«Сьпяваць па‑беларуску можна і модна. Той, хто валодае мовай, мае будучыню, бо ўсё да гэтага ідзе», — такога меркаваньня прытрымліваецца малады беларускамоўны рэп‑выканаўца Vinsent.

Ён звычайны студэнт, які жыве ў інтэрнаце, ходзіць на пары, любіць сваю краіну, пасьля сябе хоча нешта пакінуць, каб жыцьцё не было дарма пражытым. Як рэп‑выканаўца ён існуе ўсяго паўгоду, але ўжо пасьпеў запісаць пяць даволі якасных і запамінальных песень, зрабіў свой сайт, а песьню «Наперад, Беларусь!» у інтэрнэце фанаты футболу ўжо называюць гімнам беларускай зборнай.

Спадар Vinsent, распавядзі, як узьнікла ідэя стварэньня свайго рэп‑праекту, што падштурхнула да таго, каб прысьвяціць сябе музыцы?

Музыкай захапляўся заўсёды. У апошнія гады вельмі зацікавіўся рэпам, бо падабаюцца рытмы гэтага стылю. Спачатку паспрабаваў вершы пакласьці пад рэп‑музыку, пабачыў, што ня надта, і пачаў пісаць сам, бяз фальшу. У суседзяў, напрыклад, палякаў, рух гіп‑гоп вельмі разьвіты. У нас беларускі, а тым больш беларускамоўны, рэп існуе толькі ў выкананьні адзінак. Нават калі слухаюць «Нестандартны варыянт», многія і ў нас і, тым больш, за мяжой ня ведаюць, што гэта — беларусы. Трэба зьмяняць сытуацыю. Беларуская мова для творчасьці пасуе, у расейскім рэпе ўсё прыдумана, у нас яшчэ амаль нічога няма. Паважаю Сярогу, ён не выракаецца таго, што беларус, хоць расейцы яго лічаць за свайго.

А чаму ты для сваёй творчасьці абраў менавіта рэп‑стылістыку?

У песьнях рэп‑выканаўцаў шмат сэнсу, ды і многія рэпэры — лепшыя тэкставікі. Вельмі падабаецца беларускі рэп. Але я слухаю розную музыку, слухаю шмат клясыкі, люблю Баха. Мне прасьцей пісаць рэп‑тэксты. Я на інструмэнтах ня граю, а рэп можна рабіць бязь іх, з дапамогай кампутара і адмысловых праграм. Раней і тэксты і музыку рабіў сам, цяпер жа музыку мне піша хлопец з Канады DJ Caldyrx, ён беларускага паходжаньня, удзельнік «Згуртаваньня беларусаў Амэрыкі». Я яму дасылаю запісаны тэкст, ён на яго піша музыку, ці наадварот — ён музыку, а я ўжо раблю тэкст.

Рэп — музыка чорных, але гэта таксама музыка супраціву і нязгоды. Увагу да якіх праблем ты хочаш падняць сваёй творчасьцю? Пра што ты сьпяваеш, што хочаш данесьці слухачам?

Я не спыняюся на адной пэўнай тэме. Але магу адрозьніць лірыку і грамадзянскую тэматыку. У нас шмат палітызаванай музыкі, але гэта вычарпалася. Я лічу, што музыка павінен займацца творчасьцю, а не палітыкай. А вось беларускую рэп‑лірыку мала хто рабіў.

Рэп на беларускай мове — гэта спроба вылучыцца сярод іншых, мода ці сьвядомы выбар?

Зразумела, сьвядомы выбар. Мне прасьцей пісаць па‑беларуску, што я ні раблю, на мове выходзіць лепш, бо я яе люблю і добра ёю валодаю. Той, хто валодае мовай, — чалавек будучыні, да гэтага ўсё ідзе. Але рэп на беларускай мове — гэта таксама і спроба вылучыцца ды вялікае поле дзейнасьці.

Паслухаў твае песьні. Можна зазначыць, што для дэбюту нядрэнна і даволі якасна. Якім чынам адбываўся запіс і дзе?

Гук запісваў на адной зь менскіх студый. Для мяне было важна, каб зь першых запісаў паказаць высокі, якасны ўзровень. Таму запісвалі і зводзілі прафэсіяналы, я задаволены іх працай. Гэта лепш за нейкія хатнія спробы запісу на мікрафон ці падвальны варыянт. Якасны запіс заўжды лепш успрымаецца.

