промышленный курьер Салонін адзначае, што Украіна, нягледзячы на заўважныя страты ў тэхніцы і людзях, мае вельмі вялікі патэнцыял для аднаўлення і павялічэння вайсковай моцы.

Снайпер з украінскага добраахвотніцкага батальёна «Азоў». На аптычны прыцэл сабралі грошы праз інтэрнэт.

Снайпер з украінскага добраахвотніцкага батальёна «Азоў». На аптычны прыцэл сабралі грошы праз інтэрнэт.

У баях украінскія вайсковыя фарміраванні згубілі 1500—2000 чалавек забітымі і згубленымі без вестак, што даволі шмат для групоўкі ў 35—40 тысяч чалавек, але не з'яўляецца нечым незвычайным. Савецкія войскі, перамагаючы японскі кантынгент пад Халхін-Голам, ці фіны ў 1940 годзе ў Карэліі мелі нават большыя страты, адзначае аўтар.

Пры гэтым да вайны ўкраінская армія існавала ў выглядзе празмерна вялікай «роты ганаровай варты», не рыхтавалася ваяваць, а сілавыя структуры краіны былі цалкам прасякнутыя людзьмі з прарасійскімі настроямі.

«Мы маем структуру, якая з нараджэння была прасякнутая непрафесіяналізмам і карупцыяй, напоўненая антыўкраінскім, прарасійскім элементам», — цытуе аўтар словы былога намесніка кіраўніка Службы бяспекі Украіны генерала Скіпальскага.

Фільм пра жанчын ў Дабраахвотніцкім Украінскім корпусе «Правы сектар», якія заклікаюць надаць арганізацыі, што вядзе баі, афіцыйны статус.

Па сутнасці абодва бакі канфлікту фармавалі свае ўзброеныя сілы «на бягу», выкарыстоўваючы прынцыпы народнага апалчэння, пры гэтым прарасейскія сілы былі больш моцныя ў самым галоўным – інфармацыі і ўзроўні кіравання.

Антыўкраінскія сілы былі створаныя, навучаныя і кіраваныя не «даведзенымі да адчаю шахцёрамі», а кадравымі афіцэрамі расейскай арміі і спецслужбаў, яны былі забяспечаныя сродкамі сувязі і выведнай інфармацыяй усіх узроўняў – ад беспілотнікаў да расейскай агентуры ва ўкраінскіх сілавых структурах, піша Салонін. Урэшце, у жніўні на фронце з'явіліся «дабраахвотнікі» з элітных частак расейскай рэгулярнай арміі, ветэраны шматлікіх канфліктаў – на Каўказе, у Югаславіі ці Сярэдняй Азіі.

Баевікі ў Данецку.

Баевікі ў Данецку.

«У такой сітуацыі варта здзіўляцца не таму, што ўкраінскія апалчэнцы пацярпелі паразу пад Ілавайскам, а хутчэй таму, што дэсантна-штурмавыя прафесіяналы не змаглі ўзяць Марыупаль, выбіць украінскія часткі з Дэбальцава і данецкага аэрапорта… Хацелі. Вельмі хацелі, але не змаглі», — лічыць гісторык.

Вясной 2014 года вядучыя расейскія палітыкі і ідэолагі «Расейскай вясны» гучна казалі пра «Наваросію», якая мусіла складацца з Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Херсонскай, Мікалаеўскай і Адэскай абласцей Украіны.

У выніку пад кантроль «наварасійцаў» патрапілі толькі 5% гэтай тэрыторыі, якія эканамічна абсалютна нежыццяздольныя.

Гэта не перамога, гэта бяда, падводзіць рысу аўтар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?