Калі я сам нешта не магу зрабіць, то запрашаю сяброў ці прафэсіяналаў. Так было і зь песьняй «Менск‑Парыж». Запрасіў адну знаёмую дзяўчынку, яна прыгожа прасьпявала па‑француску, а я прачытаў свой тэкст. У яе цудоўны вакал, таму і сам працэс запісу быў вельмі прыемным, і песьня выйшла прыгожай, лірычнай, пра каханьне.

Як часта за паўгода творчастці табе даводзілася выступаць перад вялікай аўдыторыяй?

Першым быў выступ у траўні гэтага году на «Дзень беларускай мовы», які праходзіў на журфаку БДУ. Перад вельмі вялікай аўдыторыяй яшчэ не выступаў, але было некалькі гіп‑гоп вечарынаў, куды мяне запрашалі чытаць. Ды наагул я не хацеў асабліва лезьці на сцэну, пакуль мяне ніхто ня ведаў. Цяпер ёсьць сайт, запісаныя трэкі, ідзе пэўная прамоцыя, ды і сам я шмат чаму навучыўся, цяпер можна пачынаць больш актыўную канцэртную дзейнасьць.

Як рэагуюць на твае беларускія тэксты?

Гледзячы дзе. На сьвяце мовы адчувальна падтрымлівалі і ўспрымалі як належыць. Для звычайнай рэп‑моладзі мае тэксты спачатку падаваліся дзіўнымі, потым іх пачыналі слухаць, яны падабаліся, многія казалі «дзякуй». Потым пыталіся: «Ты ў жыцьці таксама размаўляеш па‑беларуску?» Для людзей гэта крыху дзіўна. Гэта добрая «фішка». Народ трэба зьдзіўляць, каб было цікава.

Дзе можна пачуць твае запісы?

Некалькі тыдняў таму адбылася прэзэнтацыя сайту Vinsent.org. Цяпер я хачу, каб як мага больш людзей даведаліся пра маю творчасьць, таму мае першыя пяць трэкаў можна спампаваць бясплатна. Калі набярэцца дастаткова матэрыялу, панясу на лэйбл.

Пачынаючы свой шлях, як рэп‑выканаўца, якую ты ставіш перад сабою мэту? Чаго хочаш дасягнуць?

У гіп‑гопе прынята, што кожны рэп‑выканаўца лічыць сябе найлепшым, № 1. Таму і мне хочацца быць найлепшым. Так, можа я гэтага і не дасягну, але чым вышэй ставіш плянку, тым вышэй скокнеш. Хочацца, каб мяне чулі, каб атрымлівалі асалоду.

Я ня ведаю, што будзе далей. Калі мне не надакучыць рэп і гэта будзе трэба людзям — буду рабіць. Я малады, але сьвядомы і ведаю, што мне трэба ў жыцьці. Чалавек павінен пасьля сябе нешта пакінуць, я нешта пакіну і ў рэпе.

«Наперад, Беларусь!» — песьня, прысьвечаная беларускаму футболу. Ты на самай справе верыш, што прыйдуць залатыя часы і для нашай зборнай?

Надзея памірае апошняй. Тут справа вось у чым: нашыя гуляюць дрэнна, але апошнія матчы з Галяндыяй і Альбаніяй паказалі, што патэнцыял ёсьць. У нас дрэнна разьвітая сама сфэра футболу. У ЗША, Заходняй Эўропе спорт — гэта шоў, усё для людзей. А ў нас на сьпінах футбалістаў нават прозьвішчы ня могуць напісаць. Няма заўзятарскай культуры.

Я сам фанат і песьняй «Наперад, Беларусь!» хацеў выказаць падтрымку камандзе. Раней такога ў нас не было. Таму і песьня выйшла «ўра‑патрыятычная», бо якімі б мы ні былі, трэба падтрымліваць сваіх. Мая песьня падтрымлівае заўзятарскі патрыятызм, можа, таму ў інтэрнэце яе ўжо называюць гімнам беларускай зборнай. Бо як я ўжо казаў — раней такога не было.

Гутарыў Павал Белавус

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0